Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведае Львоў |
Іерархі
|
03.09.2014 11:14 |
Па запрашэнні Мітрапаліта Львоўскага арцыбіскупа Мечыслава Макшыцкага Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 6-7 верасня 2014 г. наведае Львоў. Візіт іерарха прымеркаваны да штогадовых урачыстасцяў у гонар бл. Якуба Стрэпы – апекуна Львоўскай архідыяцэзіі і XIII Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, якая будзе праходзіць пад дэвізам “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7).
У межах візіту 6 верасня, у суботу, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць працэсію з рэліквіямі бл. Якуба Стрэпы праз цэнтр горада да львоўскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе ўзначаліць святую Імшу. Пасля абеду беларускі іерарх прамовіць канферэнцыю да святароў і кансэкраваных асобаў Львоўскай архідыяцэзіі, а вечарам выступіць перад моладдзю.
7 верасня, у нядзелю, Мітрапаліт узначаліць святую Імшу для моладзі ў львоўскім катэдральным касцёле. Пасля абеду арцыпастыр прамовіць канферэнцыю да навучэнцаў Львоўскай семінарыі аб сведчанні веры і жыцці Касцёла ў Беларусі.
|