Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях 2014
Іерархі
07.05.2014 10:49

тэкст паслання на польскай мове>>>

Сказаць Богу “Так”

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагая моладзь!

1. Традыцыйна ў чацвёртую велікодную нядзелю, званую нядзеляй Добрага Пастыра, Каталіцкі Касцёл моліцца аб пакліканнях да святарства.

Мы ўдзячны ўрачу, які нас лечыць. Удзячны краўцу, які шые адзенне. Удзячны працаўнікам сацыяльнай сферы, якія не шкадуюць часу, каб дапамагчы патрабуючым. Такія і да іх падобныя людзі нас захапляюць і мы пра іх гаворым, што яны людзі з пакліканнем.

Аднак ці толькі яны яўляюцца пакліканымі? Не. Мы ўсе пакліканы, бо кожнаму з нас Бог прызначыў нейкае сваё заданне. Сярод іх асаблівае месца займае святарства, якое не з’яўляецца прафесіяй, а пакліканнем служыць Богу і людзям у справе іх збаўлення.

У сённяшнім Евангеллі Езус нагадвае пра Добрага Пастыра. Яго самога Бог паклікаў да спецыяльнай місіі, паклікаў, каб Ён быў тым Добрым Пастырам, які клапоціцца пра ўсё чалавецтва, пра добрых і злых.

Кожны з нас у сваім асяроддзі з’яўляецца пастырам - кіраўнік для падначаленых, бацькі для дзяцей, выкладчыкі для студэнтаў і г.д.

Акрамя так шырока зразуметай пастырскай функцыі, да якой кожны з нас пакліканы, Хрыстус некаторых кліча да асаблівай функцыі – да святарства. Ён іх адорвае сваёй ласкай і моцай, каб ад Яго імя навучалі, асвячалі і кіравалі Божым народам, ведучы яго да дому нябеснага Айца. Ён нікога да гэтага задання не змушае і ніхто такой годнасці сам не бярэ. У пэўны момант жыцця Хрыстус становіцца побач і звяртаецца з прапановай, каб пайсці за Ім. Гэта вялікая ласка і адначасова адказнае заданне. Пакліканне да святарства можа быць рэалізавана праз служэнне як дыяцэзіяльным святаром, так і законным.

2. Традыцыйна ў дзень малітваў аб пакліканнях Святы Айцец звяртаецца да вернікаў са сваім Пасланнем. Тэма сёлетняга Паслання Папы Францішка - “Пакліканне, сведчанне праўды”. У ім Папа падкрэслівае, што крыніцай кожнага паклікання ёсць ініцыятыва Божай ласкі (пар. ПСДзМП-14, 1), каб выйсці “з сябе”, засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Евангеллі і адмовіцца ад нязгоднага з Божай воляй мыслення і дзеяння. Мы пакліканы адараваць Хрыста ў нашых сэрцах, каб нас дасягнуў імпульс Ягонай ласкі. Мы не павінны баяцца, бо Бог апякуецца справай Яго рук. Ён не пакідае нас адных і жадае ажыццявіць сваю задуму адносна нас з дапамогай нашай згоды і пры нашым супрацоўніцтве (пар. ПСДзМП-2014, 2).

3. Што для гэтага патрэбна?

Найперш на малітве неабходна спытаць Бога, чаго Ён чакае ад нас. Ён гаворыць нам аб сваіх планах адносна нас саміх. Таму трэба прасіць Божай ласкі, каб адказаць Яму нашае “Так”. Не трэба баяцца даверыцца Яму, а Ён дасць ласку выканаць наша пакліканне, – казаў Папа Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Англію ў 2010 г. (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2010/september/documents/hf_ben-xvi_spe_20100918_veglia-card-newman_en.html).

Такім чынам, молячыся аб пакліканнях да святарства, нам неабходна шукаць не сваіх планаў, але пытацца ў Бога, якія планы Ён мае адносна нас.

4. Дзеці часта распавядаюць аб сваіх марах. Яны хочуць стаць вядомымі спартсменамі, артыстамі ці кімсьці іншым. Найчасцей мары застаюцца марамі. Але для нас, хрысціян, кожнае жыццё з’яўляецца пакліканнем. Пакліканне добра вызначае адносіны, якія Бог мае з кожным з нас. Ён кліча кожнага. Мы не з’яўляемся выпадковым і бессэнсоўным прадуктам эвалюцыі. Кожны з нас - вынік рэалізацыі Божага плану. Кожнага з нас Бог любіць і жадае. Ён таксама хоча, каб мы Яго любілі такой самай любоўю, бо любоў з’яўляецца генетычным кодам Божых дзяцей.

