Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: Ян ХХІІІ распачаў адраджэнне Касцёла, Ян Павел ІІ стараўся данесці свету вучэнне Сабора
Іерархі
27.04.2014 13:26

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць кананізацыю двух Пантыфікаў падзеяй нештодзённай, бо “Ян Павел ІІ быў вельмі моцна звязаны з Беларуссю”, а Ян ХХІІІ паспрыяў адраджэнню і абнаўленню мясцовага Касцёла праз Другі Ватыканскі Сабор.

У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх узгадаў, што прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Яна Паўла ІІ. “Я доўгі час працаваў у Маскве, але, сустракаючыся з ім, мы заўсёды размаўлялі пра Беларусь. Ён жыў гэтай краінай. Добра ведаў Міцкевіча, геаграфію Беларусі, добра ведаў пра Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Ён адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, ён прызначыў біскупаў. І сёння з сямі беларускіх біскупаў чатыры прызначаны ім. І гэта ўжо адбывалася 20 гадоў таму. Ён добра прачытаў знакі часу і выкарыстаў знакі часу, як для Касцёла, так і для нашай краіны”, - адзначыў арцыбіскуп.

Мітрапаліт падкрэсліў, што Ян Павел ІІ першы з Пантыфікаў пачаў размаўляць па-беларуску. “Я памятаю сваё біскупскае пасвячэнне, падчас якога Папа ў гаміліі прамовіў фрагмент па-беларуску. Я да сённяшняга дня маю гэты тэкст. Ён сказаў, што перажывае радасныя хвіліны ад таго, што будзе біскуп у Беларусі пасля дзесяцігоддзяў, і жадае Касцёлу ў Беларусі і народу краіны поспехаў і Божага благаслаўлення”, - узгадаў іерарх і дадаў, што Пантыфік таксама падчас Божага Нараджэння і Вялікадня віншаваў беларускіх вернікаў на іх роднай мове.

Мітрапаліт лічыць, што Ян XXIII таксама звязаны з Беларуссю праз абнаўленне Паўсюднага Касцёла, галоўным этапам якога стаў скліканы ім Другі Ватыканскі Сабор, які быў патрэбны для паглыблення і аднаўлення веры, яе адраджэння. І Беларусь была адной з першых краін Савецкага Саюза, дзе Імшы пачалі цэлебраваць на нацыянальнай мове, адзначыў арцыбіскуп. Праз абнаўленне Паўсюднага Касцёла Ян ХХІІІ, па словах іерарха, ініцыяваў адраджэнне Касцёла ў Беларусі і “гэтым самым ён учыніў вельмі шмат і для нашай краіны”.

Хоць кананізацыя - вельмі эмацыйная падзея, яна павінна адгукнуцца ў розумах вернікаў вывучэннем спадчыны Пантыфікаў і Другога Ватыканскага Сабору, перакананы Мітрапаліт. “Эмоцыі праходзяць, а навучанне застаецца”, - адзначыў арцыпастыр і дадаў, што энцыклікі Яна Паўла ІІ павінны стаць для кожнага хрысціяніна настольнай кнігай, “каб мы маглі вучыцца ад гэтага вялікага Пантыфіка, які быў выдатным пастырам, выдатным тэолагам, выдатным прапаведнікам, творцам, палітыкам, спартсменам”.

“Для мяне вельмі важная падзея – кананізацыя двух Пантыфікаў: таго, хто распачаў Другі Ватыканскі Сабор, распачаў аднаўленне Касцёла і яго адраджэнне згодна з выклікамі нашага часу, і таго, хто стараўся ажыццявіць рашэнні Сабора і яго вучэнне, данесці яго свету”, - прызнаўся арцыбіскуп. Іерарх лічыць, што Касцёл сёння павінен адштурхоўвацца ад гэтага вучэння і ісці далей.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію