Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
У Папяльцовую сераду ў Касцёле распачаўся літургічны перыяд Вялікага посту. Як адна сям’я Божых дзяцей, мы вырушылі ў саракадзённую дарогу ўнутранага перамянення, навяртання і пакуты, каб сустрэцца з Уваскрослым Хрыстом у радасці Велікоднай раніцы.
Ужо цяпер, на пачатку нашай велікапоснай пілігрымкі, давайце запытаем сябе: што трэба зрабіць, каб час ласкі, які чакае нас наперадзе, пакінуў моцны след у нашых сэрцах і выдаў як мага больш багаты плён у нашым асабістым, сямейным і грамадскім жыцці.
Літургічны абрад пасыпання галоў попелам у Папяльцовую сераду і формула: “Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся”, якая спадарожнічае яму, выразна спасылаюцца на словы Кнігі Быцця: “Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай” (Быц 2, 7). У гэтай біблійнай сцэне мы можам убачыць глыбокую праўду пра чалавека. Як стварэнне, ён – “пыл”, частка гэтага свету, таму чалавечае жыццё адзначана слабасцю, недасканаласцю і тленнасцю. Але адначасова з гэтым чалавек ажыўлены Божым подыхам і адораны Божай любоўю, ён носіць у сабе вобраз і падабенства Стварыцеля.
У сённяшнім першым чытанні мы чуем драматычнае апавяданне аб упадку чалавека, які не можа супрацьстаяць спакусе “быць як Бог” (параўн. Быц 3, 5). Замест таго, каб даверыцца Богу і прыняць Яго любоў, Адам і Ева пачынаюць шукаць шчасця самастойна, хочуць самі вырашаць, што добра, а што дрэнна, і такім чынам яны пазнаюць, якой падманлівай можа быць свабода, калі яе не перажываць у гармоніі з Богам.
Калі Езус Хрыстус на пачатку сваёй публічнай дзейнасці знаходзіцца ў пустыні, Ён перажывае, па сутнасці, тыя самыя спакусы, што і першыя людзі: д’ябал стараецца схіліць Яго злоўжыць годнасцю і ўладай Божага Сына, а значыць дзейнічаць самастойна, кіруючыся логікай лёгкасці, улады, поспеху і атрымання прызнання любой цаной. Езус, як “новы Адам”, выходзіць з гэтага выпрабавання пераможцам, бо адкідвае простыя і на першы погляд лёгкія рашэнні, якія Яму прапануе праціўнік, а выбірае цярністую дарогу сыноўскай вернасці, абсалютнай адданасці і паслухмянасці волі Нябеснага Айца.
Давайце бліжэй прыгледзімся да спакус Езуса і паспрабуем знайсці ў Яго адказах указанні для нашага жыцця.
У першай спакусе д’ябал прапануе Езусу выкарыстаць сваю цудатворную моц, каб ператварыць камень у хлеб. Мы паддаёмся падобнай спакусе, калі не шукаем перш за ўсё Валадарства Божага і справядлівасці Яго (параўн. Мц 6, 33), а ставім на першае месца нашы клопаты аб матэрыяльных рэчах, аб дабрабыце і бяспецы. Калі Езус адказвае д’яблу: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4), Ён перасцерагае нас ад небяспекі матэрыялістычнай ментальнасці, ад ілюзіі, што матэрыяльны дабрабыт, улада, прыемнасць ці якіясьці іншыя даброты гэтага свету змогуць ашчаслівіць чалавека, задаволіць у ім голад Бога. Адказ Езуса – гэта запрашэнне, каб мы ўважліва слухалі Божае слова і менавіта ў ім шукалі падказкі да вырашэння нашых праблем і цярпенняў.
Калі ў другой спакусе д’ябал прапануе Езусу кінуцца ўніз з крыла святыні, ён хоча схіліць Яго выкарыстаць Божую ўсемагутнасць, каб дасягнуць поспеху, здабыць прызнанне, каб з лёгкасцю пераканаць усіх у сваім прызначэнні. Гэта спакуса нецярплівасці, якой падлягаюць усе, хто шукае неадкладных, уражваючых поспехаў, хто хацеў бы змяніць свет за нізкую цану, без намаганняў, пакут і самаахвярнасці. Нас – тых, хто хоча, каб кожная праца неадкладна прыносіла жаданы плён, каб нашы намаганні і ахвяры прынеслі плады як мага хутчэй і былі як мага больш шчодра ўзнагароджаны, забываючыся, што ўсё добрае, перш чым прынесці плён, патрабуе цярплівага і даверлівага чакання, – Пан Езус перасцерагае: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго” (Мц 4, 7).
