Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў канферэнцыю для навучэнцаў Львоўскай семінарыі
Іерархі
07.09.2014 16:28

7 верасня 2014 г. у межах візіту ў Львоў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў канферэнцыю для навучэнцаў Львоўскай духоўнай семінарыі на тэму “Сведчанне веры і жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”.

Найперш беларускі іерарх распавёў пра багатую і адначасова трагічную гісторыю каталіцызму ў Беларусі. Арцыпастыр узгадаў, што хрысціянства прыйшло на беларускія землі ў X стагоддзі, а ў XII ст. было заснавана Літоўскае біскупства з катэдрай у Навагрудку. У пачатку XVII стагоддзя былі прызначаны біскупы ў Магілёве, Мсціславе і Оршы. Тады ў Беларусі дзейнічала 240 рыма-каталіцкіх парафій, якія аб’ядноўвалі 430 тыс. вернікаў. Вельмі моцнай, як дадаў іерарх, была Грэка-Каталіцкая Царква. У 1783 г. была заснавана Магілёўская Мітраполія з цэнтрам у Санкт-Пецярбургу, у якую ўваходзілі ўсе рыма-каталіцкія дыяцэзіі Расійскай імперыі, а ў 1798 г. - Мінская дыяцэзія. У пачатку XIX ст. езуіты заснавалі Полацкую акадэмію.

Мітрапаліт распавёў, як у выніку сацяльна-палітычных зменаў, асабліва пдалучэння Польшчы да Расіі, былі зачынены амаль усе кляштары і навучальныя ўстановы і ліквідавана унія. У 1869 г. была ліквідавана Мінская дыяцэзія і яе тэрыторыя была далучана да Віленскай, а з 1883 г. – да Магілёўскай.

“Пасля царскага Маніфеста аб рэлігійнай талерантнасці 1905 г. распачалося ажыўленне жыцця Касцёла. У 1917 г. была адроджана Мінская дыяцэзія. З 20-х гадоў у выніку атэістычнай палітыкі ўладаў СССР дзейнасць Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі была паралізавана. Пік рэпрэсій наступіў у 1939 г., калі амаль усе касцёлы ва Усходняй Беларусі былі зачынены і святары рэпрэсаваны, - расказаў арцыбіскуп. - Пасля II Сусветнай вайны пераслед Касцёла распачаўся і ў Заходняй Беларусі. У 80-я гады мінулага стагоддзя ў Беларусі заставаліся адчыненымі каля 120 касцёлаў, служыла каля 60 святароў пры колькасці вернікаў каля 1,5 мільёнаў”.

Іерарх узгадаў, як у 1989 г. Папа Ян Павел II прызначыў яго біскупам, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, потым у 1991 г. ён быў пераведзены ў Маскву. У 1991 г. сённяшні Мітрапаліт адкрыў у Гродне духоўную семінарыю, у якой фармацыю да святарства праходзілі і кандыдаты з Украіны. У 1991 г. у Беларусі, адзначыў арцыпастыр, прайшла рэарганізацыя касцёльных структур, былі заснаваны тры дыяцэзіі: Мінска-Магілёўская на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і Пінская на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай. У 1999 г. было заснавана Віцебскеая дыяцэзія на тэрыторыі Віцебскай вобласці. У 2001 г. была адроджана Пінская духоўная семінарыя.

Прадстаўляючы сучасную сітуацыю, Мітрапаліт распавёў, што на сённяшні дзень Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з Мінска-Магілёўскай мітраполіі, ў якую ўваходзяць Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і тры дыяцэзіі – Гродзенская, Віцебская і Пінская; колькасць вернікаў складае паўтара мільёны, біскупаў – 7 і 1 на пенсіі, парафій – каля 500, святароў – каля 500, з іх каля 30% з-за мяжы. “Далёка не ўсе парафіі маюць свае касцёлы, асабліва цяжкая сітуацыя ў Мінску, дзе ёсць 4 даўнішнія касцёлы. Дзякуй Богу, цяпер будуецца 5 новых і яшчэ маем дадаткова 5 пляцаў пад будаўніцтва, - дадаў іерарх. - Для падрыхтоўкі катэхетаў у Мінску існуе Тэалагічны каледж, у Баранавічах – Катэхетычны каледж, а ў Гродне – курсы катэхетаў, пачынаецца рэгістрацыя Тэалагічнай акадэміі ў Мінску”.

Мітрапаліт расказаў, што паспяхова развіваецца выдавецкая дзейнасць і мас-медыя; існуюць два выдавецтвы - “Pro Christo” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі; кожную нядзелю з мінскай архікатэдры па першай праграме Беларускага радыё вядзецца прамая трансляцыя святой Імшы; на цэнтральным тэлебачанні Каталіцкі Касцёл у месяц мае 3 гадзіны 40 хвілін эфіру і акрамя гэтага прысутны і на рэгіянальных тэлеканалах.

“Дабрачынная дзейнасць ажыццяўляецца праз дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”. Усю працу кардынуе “Нацыянальны Карытас”, які супрацоўнічае з дыяцэзіяльнымі, - дадаў іерарх. - Актыўнай з’яўляецца моладзь, аднак Касцёл яшчэ не дастаткова моцны, каб яшчэ больш інтэнсіўна весці яе душпастырства”.

Пазнаёміўшы семінарыстаў з гісторыяй Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго актуальным станам, арцыбіскуп распавёў ім аб тым, што вера падчас пераследу захавалася дзякуючы прадстаўнікам старэйшага пакалення, іх сведчанню і гераічнай працы нешматлікіх святроў. Па словах арцыпастыра, падобны працэс быў і ва Украіне, дзе старэйшае пакаленне захавала веру і перадало яе маладому.

Мітрапаліт падкрэсліў, што перад семінарыстамі стаіць вельмі адказнае заданне – “так падрыхтавацца да будучага служэння, каб быць здольнымі духоўна кіраваць людзьмі ў наш складаны час, калі надыходзяць новыя ганенні на хрысціянства, калі папіраюцца маральныя нормы ў імя так званага прагрэсу, які на самой справе з’яўляецца рэгрэсам”. “Нашы бацькі і дзяды выйгралі бітву з несвабодай. Ці зможам мы выйграць яе са свабодай?” – спытаў іерарх і адказаў на гэта, што ўсё залежыць ад веруючых, якіх духоўна фарміруюць святары.

Мітрапаліт пажадаў семінарыстам, каб Бог, які распачаў у іх добрую справу, яе паспяхова завяршыў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію