16 кастрычніка — гадавіна абрання кардынала Караля Вайтылы на Святы Пасад |
Іерархі |
16.10.2014 11:18 |
16 кастрычніка 1978 года новым Пантыфікам быў абвешчаны кардынал Караль Вайтыла. Новы Папа — з імем «Ян Павел ІІ» — стаў першым Пантыфікам у гісторыі Касцёла з Усходняй Еўропы. Святы Айцец стаў першым за апошнія 455 гадоў наступнікам Пятра неітальянскага паходжання. Падчас свайго Пантыфікату Ян Павел ІІ здзейсніў 104 замежныя вандроўкі, падчас якіх наведаў каля 130 краін, сярод якіх Румынія (першая праваслаўная краіна, якую калі-небудзь наведваў Папа) і Грэцыя (візіт стаў першым наведваннем Папы Рымскага пасля царкоўнага расколу 1054 года)
(колерам на фота пазначаны месцы, якія наведаў Ян Павел ІІ) На момант абрання на Пятровы Пасад кардыналу было 58 гадоў. Як і яго папярэднік Ян Павел І, новы Пантыфік стараўся значна спрасціць сваю пасаду, пазбавіўшы яе шматлікіх каралеўскіх атрыбутаў. У прыватнасці, кажучы пра сябе, ён выкарыстоўваў займеннік «я» замест «мы» (так было прынята ў каралеўскіх асобаў). Папа адмовіўся ад цырымоніі каранацыі, замяніўшы яе толькі інтранізацыяй. Ян Павел ІІ не насіў папскую тыяру і імкнуўся падкрэсліць тую ролю, якая абазначана ў тытуле Папы Рымскага — «Servus Servorum Dei» (слуга слугаў Божых). Святы Айцец бегла размаўляў на 11 мовах і быў першым Папам, які публічна выкарыстоўваў эсперанта. Падчас свайго Пантыфікату Ян Павел ІІ сустракаўся з шэрагам палітычных лідараў, такімі як Ясір Арафат, Піначэт, Міхаіл Гарбачоў, Фідэль Кастра, Уладзімір Пуцін і інш. Падчас Пантыфікату Яна Паўла ІІ Каталіцкі Касцёл рэабілітаваў Галілеа Галілея; таксама Папа Ян Павел ІІ прызнаў віну Касцёла ў масавым знішчэнні пратэстантаў у Варфаламееўскую ноч у Францыі ў 1572 годзе, прыняў рашэнне адкрыць архівы інквізіцыі. Сярод напісанага Пантыфікам — больш за 120 філасофскіх і багаслоўскіх прац, пяць кніг і 14 энцыклік. Ян Павел ІІ быў канізаваны 27 красавіка 2014 года. Дырэктар Catholic.by кс. Юрый Марціновіч знаходзіцца зараз у Ватыкане, дзе прымаў удзел ва ўрачыстай святой Імшы ў базыліцы св. Пятра пры алтары – месцы пахавання святога. Ксёндз Юрый моліцца ў інтэнцыі Catholic.by і ўсіх нашых чытачоў. (JLS) |