Біскуп Юзаф Станеўскі: місія Папы Францішка, сведчанне яго жыцця прамаўляе аб рэальнасці Хрыстовага вучэння |
Іерархі |
13.03.2014 10:26 |
13 сакавіка, у гадавіну абрання кардынала Хорхе Марыё Берголіо - Папы Францішка – на Святы Пасад, сваімі думкамі і ўражаннямі пра Пантыфіка падзяліўся з catholic.by дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. "13 сакавіка спаўняецца роўна год з моманту выбару аргенцінскага кардынала Берголіо на Апостальскую Сталіцу. У той дзень цяжка было прадбачыць, якім будзе пастырскае служэнне Папы, які выбраў сабе імя ў гонар святога Францішка. Аднак ужо першыя хвіліны яго Пантыфікату паказалі, што гэтае служэнне будзе прынамсі іншае, калі не сказаць мацней – “нестандартнае”. Ужо сваім такім простым і натуральным “buonasera” – “добры вечар” - ён даў зразумець усяму свету, што афіцыёз і дыпламатычны пратакол – не тыя словы, якімі можна ахарактарызаваць служэнне дадзенага Пантыфіка", - заўважае біскуп Юзаф Станеўскі. "Першыя дні паказалі, што Святы Айцец Францішак будзе прычынай “галаўнога болю” для папскай канцылярыі і службы бяспекі! Сам факт таго, што аж да сённяшняга моманту Святы Айцец не змяніў месца свайго пражывання ў доме Святой Марты (фактычна невялічкага гатэля для прыязджаючых у Ватыкан біскупаў і кардыналаў) на афіцыйныя папскія апартаменты, гаворыць пра многае. А чаго вартыя ягоныя аўдыенцыі з духавенствам ці свецкімі асобамі, якія па пратаколу павінны былі быць некалькі хвілін, а на самой справе расцягваліся на некалькі гадзін жывой і непасрэднай братэрскай размовы. Часам яго паводзіны маглі здацца нейкімі “дзіўнымі”. Згадзіцеся, што для большасці з нас афіцыйны візіт прадстаўніка ўлады асацыюецца з вялікім картэжам салідных і, як правіла, дарагіх аўтамабіляў, але толькі не з аўтобусам ці старэнькай малалітражкай! "У сённяшні дзень, успамінаючы і аналізуючы першы год Пантыфікату Папы Францішка, многія будуць зазначаць яго “феномен” папулярнасці, сціпласці, прастаты і натуральнай эмацыйнасці. Для кагосьці важнымі будуць ягоныя намінацыі на розныя прэміі прэстыжных арганізацый і медыйных выданняў. Аднак мне здаецца, што “выключнасць” і “незвычайнасць” сучаснага Апостала Пятра якраз і заключаецца ў змаганні з рознымі “выключнасцямі” і “незвычайнасцямі”. Ці для хрысціяніна жыццё паводле Евангелля павінна быць нейкай сенсацыяй і незвычайнасцю?! Ці сціпласць, беднасць і ўвага да іншага - гэта толькі вобраз альбо стыль?! (AG) |