31 жніўня 2014 г. у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі адзначалася 100-годдзе нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. У межах святкаванняў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў святую Імшу. Прадстаўляем тэкст гаміліі арцыбіскупа.
f Ваша Эксцэленцыя мансіньёр Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі, Ваша Эксцэленцыя мансіньёр Мілан Лях, дапаможны біскуп Прэшаўскі, які прыехаў сюды, каб ушанаваць гэтую супольнасць, дастойны айцец архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, шаноўныя святары і законнікі, дарагія айцы марыяне, шаноўныя законніцы, дарагія браты і сёстры,
я вельмі ўзрушаны запрашэннем узначаліць гэтую Эўхарыстыю ў гэтым асаблівым месцы, ушаноўваючы памяць аднаго з нашых айцоў у веры - біскупа Чэслава Сіповіча.
Дазвольце на пачатку звярнуцца да Божага слова, якое прагучала ў сённяшняй літургіі.
Прарок Ерамія хацеў бы ўцячы ад свайго лёсу, ад паклікання абвяшчаць невыгодную і непапулярную праўду. Для яго было пакутай тое, што Бог не дазваляў яму ўцячы, таксама як і не дазваляў пракламаваць прыемныя пастулаты, каб збіраць воплескі людзей, у першую чаргу воплескі моцных гэтага свету. Але ў імя вернасці Богу прарок не мог паступіць інакш.
Таксама Апостал Павел часта скардзіцца на тое, што ён нявольнік Бога ў ланцугах, дзеля Евангелля, каб яно магло прынесці іншым свабоду! Таксама і ён пакутаваў аж да смерці, пакідаючы свой запавет: ”Не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая”.
Кожнаму з нас здараецца заняць пазіцыю Апостала Пятра, які дакараў Езуса, калі той прадказваў сваю муку. Апосталу вельмі хацелася, каб Настаўнік пашкадаваў сябе, каб не пакутаваў Той, хто ёсць абліччам міласэрнага Айца.
Хрыстус адхіляе такое спачуванне і нагадвае пра тое, што калі чалавек не бярэ крыж свой і не ідзе следам за Ім, нават цаной пакутаў, ніколі не знойдзе сэнсу свайго жыцця.
Складана прыняць такую пазіцыю, асабліва ў свеце, які імкнецца да заспакаення прагненняў, да задавальненняў мімалётных, павярхоўных і прамінаючых.
Атаясамляючы гэтыя задавальненні са шчасцем, свет губляе здольнасць адчуваць глыбіню рэчаіснасці, жывучы ў перакананні, што дастаткова атрымліваць асалоду, быць спакойным, нават калі ўсё навокал ахоплена агнём альбо калі смерць збірае багатае жніво. Нават тады не павінна ўпасці ніводная сляза, бо яна сапсуе грым на твары.
Праўда і вернасць не даюцца танна. Бог заплаціў за яе смерцю свайго Сына, вінаватага толькі ў тым, што палюбіў да канца, свабодна прапаведуючы Добрую Навіну.
Гэтыя разважанні маюць асаблівую глыбіню тут, у Друі, дзе малады Чэслаў Сіповіч правёў радасныя і захапляльныя гады. Таксама тут, у яго законнай сям’і, для яго пачаўся крыжовы шлях.
Чэслаў Сіповіч не шукаў пакуты і мучаніцтва. Будучы чалавекам адукаваным і зацікаўленым праблемамі грамадства, ён не быў прарокам сацыяльнага характару, ані дзеячам культуры. Ён быў чалавекам, які шукаў Бога ўсім сваім сэрцам і быў гатовы заплаціць высокую цану гэтых пошукаў.
Ён мог бы мець спакойнае законнае жыццё. Дастаткова было б прыняць перакананні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мыслення ён быў бы шчаслівым.
Гэта было б мізэрнае, эгаістычнае і баязлівае шчасце, якое, у перакананні Чэслава Сіповіча, не было годным Бога.
Было б дастаткова адрачыся ад сваёй беларускасці, згадзіцца на тое, каб гэты народ быў бы яшчэ раз прыніжаны, як гэта было на працягу стагоддзяў: народ, які лічылі нікім і нічым, безыменнае стварэнне, невядомая зямля сярод вядомых краін, бязлюдная тэрыторыя.
Калі б Чэслаў Сіповіч зрабіў гэты крок, задаволіў бы гэтым шмат каго, у першую чаргу магутных гэтага свету, якія лічылі сябе цывілізаванымі пратаганістамі навяртання ў чужую культуру, а не ў веру.