Нярэдка можна ўбачыць, што пасля Алімпійскіх гульняў, чэмпіянату свету ці Еўропы трэнер прайграўшай каманды абвінавачваецца ў тым, што не з тых гульцоў сфарміраваў каманду. Такім чынам, учарашні герой становіцца ненавісным у вачах заўзятараў чалавекам.

Мы, хрысціяне, павінны памятаць, што ў Богам выбранай камандзе няма памылак, бо Ён выбраў нас яшчэ перад стварэннем свету (пар. Еф 1, 4). Гэтыя словы святога апостала Паўла сцвярджаюць, што наша пакліканне адбылося задоўга да нашага нараджэння. Можа, мы не заўсёды ўсведамляем гэта, але так ёсць на самой справе.

Аднойчы біскуп падчас удзялення сакрамэнту канфірмацыі заўважыў, што адзін малады чалавек увесь час паглядваў на свае далоні. Ён пацікавіўся і быў здзіўлены тым, што гэты юнак там напісаў патрэбныя падчас дыялогу з біскупам адказы. Зрэшты, так часта чыняць студэнты падчас экзаменаў.

У справе паклікання да святарства трэба памятаць аб тым, што наш адказ Богу не напісаны намі самімі. Наша пакліканне – гэта голас любові, запісаны ў нашым быцці. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што “чалавек, будучы адзіным на зямлі стварэннем, якога Бог хацеў дзеля яго самога, не можа знайсці самога сябе інакш, як толькі праз шчыры дар самога сябе” (GS 24).

Зусім нядаўна кананізаваны святы Ян Павел II падчас нямецкай акупацыі застаўся зусім адзін у гэтым свеце. Ён не мог працягваць вучыцца і павінен быў працаваць на хімічнай фабрыцы. Аднак кожны дзень доўга маліўся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, каб пазнаць сваё пакліканне. Пазней ён казаў, што мы атрымалі Божы дар жыцця і яго павінны ахвяраваць для чагосці вельмі значнага. Стаўшы святаром, пазней ён стаў Папам, і сёння мы яго ўшаноўваем як святога.

Падчас той самай II Сусветнай вайны ў іншай частцы Еўропы – Германіі – іншы малады чалавек быў накіраваны ў войска, каб бараніць Трэці Рэйх. І ён, васемнаццацігадовы юнак, меў адвагу сказаць афіцэру СС, які заклікаў моладзь аддаць жыццё за Гітлера, што яго намер - прысвяціць сваё жыццё Касцёлу. Пазней ён стаў Папам Бэнэдыктам XVI (пар. http://www.dioceseofshrewsbury.org/about-us/st-john-vianney-homily-at-invocation-2012).

Гэтыя гісторыі пацвярджаюць факт, што наша пакліканне распачынаецца ў сэрцы. Святы Аўгустын кажа, што ў нашым сэрцы адбываецца ўнутраная барацьба, каб убачыць і пачуць голас паклікання. Ужо пятнаццаць стагоддзяў таму ён пісаў, што Бог сваім голасам прарваў яго глухату, а святлом рассеяў слепату (пар. http://nunspeak.wordpress.com/tag/st-augustine/).

5. Святы Ян Павел II заклікаў маладых людзей, каб перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам яны ўслухоўваліся ў голас клічучага Хрыста. У палаючых сэрцах вучняў з Эмаўса, якія на ламанні хлеба, гэта азначае на Эўхарыстыі, пазналі ўваскрослага Хрыста, бачна гісторыя і адкрыццё іх паклікання (пар. ПСДзМП-2000, 3). Такім чынам святы Ян Павел II пакінуў нам прыгожае апісанне паклікання – а менавіта палаючае любоўю да Хрыста сэрца.

Пакліканне да святарства рэдка можа пачуць і распазнаць у гомане штодзённага жыцця. Яго трэба шукаць у цішыні малітвы і разважання, прыкладзе святароў і кансэкраваных асобаў. Святы Айцец Францішак кажа, што пакліканне ёсць плёнам, які саспявае на добра падрыхтаванай глебе ўзаемнай любові, якая выражаецца праз служэнне адзін аднаму ў кантэксце аўтэнтычнага касцёльнага жыцця. Ніякае пакліканне не нараджаецца сабо з сябе і не жыве для сябе. Пакліканне нараджаецца з Божага сэрца і вырастае на добрай глебе вернага люду ў дасведчанні братэрскай любові (пар. пар. ПСДзМП-2014, 3).

