Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся са старшынёй Мінскага аблвыканкама |
Іерархі
|
11.03.2014 14:09 |
11 сакавіка адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны шляхі развіцця сумеснага супрацоўніцтва ў галіне дабрачыннасці. “У дабрачыннасці на першае месца мы ставім чалавека, а не яго рэлігійныя погляды”, - адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Суразмоўцы пастанавілі і далей развіваць прыязныя адносіны, якія склаліся ў сумесным служэнні беларускаму грамадству.
Вядома, што Моладзевая місія “Чыстае сэрца” як адміністрацыйная адзінка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўжо цесна супрацоўнічае з Упраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама, праводзячы сумесныя дабрачынныя мерапрыемствы.
У размове таксама было абмеркавана агульнае становішча Каталіцкага Касцёла ў Мінскай вобласці: будаўніцтва новых касцёлаў, захаванне гістарычных каштоўнасцяў і інш.
Мітрапаліт падзякаваў за дапамогу, якую аказвае аблвыканкам у справе рэстаўрацыі святыняў, асабліва Будслаўскага санктуарыя і касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Іерарх запрасіў губернатара на сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе, якія пройдуць традыцыйна ў першую пятніцу і суботу ліпеня. (AG)
|