13 ліпеня біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка ўзначаліў у капліцы сясцёр бэнэдыктынак у Вільні (Літва) урачыстую Імшу з нагоды 50-годдзя з часу складання законных шлюбаў сястры Раманы з гэтай супольнасці. Сястра Рамана (Генавэфа Стэфановіч) нарадзілася ў 1940 г., была
чацвёртай у сям’і з 6 дзяцей, належала да парафіі ў Канвелішках каля
Воранава.
Пробашчам і затым духоўным айцом будучай законніцы быў кс. Апалінарый Зубялевіч, які дапамог ёй адкрыць у 1960 г., у часы дзяржаўнага атэізму, пакліканне да манаскага жыцця. Сястра Рамана тайна ўступіла ў ордэн бэнэдыктынак, які знаходзіўся ў Вільні, і склала вечныя шлюбы 12 ліпеня 1964 г. Афіцыйна яна працавала ў дзіцячым шпіталі Вільнюса ў рэнтгенкабінеце.
Сёстры пражывалі па некалькі чалавек у розных дамах у Вільні. Кляштар бэнэдыктынак і касцёл св. Кацярыны 1622-1703 гадоў, які знаходзіўся пры ім і ў якім у свой час працаваў арганістам Станіслаў Манюшка, быў канфіскаваны ў сясцёр савецкай уладай у 1946 годзе. Тады сёстры былі вывезены за 30 км ад горада ў мясцовасць Чорны Бор з забаронай не вяртацца на жыхарства ў Вільню.
З часам яны вярнуліся ў горад, уладкаваліся на дзяржаўную працу і сустракаліся разам на малітву для падтрымання манаскай супольнасці. Яны пражывалі ў некалькіх дамах у горадзе па некалькі чалавек, і толькі адна сястра, Алёйза, жыла ў мурах кляштара. Месцам сустрэчы сясцёр быў мураваны дом у раёне Вільнюса Жвярынас на Гульбю, 4.
З прыйсцем перабудовы сёстры павялічылі дом, пашырылі капліцу, але кляштар і касцёл не змаглі вярнуць. Вернікі многіх парафій з розных рэгіёнаў Беларусі добра ведалі гэты дом і супольнасць, бо некаторыя сёстры паходзілі з парафій Беларусі - з Ашмян, Свіранкаў, Даўгінава, Касцяневіч, Дзераўной. Сёстры выпякалі аплаткі, камуніканты, шылі касцёльную бялізну і арнаты, былі катэхеткамі пры касцёле, але важным заданнем гэтага кантэмпляцыйнага ордэна, які наклаў адпячатак на ўсё манаскае жыццё і культуру Еўропы, была найперш супольная малітва спевам некалькі разоў на працягу сутак і забеспячэнне прыгажосці і велічы літургічным дзеям.
У Імшы прынялі ўдзел сёстры з мясцовай супольнасці бэнэдыктынак, блізкія і знаёмыя юбіляркі. Біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсліў у гаміліі важнасць сведчання аб Хрысце сучаснаму свету праз прыняцце евангельскага радыкалізму - гэта значыць жыцця паводле парадаў Хрыста для больш дасканалага духоўнага жыцця: беднасці, чысціні і паслухмянасці.
Іерарх адзначыў, што с. Рамана святкуе юбілей амаль у дзень успаміну заснавальніка ордэна - св. Бэнэдыкта. “Няхай ён выпрошвае ласкі для сваёй паслядоўніцы, каб яна магла і далей, так, як і да гэтага часу, жыць паводле наказаў святога Бэнэдыкта – апекуна Еўропы: маліся, працуй і нясі людзям надзею”, - пажадаў пінскі ардынарый законніцы.
Таксама сёстры бэнэдыктынкі прымаюць кандыдатак да манаскага служэння ў бэнэдыктынскім законе ў Вільнюсе па адрасе: 08 111, Вільнюс, вул. Гульбю, 4. Тэлефон для зацікаўленых кандыдатак: +370 52 750 623. (AG)
|