Восенню 2014 г. у Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў, прысвечаны праблемам сям’і, на якім будзе прысутнічаць і прадстаўнік епіскапату Беларусі, яго старшыня біскуп Аляксандр Кашкевіч. Актыўная падрыхтоўка да Сінода ідзе ўвесь год – мясцовым Касцёлам трэба вызначыць стан сучаснай сям’і, выклікі, з якімі яна сутыкаецца, і шляхі пераадолення праблем, у тым ліку патэнцыял Касцёла, які можа дапамагчы ў іх вырашэнні. Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі існуе Рада па справах сям’і, прадстаўнікі з кожнай дыяцэзіі сустракаюцца некалькі разоў у год.
Адна з галоўных праблем сучаснага беларускага грамадства – разводы. У працэнтных адносінах па колькасці сужэнстваў, якія распадаюцца, краіна знаходзіцца на другім месцы ў свеце. Па выніках 2013 г. кожная чацвёртая сям’я ў Беларусі падае на развод. Адна з глыбокіх прычын такой з’явы – адсутнасць малітвы ў сям’і, лічыць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, адказны па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Падчас абавязковай падрыхтоўкі да сужэнства кандыдатам – будучым мужу і жонцы – даюць магчымасць пазнаць саміх сябе, свой тэмперамент і адчуць адказнасць за іншага, якая наступіць пасля шлюбу.
“Як знайсці час і для грамадскіх абавязкаў, і для сям’і, і для дзяцей? Гэта вялікая адказнасць. А вера ў Бога і Хрыста, а таксама прыналежнасць да Касцёла, дапамагаюць у такой канцэнтрацыі – асабліва нядзеля, калі бацькі разам з дзецьмі ідуць у Касцёл. Гэта ўмацоўвае сужэнства. Бо калі ёсць канфлікты, мы можам іх вырашыць не толькі сваімі сіламі. Усе мы ходзім пад нашым Створцам, і за ўсе нашыя словы, думкі і дзеянні мы будзем адказваць перад Ім. Але і таксама ўсе нашы намаганні і спробы ўмацаваць сям’ю Бог бачыць”, - падкрэсліў іерарх.
З іншага боку, у Беларусі існуе добры прыклад сям’і, якая грунтуецца на традыцыях: гістарычна беларускія сем’і былі моцнымі і вялікімі, заўсёды падтрымлівалася добрая сувязь пакаленняў, нагадаў біскуп. Праўда, зараз з-за ўнутранай міграцыі з вёсак у гарады адносіны паміж старэйшымі і малодшымі слабеюць. Гэтае пытанне таксама паўстае на пасяджэннях Рады па справах сям’і.
Увогуле сямейнымі праблемамі ў Беларусі займаюцца як касцёльныя ўстановы, так і манаскія супольнасці, каталіцкія рухі і арганізацыі. Сямейныя пытанні абмяркоўваюць на моладзевых сустрэчах, падчас велікапосных рэкалекцый і іншых адмысловых мерапрыемстваў, паведаміў біскуп Антоні Дзям’янка.
“Мы заўсёды звяртаем увагу на тое, што грамадства і Касцёл будуць моцнымі, калі будзе моцнай сям’я, калі будзе дух ахвярнасці панаваць у сем’ях, паміж мужам і жонкай, паміж дзецьмі і старэйшым пакаленнем. Прыклад нам паказаў Езус Хрыстус сваёй альтруістычнай любоўю, бескарысным служэннем кожнаму чалавеку. І гэтая ахвярнасць пануе ў сапраўдных сем’ях”, - адзначыў іерарх у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Усе гэтыя пытанні паўстаюць не толькі перад беларускімі сем’ямі, з імі сутыкаюцца ва ўсім свеце, лічыць біскуп, таму важна будзе на Сінодзе падзяліцца думкамі і аб’яднаць намаганні ў вырашэнні праблем, большая частка якіх ляжыць у духоўнай плоскасці, каб дапамагчы кожнай сям’і быць шчаслівай і моцнай. (AG)
|