Тое самае было і ў ягонай законнай супольнасці: калі хто хацеў быць беларусам і не забыцца пра гэта, калі не быў схільным адчуваць так, як іншыя, і гаварыць на чужой мове, тады месца для яго было толькі ў Харбіне, у Манчжурыі, у выгнанні. Для цябе не было месца на сваёй зямлі, зямлі нічыйнай, “неіснуючай”.
Чэслаў Сіповіч не спакусіўся лёгкім шчасцем і быў высланы, каб ніколі больш не ўбачыць сваю бацькаўшчыну, забытую зямлю.
Замест выгнання ў Манчжурыю ён паехаў на Захад, шукаць беларусаў, якіх вайна і пераслед прымусілі эміграваць. Паехаў, каб клапаціцца пра беларусаў, якія існавалі, але не мелі права заявіць пра сваё існаванне.
Чэслава Сіповіча папрасілі пакінуць лацінскі абрад і прыняць візантыйскі. Ён, які не нарадзіўся грэка-католікам, стаў грэка-католікам у перакананні, што так мог лепш служыць свайму народу.
Чэслаў Сіповіч быў пасланы ў Лондан і там пачаў шукаць месца, каб маліцца і жыць, дзе мог бы сабраць сваіх.
Потым, калі ён стаў біскупам (адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), прайшоў увесь свет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы.
Гэта цяжкі крыж. Чэслава Сіповіча абвінавацілі ў шавінізме, нацыяналізме, фанатызме. Ён бачыў, як паволі змяншалася паства, бачыў, як паміралі браты, з якімі ён згадзіўся перажываць гэтую прыгоду. Бачыў таксама, што свет, а часта і Касцёл, не разумелі добра ягоны народ.
Заўсёды складана вызначыць, дзе праходзіць мяжа паміж Евангеллем, гэта значыць паміж пачуццём прыналежнасці да збаўленага народа, і так званым “нацыяналізмам”.
Неабходна мець трывалае распазнаванне і сапраўдны аскетызм, каб нішто іншае не апярэдзіла пошукі Божага Валадарства, але таксама каб не прадаць за паўцаны Нябеснае Валадарства тым, хто прэтэндуе быць яго выключнымі тлумачальнікамі.
Будучы біскупам, Чэслаў Сіповіч згадзіўся быць Генеральным суперыёрам Ордэна марыянаў, сярод якіх было нямала тых, хто не згаджаўся з ім, у перакананні, што супрацьстаянне з’яўляецца адзіным спосабам захаваць каталіцкую ідэнтычнасць.
Ён прыняў таксама і гэта, каб служыць усім.
Чэслаў Сіповіч з пашанай ставіўся да Праваслаўнай Царквы, таксама пазначанай падзеламі ў той час, якая не заўсёды адказвала ўзаемнасцю. Але ён ведаў, што нельга ўцякаць ад крыжа.
Ён перанёс балючыя падзелы паміж самімі беларусамі, выкліканыя рознымі плынямі і ідэалогіямі, вытрымаў жорсткія напады асабістага характару.
Усё гэта было вельмі балючым для Чэслава Сіповіча, аднак жа менавіта гэта было цаной евангельскай свабоды.
Ён ніколі не лічыў сябе героем, лічыў сябе звычайным сведкам веры. Ён не мог прадаць праўду, праўду, якая вызваляе.
Сёння тут, у Друі, у “беларускім” кляштары марыянаў, адным з санктуарыяў беларускай культуры, мы адчуваем прысутнасць Чэслава Сіповіча ў таямніцы Бога. Мы выражаем яму глыбокую ўдзячнасць за тое, што ён да канца нёс свой крыж.
Хто ведае, што адчувае ён, калі чуе сёння малітвы на беларускай мове.
Сёння ён прысутны на гэтай зямлі, дзе можна публічна маліцца, дзе будуюцца святыні і паўстаюць кляштары, і дзе быць беларускім католікам не з’яўляецца больш супярэчнасцю, прынамсі для большасці.
Спадзяемся, што біскуп Сіповіч даруе моўныя памылкі прадстаўніку Папы ў Беларусі, які намагаецца сёння гаварыць пра яго на ягонай жа мове. Гэта выраз таго, што ўвесь Касцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэння за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен.
Біскуп Чэслаў з Ордэна айцоў марыянаў няхай выпрасіць у Дзевы Марыі адвагу і мудрасць у абароне права кожнага народа прымаць Божае Слова - Пана Езуса Хрыста - уцелаўлёнае ў канкрэтнай мове і культуры, паважаючы кожны народ, які ёсць часткай адзінага Народа Божага, адкупленага крывёй Збаўцы, і ўдзельнікам Яго містычнага Цела. Амэн.
|