Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб малітве ў інтэнцыі атрымання пляцу пад будаўніцтва касцёла ў Гродне |
Іерархі
|
01.08.2014 14:19 |
Дарагія вернікі горада Гродна!
Браты і сёстры! Вельмі прашу вас аб малітве ў інтэнцыі атрымання пляцу пад будаўніцтва новай святыні ў мікрараёне Альшанка нашага горада. Гэта новая частка горада, якая разбудоўваецца. Вернікі, якія пражываюць у гэтай частцы горада, жадаюць таксама мець уласную святыню.
У 2012 г. там была зарэгістравана парафія Святога Духа. На сённяшні дзень вернікі моляцца на вуліцы пры маленькай капліцы, пабудаванай на ўласныя сродкі на тэрыторыі, якая тады яшчэ не была забудавана. Зараз на месцы, дзе знаходзіцца капліца, у сувязі з будаўніцтвам новай дарогі вакол Гродна ідуць будаўнічыя працы. Капліца ў найбліжэйшы час павінна быць разабрана.
Вернікі мікрараёна Альшанка звярнуліся да ўладаў нашага горада з просьбай вылучыць плошчу пад будаўніцтва сваёй святыні. Ужо сабрана і перададзена ўладам патрэбная для гэтага тэхнічная дакументацыя і ўзгоднена размяшчэнне касцёла. Зараз сярод жыхароў нашага горада праводзіцца маніторынг на тэму размяшчэння і неабходнасці будаўніцтва святыні ў Альшанцы. Кожны наведвальнік інтэрнэт-партала Гродзенскага гарвыканкама можа выказаць сваё меркаванне аб патрэбе ўзвядзення касцёла ў гэтым мікрараёне. Па выніках правядзення апытання сярод грамадскасці горада будзе прынята рашэнне аб неабходнасці будаўніцтва новай святыні ў Гродне.
Дарагія браты і сёстры, католікі Гродна, маю надзею, што ў гэтым маніторынгу не будзе недахопу ў вашых станоўчых выказваннях. Вынікі апытання на тэму будаўніцтва святыні ў Альшанцы будуць абвешчаны пасля 18 жніўня гг. у будынку гарвыканкама.
Вельмі прашу вас аб малітве і ўсялякай дапамозе ў заканчэнні гэтай справы. Усіх з усяго сэрца благаслаўляю
Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі
Гродна, 1 жніўня 2014 г.
Прашу душпастыраў Гродна прачытаць паведамленне ў касцёлах нашага горада падчас парафіяльных аб’яваў у нядзелю, 3 і 10 жніўня, і прашу падаць для зацікаўленых інтэрнэт-партал гарвыканкама, дзе вернікі змогуць пакінуць сваё меркаванне: grodno.gov.by, з правага боку — “Общественное обсуждение мнения архитектурно-планировочной концепции размещения здания католического костела в жилом районе «Ольшанка» г. Гродно (бывший поселок Фабричный)”.
|