Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч: становішча сям’і ў Беларусі і ва ўсёй Еўропе — аналагічнае |
Іерархі |
07.03.2014 15:43 |
«Становішча сям'і ў Беларусі і ва ўсёй Еўропе — аналагічнае», — сказаў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які прымае ўдзел у двухдзённай канферэнцыі біскупаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на тэму сям'і ў Варшаве. Таксама была звернута ўвага на тое, што маладыя беларусы ўсе больш і больш пераймаюць заходнюю мадэль жыцця — «спажывальніцкую». «Усе больш маладых пар жыве без шлюбу, каб паспрабаваць. Гаворка не ідзе нават пра касцёльны шлюб, бо яны нават не рэгіструюць яго. Усё гэта залежыць таксама ад традыцыйнай мадэлі сям'і, прыкладу, які перадаецца ад бацькоў і ад бабуль і дзядуль. Менавіта дзякуючы ім ёсць такія маладыя сужанскія пары, якія просяць благаслаўлення ў Касцёле», — адзначыў біскуп Гродзенскі. Яшчэ адной распаўсюджанай з'явай з'яўляецца эміграцыя маладых людзей у буйныя гарады, а таксама за мяжу. «Як толькі надараецца магчымасць, то маладыя людзі з'язджаюць нават з Гродна ў сталічны Мінск. Такім чынам, рэзка змяняецца сацыяльная структура Беларусі. У многіх вясковых парафіях за год адбываецца некалькі дзясяткаў пахаванняў і ўсяго некалькі хростаў. Выміраюць цэлыя вёскі. У некаторых мясцовасцях пры падтрымцы дзяржавы ствараюцца дамы для апекі над пажылымі людзьмі», — паведамляе біскуп. Адной з самых вялікіх праблем у Беларусі з'яўляюцца разводы. Паводле статыстыкі 50% сужанскіх саюзаў на працягу года распадаюцца. «Каталіцкі Касцёл у Беларусі, як толькі гэта магчыма, стараецца падтрымліваць сям'ю. Кожны год мы, біскупы, складаем пастырскія лісты, арганізуем, дзе толькі магчыма, пры парафіях сямейныя кансультацыі, праводзім заняткі па падрыхтоўцы да шлюбу, асабліва ў гарадах. У нас іх не так шмат, але мы стараемся гэта развіваць», — сказаў іерарх. Касцёл на Беларусі шмат робіць для папулярызацыі жыцця ў краіне, дзе аборт з’яўляецца пашыранай з’явай. Аб тым, каб у кожным дэканаце была б хоць адна асоба адказная за прапаганду абароны жыцця, клапоціцца сястра Барбара Сайнок, кансультант па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў. Адказным за сустрэчу, арганізаваную Радай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы (ККБЕ), з’яўляецца старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы і віцэ-старшыня ККБЕ арцыбіскуп Юзэф Міхалік. У першы дзень кардыналы і старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дыскутавалі на тэму душпастырства сем’яў пасля 22 год падзення камуністычнага рэжыму. Тэма другога дня: месца Касцёла сярод цэнтральна-еўрапейскай грамадскасці, а таксама духавенства і парафія як евангелізацыйная супольнасць у служэнні сям’і. Сустрэча таксама датычыцца тэматыкі кастрычніцкага Сіноду Біскупаў па справах сям’і, тэмай якога была: «Душпастырскія праблемы, звязаныя з сям’ёй, у кантэксце евангелізацыі».
Паводле kai.pl, (AYU) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.