14 снежня ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску праходзіў сімпозіум пад назвай “Не пакіну цябе ажно да смерці”, прысвечаны сужэнству і сям’і і арганізаваны Радай па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Hа сімпозіуме выступіў старшыня Рады па справах сям’і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Іерарх адзначыў, што Касцёл звяртае ўвагу пры розных нагодах на такую групу асоб, як мігранты, якія патрабуюць спецыяльнага душпастырства. Па словах біскупа, міграцыя “не толькі адмоўна ўздзейнічае на асобу, але ёсць шмат і станоўчых характарыстык, якімі пры міграцыі ўзбагачаецца і сям’я, і супольнасць дадзенай мясцовасці”: напрыклад, у некаторых месцах на ўсходзе Беларусі “дынамізм парафіяльным супольнасцям задалі асобы, якія па розных прычынах прыбылі сюды з захаду краіны”.
З пазітыўных пунктаў міграцыі старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ назваў тое, што “дзякуючы заробкам падчас міграцыі многія сем’і змаглі набыць кватэру, збудаваць дом”; “многія асобы старэйшага пакалення такім чынам дапамаглі ўнукам, родным і блізкім у арганізацыі побыту адпаведна сучасным стандартам” – “як падчас Старога Запавету дзеці патрыярха Якуба атрымалі падтрымку ад Юзафа - іх брата - які аказаўся на чужыне, але выратаваў радню падчас неспрыяльных галодных гадоў у Абяцанай зямлі”.
Біскуп нагадаў, што вынікам міграцыі бывае часта разрыў пакаленняў, і “выязджаючыя, асабліва на далёкія адлегласці, павінны разумець тое, што кантакт з раднёй і блізкімі будзе аслаблены альбо зусім прападзе”. “Наша краіна паволі ўваходзіць у міграцыйныя працэсы і адносіны, прыклад якіх мы маем у досведзе суседзяў і іншых еўрапейских краін, - дадаў іерарх. - Бачым, што перамяшчэнні нават былі на пэўных тэрыторыях карыснымі для сям’і, для грамадства, для народа і для Касцёла”.
Старшыня Рады па справах сям’і адзначыў, што многія мігранты “захоўваюць звычаі, вынесеныя з дому, у тым ліку рэлігійныя”, і такім чынам “узбагачаюць рэлігійную супольнасць партыкулярнага Касцёла той зямлі, дзе прыйшлося ім пачынаць новае жыццё”. (AG)
|