Раніцай 3 жніўня 2014 г., у XVIII Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску. Падчас Імшы іерарх дзякаваў Богу за 25 гадоў біскупскага служэння.
У гаміліі арцыпастыр разважаў над фрагментам Евангелля аб цудоўным памнажэнні хлеба, калі Езус накарміў пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі 5 тысяч чалавек, не лічачы жанчын. Мітрапаліт звярнуў увагу, што апосталы, бачачы, што народ стаміўся, прапанавалі Езусу адаслаць іх, каб яны змаглі паесці, аднак Езус дзейнічае зусім інакш: Ён кажа апосталам накарміць галодных людзей і для гэтага чыніць цуд памнажэння хлеба.
Гэты цуд, як адзначыў іерарх, быў прадказаннем устанаўлення Эўхарыстыі, як хлеба жыцця вечнага, а таксама прадказаннем устанаўлення сакрамэнту святарства, бо Эўхарыстыю можа цэлебраваць толькі святар, толькі ён можа накарміць духоўна галодных хлебам вечнага жыцця. “Хрыстус паклікаў апосталаў і далей кліча святароў і біскупаў, каб кармілі людзей духоўнай ежай”, - дадаў арцыпастыр.
Мітрапаліт узгадаў таксама, што 25 гадоў таму Хрыстус рашэннем Папы Яна Паўла II паклікаў яго, каб у якасці біскупа карміў народ духоўным хлебам Божага слова і ласкай сакрамэнтаў, а таксама каб кіраваў Касцёлам. Божы Провід, як сказаў арцыбіскуп, распарадзіўся так, што яму прыйшлося адраджаць Касцёл у Беларусі і Расіі, каб людзі маглі карміцца духоўным хлебам, аднак усё распачалося менавіта ў Адэльску, дзе сённяшні іерарх прыняў сакрамэнт хросту, першую Камунію і сакрамэнт канфірмацыі, дзе спаткаўся з цяжкасцямі ганенняў на веру і дзе, па яго словах, на сваёй скуры пазнаў, што такое адсутнасць святара і духоўнай апекі.
Мітрапаліт выказаў падзяку сваім бацькам, блізкім і ўсім жыхарам Адэльска за хрысціянскае выхаванне і прыклад мужнай веры.
Арцыпастыр прыгадаў эпізод з амерыканскай кнігі “Лячэнне падчас Імшы”, якая, між іншым, распавядае пра навуковыя вопыты Амерыканскага Цэнтра Касмічных Даследаванняў (НАСА). Спецыяльнай камерай даследавалі ўзровень энергіі ў чалавечым целе, які быў бачны на экране камп’ютара. Калі даследчыкі праводзілі эксперыменты ў шпіталі, то ўбачылі, што ў паміраючага чалавека гэтая энергія станавілася ўсё меншай і меншай, пакуль зусім не знікала ў хвіліну смерці. І аднойчы яны ўбачылі ў шпітальнай палаце іншага чалавека, з кішэні якога прабівалася моцнае святло. Потым гэты чалавек дастаў нешта з кішэні, і святло запоўніла ўвесь шпітальны пакой, а камера паказвала ўзмацненне энергіі хворага. Вучоныя кінуліся ў палату і на сваё здзіўленне ўбачылі святара са святой Камуніяй. Гэта быў такі вялікі знак для даследчыкаў, што адзін з іх, будучы ўжо ва ўзросце 50 гадоў, пайшоў у семінарыю, каб стаць святаром.
Гэтая гісторыя, па словах Мітрапаліта, паказвае, што паміраючы чалавек быў умацаваны Эўхарыстыяй, як галодныя людзі з Евангелля былі ўмацаваны дзякуючы цуду памнажэння хлеба.
Таксама іерарх звярнуў увагу прысутных на неабходнасць шукаць дапамогі ў Езуса. Сучасны чалавек, як адзначыў арцыбіскуп, жыве лепш, чым было раней, і мае практычна ўсё. Гэта становіцца новай спакусай для яго, бо ён забываецца звяртацца да Бога з дапамогай і не бачыць у дабротах, якія мае, Божы дар. Калі матэрыяльныя даброты займаюць у жыцці ўсё больш месца, у ім застаецца ўсё менш месца для Бога, каб Ён мог учыніць новы цуд у нашым жыцці, падкрэсліў Мітрапаліт. Арцыпастыр дадаў, што, жывучы так, чалавек страчвае сваю годнасць як створанага па вобразу і падабенству Божаму і становіцца духоўна слабым, яго духоўная энергія змяншаецца і ён духоўна памірае, і толькі Езус можа яе адрадзіць і ўзмацніць.
“Навуковец з НАСА зразумеў гэта і кардынальна змяніў сваё жыццё. Падобна павінны чыніць і мы, выкарыстоўваючы дадзеныя Божым Провідам магчымасці духоўнага адраджэння”, - падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. (AG)
|