Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пра знакі Касцёла ў Беларусі на Святой Зямлі: «Я не хачу ставіць у гэтым кропку»
Іерархі
08.07.2014 16:05

Агульнабеларуская пілігрымка на Святую Зямлю, якая праходзіла ў канцы чэрвеня гг., стала для католікаў Беларусі важным крокам да ўмацавання веры і набыцця новай надзеі, лічыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 27 чэрвеня ў Назарэце была асвячана мазаіка цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

“Мы некалькі разоў збіраліся разам, усе 300 чалавек. Была бачна прысутнасць, было бачна, як гэтыя людзі моляцца, - падзяліўся арцыбіскуп, падводзячы вынікі пілігрымкі. - Калі мы прыляцелі назад у Мінск уначы, усе замучаныя, многія падыходзілі і дзякавалі, бо дакрануліся да крыніцы нашай веры. Мы пабывалі ў тых месцах, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус, дзейнічаў, дзе збавіў чалавека. Для нас гэта былі духоўныя рэкалекцыі. Розныя людзі ехалі, і былі такія, якія доўгі час жылі без касцёльнага шлюбу, падыходзілі да мяне і казалі: “Вось тут, на Святой Зямлі, мы хочам урэгуляваць свае адносіны, каб жыць з Касцёлам, каб атрымаць гэтае благаслаўленне”. Былі мы і ў Кане Галілейскай, дзе Езус учыніў першы цуд, там таксама адбылося аднаўленне шлюбных абяцанняў. Трэба было бачыць гэтых людзей, проста не апісаць іх пачуцці. Яны дзякавалі Богу і арганізатарам за такую магчымасць”.

Усталяванню і асячэнню ў базыліцы Звеставання Маці Божай у Назарэце табліцы з мазаічнай выявай абраза Маці Божай Будслаўскай папярэднічала доўгая падрыхтоўка, арганізатары сутыкнуліся з цяжкасцямі – ад узгаднення, каб размясціць табліцу ў Назарэце, да вырабу самой мазаікі па патрабаваных стандартах. Было вырашана стварыць яе на Святой Зямлі, каб не перавозіць на далёкую адлегласць і выканаць у адпаведнасці з мясцовым гарачым кліматам. Але ўсе пытанні былі вырашаны, і ў Назарэце ў год святкавання 400-годдзя прыбыцця будслаўскага абраза Маці Божай з’явілася сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі – знак веры, знак краіны, знак салідарнасці, адзначыў Мітрапаліт.

“Я думаю, што гэта павінна быць імкненне кожнага народа, - дадаў іерарх. - Як яно рэалізуецца – другое пытанне. Магчыма, дзяржаўныя ўлады робяць гэта на сваім узроўні, бо ёсць дыпламатычныя прадстаўніцтвы, выстаўкі. А мы гэта рэалізавалі на сваім узроўні, узроўні рэлігійным, узроўні Касцёла. Тысячы і тысячы людзей будуць кожны дзень праходзіць каля гэтай мазаікі, а на ёй напісана “Беларусь”, магчыма, запытаюцца: “А што гэта за краіна?” Напісана таксама “Будслаў”, - “А гэта дзе?” Гэта будзе павышаць імідж нашай краіны, імідж Каталіцкага Касцёла, а наш Касцёл будзе станавіцца больш міжнародным, салідарнасць будзе праяўляцца паміж католікамі Беларусі і католікамі іншых краін свету”, - адзначыў іерарх.

У 2011 г. на Святой Зямлі была таксама ўсталявана табліца з малітвай на беларускай мове “Ойча наш” – яна змешчана на сцяне храма “Pater Noster” у Іерусаліме, або як яго яшчэ называюць – “касцёле Нацый”. Праз тры гады ў святых для хрысціян месцах з’явіўся яшчэ адзін беларускі знак. Але ў гэтай працы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч мае намер паставіць коску, а не кропку. “Ёсць яшчэ малітва “Magnificat”, гэтыя табліцы ёсць у месцы, дзе жыла святая Альжбета і дзе Марыя прышла наведаць дом Альжбеты і Захарыі, дзе Яна праспявала свой гімн “Magnificat”. І там шмат такіх табліц. І калі мы былі ў тым месцы, вернікі пыталіся: “А ці з’явіцца тут беларуская табліца?” Я не хачу гэта рабіць ад імя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; кожны біскуп з’яўляецца біскупам сваёй дыяцэзіі, але адначасова клапоціцца аб Касцёле ў краіне і свеце. Таму гэтае пытанне ў свой час я вынесу на пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, каб такая табліца таксама там была. Ёсць таксама гімн “Benedictus” Захарыі. Так што гэтую працу яшчэ можна працягнуць, каб шмат такіх знакаў прысутнасці Касцёла ў Беларусі, беларускага народа і культуры, удзячнасці беларускага народа з’явілася на Святой Зямлі. Я не хачу ставіць кропку”, - прызнаўся Мітрапаліт.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію