13 сакавіка 2014 г. – першая гадавіна абрання Папы Францішка на Святы Пасад. Пра Пантыфікат і асобу Папы распавёў catholic.by Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
"Не толькі Каталіцкі Касцёл, але і ўвесь свет успамінае першую гадавіну выбару аргенцінскага кардынала Хорхе Марыё Берголіо, які абраў сабе імя Францішак, Наступнікам святога Пятра. Выбар імені звычайна нагадвае пра галоўны напрамак дзейнасці Пантыфіка. І сапраўды, Папа Францішак па прыкладу Асізскага бедняка ў галаву вугла свайго служэння паставіў дабрачыннасць і сацыяльную справядлівасць. Ён шмат увагі прысвячае абароне маральных каштоўнасцяў і праблеме сям’і, якая знаходзіцца ў вялікім крызісе, а таксама захаванню міру ў свеце.
Год служэння новага Пантыфіка паказаў яго як чалавека вельмі простага і адкрытага да кожнага. Нездарма па версіі часопіса “Time” Папа Францішак стаў Чалавекам года і нездарма ён з’яўляецца кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру", - адзначае Мітрапаліт. "Вялікай увагі заслугоўваюць яго намаганні ў больш шырокім ажыццяўленні прынцыпу калегіяльнасці ў Касцёле. Верны прынцыпу “Ecclesia sempre reformanda” (“Касцёл заўсёды рэфармуецца”), ён паступова праводзіць рэформы Рымскай Курыі з мэтай яе лепшага функцыянавання ў адпаведнасці са знакамі часу.
Папа Берголіо не абышоў сваёй увагай і Беларусь. Мне давялося два разы сустрэцца з ім падчас агульных аўдыенцый. Папа ведаў, што я з Беларусі, і цікавіўся справамі Касцёла ў нашай краіне.
Пацвярджэннем клопату Папы Францішка аб Касцёле ў Беларусі і выражэннем павагі для нашай Бацькаўшчыны з’яўляецца прызначэнне трох новых біскупаў – Алега Буткевіча ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі, Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтым самым Папа ўмацаваў Касцёл і даў яму новую надзею", - дадае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. "Несумненна, Пантыфікат Папы Францішка – гэта Пантыфікат яшчэ большага адкрыцця Касцёла на справы свету і на кожнага чалавека, асабліва таго, які знаходзіцца ў патрэбе.
У асабістым кантакце Папа вельмі адкрыты і просты, дзякуючы чаму ён стаў вельмі папулярным сярод людзей. Натоўпы пілігрымаў прыходзяць на аўдыенцыі з ім, каб убачыць яго чароўную ўсмешку, адчуць непасрэднасць і любоў да кожнага, а таксама паслухаць яго простыя і адначасова вельмі кранаючыя сэрца прамовы і гаміліі.
Сапраўды, Божы Провід даў Касцёлу і свету Папу, якога смела можна назваць народным. Няхай наша малітва спадарожнічае яму ў гэты нялёгкі час, каб ён мог шчасліва кіраваць Касцёлам і ўмацоўваў нашу веру", - адзначае іерарх. (AG)
|