3 кастрычніка ў Рыме адбылася пятая заключная сесія пленарнага пасяджэння Папскай рады «Iustitia et pax» («Справядлівасць і мір»). У пасяджэнні прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мадэратарам быў сакратар Папскай рады арцыбіскуп Марыё Тозо.
Былі абмеркаваны пытанні нераспаўсюджвання ядзернай зброі, барацьбы з голадам і перспектывы дзейнасці гэтага ватыканскага ведамства.
Апостальскі Пасад, як было адзначана ў ходзе сесіі, выказвае сваю занепакоенасць распаўсюджваннем ядзернай зброі ў свеце, што пагражае захаванню міру. Яе выкарыстанне прывядзе да непажаданых трагічных наступстваў, што з маральнага пункту гледжання непрымальна. Апошнія Папы ясна кажуць: «Ніколі больш вайны!» Гэта, як адзначалася, ясная пазіцыя Апостальскага Пасаду, які занепакоены і іншымі відамі зброі - такімі, як хімічная, біялагічная, бактэрыялагічная і г.д., якія ўяўляюць сабой сур’ёзную пагрозу міру. Апостальскі Пасад выказвае добрую волю супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі ў справе выключэння пагрозы вайны і захавання міру. Падчас дыскусій была выказана занепакоенасць распаўсюджваннем ядзернай зброі і пажаданне яе абсалютнай забароны.
Сучасны свет, як было адзначана таксама, перажывае вялікі парадокс: невялікая колькасць людзей купаецца ў багацці, а ў той жа час вельмі многія церпяць голад. Усё гэта наступствы несправядлівага размеркавання натуральных багаццяў і амаральнай палітыкі працэсаў глабалізацыі. Каталіцкі Касцёл занепакоены такой сітуацыяй і заклікае міжнародныя арганізацыі больш адказна падыходзіць да гэтай праблемы; ён гатовы да супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі ў яе вырашэнні. Касцёл таксама заклікае да таго, каб так патрэбныя для галадаючых людзей прадукты не марнаваліся і не выкідваліся, як гэта часта бывае ў супермаркетах і рэстаранах, а перадаваліся бедным. Вялікай праблемай, як адзначалася, застаецца незразумелая палітыка, калі ў многіх краінах свету і асабліва Еўропы магазіны завалены прадуктамі з іншых краін і нават кантынентаў, напрыклад Афрыкі ці Аўстраліі, і няма мясцовых. Неабходна таксама звяртаць большую ўвагу на фермераў і дапамагаць ім. З іншага боку трэба і выхоўваць у фермераў свядомасць, каб яны не выкарыстоўвалі сітуацыю на сусветным рынку і не імкнуліся атрымаць выгоду несправядлівым шляхам: справа ў тым, што фермеры, прадукуючы менш, утрымліваюць высокія цэны. Патрэбна больш маральная аграрная палітыка як з боку палітычных дзеячаў, так і саміх аграрыяў, каб вырашыць праблему голаду, бо натуральныя рэсурсы зямлі дазваляюць гэта зрабіць. Падчас дыскусій была выказана прапанова, каб Папа напісаў энцыкліку аб згодным з Божым законам выкарыстанні зямлі і яе багаццяў.
Апошні дзень працы пленарнага пасяджэння завяршыўся святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Манагуа (Нікарагуа) кардынал Леапольд Хасэ Брэнэс Салярцана. У гаміліі іерарх нагадаў місію Касцёла абвяшчаць Божую праўду, а каб гэта рэалізаваць, неабходна, каб Хрыстус сваёй ласкай быў у сэрцах людзей. Задачай Папскай рады «Iustitia et pax» з’яўляецца шляхам абвяшчэння і сведчання Божай праўды праз сацыяльнае вучэнне ўсталёўваць справядлівасць і мір у свеце.
|