Трэцяя спакуса – пакланіцца д’яблу ўзамен на ўсе валадарствы свету – найбольш вытанчаная. Гэта спакуса ўлады як самай вялікай каштоўнасці ў жыцці, спакуса быць вялікім за любую цану, спакуса пыхі і самадастатковасці. Цытуючы словы Пісання: “Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы” (Мц 4, 10), Езус рашуча адкідвае любы кампраміс з д’яблам і вучыць нас, што толькі служачы Пану Богу і аказваючы Яму сыноўскую паслухмянасць, чалавек дасягае сапраўднай велічы і свабоды.
Дарагія браты і сёстры!
Сорак дзён, праведзеныя Езусам у пустыні, і Яго пераможная барацьба супраць спакус д’ябла схіляюць нас зноў усвядоміць уласную слабасць, прыгадаць, што хрысціянскае жыццё – гэта няспынная барацьба са злом, якое знішчае нас, спрабуючы аддаліць ад Хрыста. Прыклад Езуса вучыць нас, што ў гэтай барацьбе перамагаюць праз веру, якая з’яўляецца поўным адданнем сябе Богу ў сыноўскім даверы Яго выратавальнай любові.
Час Вялікага посту – гэта чарговы шанс, дадзены нам Богам, каб зноў адчуць Яго любоў і блізкасць. Сустрэча з Езусам можа перамяніць наша жыццё, надаць яму сэнс, напоўніць яго шчасцем і радасцю. Каб гэтыя змены маглі адбыцца ў нашых сэрцах, патрэбен толькі наш дазвол, бо Пан Бог заўсёды шануе волю чалавека.
Дарагія дыяцэзіяне!
У 2017 годзе ўвесь Паўсюдны Касцёл будзе адзначаць сотую гадавіну фацімскіх аб’яўленняў. У межах падрыхтоўкі да юбілею Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пастанавіла абвясціць бягучы год Годам малітвы. Таму я заахвочваю кожнага з вас выкарыстаць перыяд Вялікага посту як нагоду для паглыблення і ўзбагачэння малітвы: асабістай, у супольнасцях і асабліва сумеснай малітвы ў сям’і.
Мы добра ведаем словы Хрыста: “Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18, 19–20). Мы ўсе бачым, якія складаныя праблемы акружаюць сучаснага чалавека, як іх шмат і як часта яны з’яўляюцца крыніцай цярпенняў і неспакою ў нашых сем’ях, парафіяльных супольнасцях і ва ўсім грамадстве. Як хрысціяне, мы не можам застацца да гэтага абыякавымі. Няхай нашым адказам будзе малітва, якой мы агорнем асабліва тых, каму найбольш неабходны ласка навяртання, перамога над злом і адшуканне зваротнай дарогі да Бога.
Трэба памятаць, што малітва, якая перажываецца з Богам, унутрана ўзбагачае чалавека, дазваляе па-асабліваму перажыць блізкасць Бога і адчуць Яго бацькоўскую любоў, аб’яўленую ў Езусе Хрысце.
Вялікі пост прыгадвае нам праўду аб тым, што любоў Хрыста найбольш поўна аб’явілася ў таямніцы Яго Смерці і Уваскрасення. Яна нанова адбываецца падчас кожнай святой Імшы, таму мы стараемся прымаць удзел у эўхарыстычнай Ахвяры з верай і захапленнем. Няхай сёлетні Вялікі пост яшчэ больш наблізіць нас да Хрыста, прысутнага ў сакрамэнце Эўхарыстыі.
Прыгожыя ў сваёй красамоўнасці і асвечаныя традыцыяй набажэнствы Крыжовага шляху і Песень жальбы праз разважанне Мукі Пана дапамагаюць нам увесь час нанова адкрываць любоў Хрыста ў таямніцы Крыжа, як крыніцу нашага збаўлення. Няхай наш удзел у гэтых велікапосных набажэнствах будзе выражэннем веры і ўдзячнасці за справу Збаўлення.
Перыяд Вялікага посту – гэта час пакаяння і навяртання. Бог Айцец, поўны міласэрнасці, хоча ўдзяліць нам сваё прабачэнне, аздаравіць нас унутрана і адрадзіць нас да паўнаты жыцця. Давайце пастараемся ў гэты асаблівы час ласкі прыняць удзел у рэкалекцыях і прыступіць да сакрамэнту паяднання, давайце будзем мець адвагу пакончыць з грахом, і тады мы адчуем радасць вяртання ў дом Айца.
Жадаю вам, дарагія дыяцэзіяне, глыбокага і плённага перажыцця сёлетняга Вялікага посту, даручаю вас апецы і заступніцтву Марыі, Маці Міласэрнасці, і ўсім ад усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю
Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі
Гродна, 26 лютага 2014 г.
Прашу шаноўных пробашчаў і адміністратраў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць гэты ліст 9 сакавіка 2014 г. ва ўсіх касцёлах і капліцах замест гаміліі падчас кожнай св. Імшы.
|