Біскуп Юрый Касабуцкі ўдзельнічае ў пасяджэнні Хрысціянскага міжканфесійнага кансультацыйнага камітэта |
Іерархі
|
26.02.2014 13:51 |
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі прадстаўляе Каталіцкі Касцёл у Беларусі на Пленарным пасяджэнні Хрысціянскага міжканфесійнага кансультацыйнага камітэта на тэму “Крызіс сям’і і праблема сіроцтва”. Пасяджэнне пройдзе 26 лютага ў Прэзідэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.
На пленуме будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні сучаснага грамадства, звязаныя з праблемай сіроцтва, крызісу сямейных каштоўнасцяў і становішчам дзяцей-інвалідаў у сферы сацыяльных адносін. Беларускую Праваслаўную Царкву на форуме прадставіць епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, беларускі Саюз евангельскіх хрысціян баптыстаў – прэсвіцер Віктар Куцько, Лютэранскую Царкву – пастар супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі зробіць даклад на тэму працы з сіротамі. “Мы ведаем, што ўсынаўленне або стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу - гэта справа нялёгкая. Нягледзячы на добрую падтрымку нашай дзяржавы, гэтая ініцыятыва не ахоплівае вялікай колькасці дзяцей, толькі невялікі іх працэнт. У сваім дакладзе я хацеў бы звярнуць увагу на адзін з такіх праектаў, які рэалізоўваецца ў Беларусі: гэта стварэнне так званых SOS-дзіцячых вёсак. У адной з іх у Гомелі працуюць нашы манахіні бэнэдыктынкі. І гэты праект варты ўвагі”, - распавёў біскуп Ватыканскаму радыё.
У пленуме прымуць удзел таксама старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, Апостальскі Нунцый у Расіі арцыбіскуп Іван Юркавіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі арцыбіскуп Паоло Пеццы.
Хрысціянскі міжканфесійны кансультацыйны камітэт быў створаны ў 1996 г. у адпаведнасці з рашэннем Міжнароднай міжканфесійнай канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску ў тым жа годзе. У яго рамках ажыццяўляецца пастаянны дыялог паміж хрысціянскімі канфесіямі Расіі і Беларусі. Падобныя сустрэчы даюць магчымасць выказаць агульнае меркаванне па розных надзённых пытаннях і падзяліцца ініцыятывамі, якія садзейнічаюць распаўсюджанню хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў. (AG)
|