Да духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі “Адкіньце ад сябе ўсе грахі... і стварыце ў сабе новае сэрца і новы дух” (Эзх 18, 31)
Умілаваныя браты і сёстры ў Езусе Хрысце,
Папяльцовай серадой Каталіцкі Касцёл распачынае новы перыяд літургічнага года – Вялікі пост. Гэта час падрыхтоўкі да найвялікшай урачыстасці літургічнага года – Уваскрасення нашага Пана. Рыхтуемся да гэтай урачыстасці цягам усяго перыяду праз пост, малітву і міласціну. Так навучае нас Касцёл і такая традыцыя існуе ў нас на працягу многіх стагоддзяў.
Сёлетні Вялікі пост асаблівы ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. ККББ абвясціла яго Годам малітвы. Гэты літургічны перыяд багаты на разнастайныя велікапосныя набажэнствы. Гэта Крыжовы шлях, Песні жальбы, велікапосныя рэкалекцыі. Ужо цяпер я хачу звярнуцца са словамі ўдзячнасці ўсім - душпастырам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам - за руплівую падрыхтоўку, арганізацыю і ўдзел у гэтых набажэнствах. Асабліва хачу падзякаваць выхаваўцам, бацькам і тым асобам, хто ўводзіць дзяцей і моладзь у перажыванне велікапосных набажэнстваў. Разважаючы над крыжовымі цярпеннямі Хрыста за род чалавечы, хрысціяне глыбей пазнаюць і цэняць Ахвяру нашага Збаўцы на Галгофе ў Вялікую пятніцу, якую Ён склаў Богу Айцу за грахі ўсяго свету.
Кожны з нас распачынае Вялікі пост з нейкай асаблівай інтэнцыяй і пастановай. Мы маем разнастайныя інтэнцыі малітваў. Але, услухоўваючыся ў словы Святога Айца Францішка, якія ён выказаў падчас малітвы “Анёл Панскі” ў нядзелю перад Папяльцом, мы жадаем асабліва маліцца за народ нашай суседняй дзяржавы – Украіны, просячы Бога аб міры і супакоі для ўсіх яе жыхароў.
У гэты перыяд падрыхтоўкі да Пасхі важнай духоўнай практыкай з’яўляецца пост - якаснае і колькаснае ўстрыманне ад некаторых страў і напояў. У працэсе асаблівага духоўнага ачышчэння, якім з’яўляецца пост, важную ролю мае таксама і цялеснае ачышчэнне, якое адбываецца праз захоўванне поснай дысцыпліны. Прыкладам у гэтых практыках для нас з’яўляюцца многія вернікі, якія нават у наш час, калі Касцёл па прычыне інтэнсіўнасці жыцця сучаснага чалавека аслабіў патрабаванні адносна посных практык, прымаюць на сябе суровыя посныя практыкі, кіруючыся выключна рэлігійнай матывацыяй.
У час Вялікага посту я асаблівым чынам хачу звярнуць увагу вернікаў на адносіны да алкагольных напояў. Некаторыя асобы ў нашым грамадстве пакутуюць ад алкагалізму. Таму ў час посту дабравольная адмова ад алкаголю для веруючых людзей з’яўляецца добрай магчымасцю духоўнай працы над сваёй воляй, каб перамагчы пэўныя схільнасці, якія з-за недастатковай пільнасці і слабасці волі могуць прыносіць духоўную і фізічную шкоду асобе. Добрым прыкладам для верніка ва ўмовах нашага побыту можа быць поўнае ўстрыманне ад ужывання алкагольных напояў на працягу ўсяго Вялікага посту. Да гэтага я заклікаю асабліва тых, у каго ёсць да гэтага сур’ёзныя прычыны, каму родныя ці блізкія раяць звярнуць на гэта асаблівую ўвагу.
Вялікі пост - гэта час, калі мы як хрысціяне павінны звярнуць асаблівую ўвагу на справы міласэрнасці. Мы абавязаны, матывуючыся хрысціянскай міласэрнасцю, дапамагаць патрабуючым, хворым, састарэлым, сіротам, вязням і іншым катэгорыям людзей, якія трапілі ў бяду і чакаюць ад нас дапамогі. Больш сціплыя выдаткі на харчаванне і адзенне, адсутнасць выдаткаў на забаўляльныя мерапрыемствы, у якіх у Вялікі пост нельга ўдзельнічаць, могуць дапамагчы знайсці сродкі для патрабуючых.
Вялікі пост – гэта час разважання над Мукамі Пана. Многія святыя адзначаліся асаблівым набажэнствам да пакутуючага Хрыста. Сярод іх асаблівай увагі заслугоўвае святы Францішак Асізскі, духоўныя сыны якога многія стагоддзі былі прысутныя на нашых землях, у Пінску збудавалі касцёл, які цяпер з’яўляецца катэдральнай базылікай нашай дыяцэзіі.
Прыкладам устрыманасці і посту можа быць для нас Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі – першы Пінскі біскуп. Як сведчаць відавочцы, якія з ім жылі і працавалі, ён адзначаўся аскетызмам, задавольваючыся нямногім для сябе і несучы духоўную і матэрыяльную дапамогу іншым, служачы ў Пецярбургу, Мінску ці Пінску. Ён усюды, разважаючы над Ахвярай Хрыста дзеля збаўлення чалавецтва, знаходзіў магчымасць ахвярна служыць бліжнім у патрэбе як у мірны час, так і падчас Першай сусветнай вайны, пазней - рэвалюцыі і ў цяжкія пасляваенныя гады.
Год кардынала Свёнтка, які сёлета мы перажываем, з’яўляецца таксама добрай нагодай прыняць адпаведныя пастановы для ўстрымання на час Вялікага посту. Наш кардынал, сведка веры, 10 год жыцця правёў у Варкуце ў ГУЛАГУ ў экстрэмальных умовах. Загартаваны цярпеннямі і ўмацаваны Божай ласкай, ён здолеў вынесці ўсе цяжкасці, змог працягнуць сваё служэнне як пробашч на Палессі, адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Мітрапаліт і першы кардынал нашай краіны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў нам бясцэнны прыклад вернасці Богу і Касцёлу, прыклад аскетызму і сціпласці дзеля ўзвышэння хвалы Божай і пашырэння Божага Валадарства ў сэрцах людзей.
Ад шчырага сэрца жадаю ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі і людзям добрай волі, каб падчас Вялікага посту яшчэ больш наблізіліся да Бога і аднавілі Яго вобраз у сваіх душах. Няхай Маці Божая, якая 100 гадоў таму ў Фаціме заклікала ўсіх да навяртання, дапаможа нам вызваліцца ў гэты святы перыяд пакаяння ад усяго, што нас аддзяляе ад Бога, і адкрыцца на дзеянне Хрыстовай ласкі.
На час Вялікага посту ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю + у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі
Пінск, 1 сакавіка 2014 г.
Шаноўныя душпастыры няхай абвесцяць гэты ліст вернікам падчас св. Імшаў у Папяльцовую сераду або ў Першую нядзелю Вялікага посту замест гаміліі, або як камунікат на заканчэнне св. Імшы, або выкарыстаюць яго змест падчас гаміліі. Тэкст гэтага паслання належыць змясціць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на час Вялікага посту.
|