Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці выказаў салідарнасць з армянскім насельніцтвам Сірыі |
Іерархі |
27.03.2014 15:34 |
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці выказаў заклапочанасць сітуацыяй у Кесабе (Сірыя) - горадзе з армянскім насельніцтвам каля мяжы з Турцыяй. Некалькі дзён таму мясцовасць падвергнулася нападу ўзброеных людзей з турэцкай тэрыторыі. У сувязі з небяспекай для жыцця многія жыхары Кесаба былі вымушаны пакінуць свае дамы і шукаць прытулку ў іншых сірыйскіх гарадах. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які да прызначэння ў Беларусь нёс служэнне ў Арменіі, Грузіі і Азербайджане, скіраваў спецыяльнае пасланне да Патрыярха Каталіцкай Царквы армянскага абраду Нерсеса Бедроса ХІХ. “Уяўляю, колькі пакутаў павінна была знесці гэтая моцная, квітнеючая і мужная супольнасць, якая мае вялікае гістарычнае значэнне”, - напісаў Апостальскі Нунцый, словы якога цытуе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Арцыбіскуп выказаў сваю “хрысціянскую і чалавечую блізкасць, адзінства і сардэчную салідарнасць” сірыйскім армянам і паабяцаў ім сваю малітву, каб Бог захаваў іх “ад новых пакутаў, спыніў руку агрэсараў, навярнуў іх сэрцы і суцешыў закранутых насіллем”. (AG) |