Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Кашкевіч і сакратар ККББ біскуп Антоні Дзям’янка прынялі ўдзел ва ўрачыстай Імшы з нагоды 50-годдзя святарства і 35-годдзя біскупскай сакры Мітрапаліта Беластоцкага арцыбіскупа Эдварда Азароўскага. На Імшы, якую іерарх узначаліў у архікатэдральнай базыліцы, сабралося 17 біскупаў з Польшчы і замежжа разам з Апостальскім Нунцыем у Польшчы арцыбіскупам Чэлесціно Мільёрэ.
Беларускія іерархі пажадалі арцыбіскупу Эдварду Азароўскаму добрага здароўя на доўгія гады служэння ў Беластоцкай архідыяцэзіі.
Папа Францішак даслаў віншавальны ліст з нагоды юбілеяў арцыбіскупа Астроўскага.
Гамілію да шматлікіх сабраных у святыні духоўных і свецкіх асобаў прамовіў Мітрапаліт Пшэмысльскі арцыбіскуп Юзаф Міхалік, адзначыўшы, што “святар і святарства выражае вялікую любоў Езуса, якая праліваецца на ўсіх вернікаў”, “святарства – працяг збаўчай місіі, збаўчай любові Хрыста”.
Мітрапаліт Беластоцкі, дзякуючы прысутным за ўдзел ва ўрачыстасцях, прызнаўся, што з вернікамі архідыяцэзіі, якую ўзначальвае амаль 8 гадоў, адчувае сябе звязаным, як з сям’ёй. Іерарх адзначыў, што святкаванне яго юбілеяў – адначасова і падзяка Беластоцкай архідыяцэзіі за кананізацыю Яна Паўла ІІ. Арцыбіскуп нагадаў, што “той, якога мы сёння ўшаноўваем як святога, шматразова наведваў Беласток як біскуп, кардынал, а потым і як Папа”.
Варта адзначыць, што дзякуючы арцыбіскупу Эдварду Азароўскаму ў Беластоку стаў пашырацца культ Маці Божай Міласэрнасці і Езуса Міласэрнага. (JM) Фота сайта Беластоцкай архідыяцэзіі
|