Яго Эксцэленцыі Біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу
Ваша Эксцэленцыя!
Мінула 15 гадоў з таго дня, калі Ян Павел ІІ булай «Ad aptius consulendum» заснаваў Віцебскую дыяцэзію. Гэта невялікі юбілей, але значны. Гісторыя вашай дыяцэзіі кароткая, але тым не менш назаўсёды ўпісана ў шматвяковую гісторыю, якая ў цяжкія часы камуністычнага пераследу была пазначана святасцю.
15-годдзе заснавання дыяцэзіі схіляе да праслаўлення Усемагутнага Бога і выражэння Яму падзякі за тое, што праз Касцёл, які мы ўтвараем, здзяйсняецца збаўленне чалавека і шмат дабра для грамадства. Гэтая гадавіна з’яўляецца асаблівай нагодай падзякаваць Пану за ўсё, што ў гэты час удалося здзейсніць для ўмацавання і развіцця Касцёла як дыяцэзіяльнай супольнасці.
Гадавіна ўстанаўлення дыяцэзіі абуджае ў сэрцы патрэбу падзякі ўсім тым, хто стаяў на самым пачатку яе стварэння. Падзякі таксама вернікам, якія клапоцяцца аб парафіяльных супольнасцях, што існуюць на тэрыторыі дыяцэзіі, дбаюць аб сваіх святынях і з незвычайнай ахвярнасцю бяруць на сябе працу будаўніцтва новых касцёлаў і аднаўлення занядбаных.
Кажучы пра Віцебскую дыяцэзію, нельга не ўзгадаць яе першага ардынарыя біскупа Уладзіслава Бліна, які ў гэтым годзе адзначае 15-ю гадавіну сваёй біскупскай сакры. Як першы біскуп Віцебскі ён з вялікім запалам і руплівасцю ствараў усё ад пачаткаў.
З нагоды 15-годдзя паклікання да існавання Віцебскай дыяцэзіі ахопліваем малітвай Цябе, біскуп Алег Буткевіч, усіх святароў, законнікаў і законніц і ўсіх свецкіх людзей, якія ўтвараюць Касцёл на Віцебшчыне. Ад імя ўсіх членаў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі дзякую за апостальскую актыўнасць і ахвярнае служэнне, якое вы выконваеце ў сваіх супольнасцях. Няхай святы Язафат Кунцэвіч, апякун вашай дыяцэзіі, будзе штодзённым узорам далейшай руплівасці і нястомнасці на ніве Пана.
З глыбіні веры, надзеі і любові няхай утвараецца будучыня вашай касцёльнай супольнасці.
З віншаваннямі ў Хрысце Пану Біскуп Аляксандр Кашкевіч Старшыня ККББ
Гродна, 13 кастрычніка 2014 г.
|