6. Гэта нялёгкая справа і нярэдка неабходна ісці супраць цячэння, асабліва ў наш секулярны час, бо святар, падобна як Хрыстус, з’яўляецца знакам супрацьстаяння (пар. Лк 2, 34). Аднак гэтыя цяжкасці не павінны нас знеахвочваць, бо сапраўдная радасць пакліканых у даверу Богу, з якім мы можам ісці наперад, - быць вучнямі і сведкамі Божай любові, адкрыць сэрцы на вялікія ідэалы і рэчы, як кажа Папа Францішак (пар. пар. ПСДзМП-2014, 4).

Пасланне да Габрэяў гаворыць аб вялікай колькасці сведкаў, якія падбадзёрваюць нас смела ісці праз поле змаганняў, якое знаходзіцца перад намі (пар. Гбр 12, 1).

Возьмем святога Яна Віянэя. Нічога не нагадвала пра тое, што гэты інтэлектуальна слабы малады чалавек можа стаць святаром. Нічога таксама не нагадвала і пра тое, што ён, святар, які нічым не адзначаўся, стане вельмі вядомым ва ўсім свеце, нават апекуном усіх святароў. Аднак калі французскія рэвалюцыянеры аб’явілі аб будаванні новага свету без маральных каштоўнасцяў, а Напалеон заваяваў Еўропу і нават заключыў у вязніцу Рымскага Папу, то ў жыцці і служэнні Яна Віянэя быў чутны адказ самога неба. Дзякуючы яму маленькая парафія ў Арсе стала месцам цуду навяртання і прымірэння з Богам бясконцай чаргі людзей (пар. http://www.dioceseofshrewsbury.org/about-us/st-john-vianney-homily-at-invocation-2012).

7. Пакліканне да святарства – гэта не кар’ера, а служэнне іншым у тым месцы і ў той функцыі, якую выбраў нам Бог. І радасць святара вынікае з прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Калі нашы сэрцы аддадзены Яму, то гэта яшчэ не азначае, што мы не будзем мець праблем. Мы іх будзем мець, і можа нават многа, але яны будуць успрымацца намі ў іншым святле.

Хто ідзе за Хрыстом, павінен лічыцца з тым, што атрымае крыж, і, можа, нават цяжэйшы за іншыя, і з ім павінен будзе ісці аж да велікоднай раніцы. Аднак яго святарства не будзе сумным, бо з ім будзе Той, які перамог усялякі смутак і роспач.

8. Хрыстус, клічучы сваіх апосталаў, сказаў ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мц 4, 19). Кожны сучасны святар таксама з’яўляецца тым, хто шукае людзей у секулярным свеце для Бога. Як рыбак павінен быць адпаведна падрыхтаваным, каб выйсці ў мора і лавіць рыбу, так і святар павінен быць падрыхтаваны да выконвання сваёй місіі.

Гэтай мэце і служыць семінарыя. Там будучы святар атрымлівае патрэбныя веды, праходзіць чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую фармацыю, каб Хрыстус яго перамяніў.

9. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!

Дапаможам нашым прыкладам і малітвай пакліканым маладым людзям у гомане сучаснага свету пачуць голас клічучага Пана, адказаць Яму “Так” і пастукаць у дзверы семінарыі.

Святар з людзей узяты і для людзей пастаўлены, каб служыць для іх збаўлення (пар. Гбр 5, 1). Таму справа паклікання – гэта супольная справа ўсяго Касцёла. Няхай жа клопат усяго Мінска-Магілёўскага Касцёла прычыніцца да таго, каб Бог, які ў пакліканых да святарства распачаў  добрую справу, шчасліва яе давядзе да канца.

Давяраючы справу паклікання Марыі, Маці святароў, ад усяго сэрца ўсім вам благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 3 мая 2014 г.
Свята святых апосталаў Філіпа і Якуба

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS).
2. Ян Павел II. Пасланне на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях 2000 г. (ПСДзМП-2000).
3. Францішак. Пасланне на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях 2014 г. (ПСДзМП-2014).
4. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2010/september/documents/hf_ben-xvi_spe_20100918_veglia-card-newman_en.html.
5. http://www.dioceseofshrewsbury.org/about-us/st-john-vianney-homily-at-invocation-2012.
6. http://nunspeak.wordpress.com/tag/st-augustine/.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у Нядзелю Добрага Пастыра 11 мая 2014 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію