Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
24 студзеня — успамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў
Каляндар
24.01.2017 08:43

24 студзеня ўспамін свайго нябеснага апекуна адзначаюць журналісты, рэдактары і пісьменнікі. У 1923 г. папа Пій ХІ абвясціў святога Францішка Сальскага апекуном каталіцкай прэсы.

Святы Францішак Сальскі жыў у 1567–1622 гг., быў біскупам Жэневы. Аўтар вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, якія сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць.

Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле ў Анэсі. Святы Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці.

У 1662 годзе папа Аляксандр VІІ беатыфікаваў Францішка, а 19 красавіка 1665 г. гэты ж Пантыфік здзейсніў яго кананізацыю. У 1877 г. Пій ІХ абвясціў Францішка Сальскага першым у Францыі доктарам Касцёла. А папа Пій ХІ — апекуном пісьменнікаў, рэдактараў, журналістаў і каталіцкай прэсы.

Пазней італьянскі святар Ян Боско, заснавальнік салезіянскага таварыства, абраў гэтага святога апекуном і ўзорам жыцця для салезіянаў.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.