да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі
«Біскупы з Божай пастановы з’яўляюцца наступнікамі апосталаў, праз Духа Святога, дадзенага ім» (паводле ККП, 375 §1)
Дарагія дыяцэзіяне,
28 кастрычніка 2014 года наш арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч святкуе 25-годдзе біскупскай сакры. Такая юбілейная дата асабліва абавязвае нас да малітвы за Мітрапаліта, які згодна з Кананічным Правам Касцёла выконвае пэўныя абавязкі таксама ў Пінскай дыяцэзіі — адной з трох суфраганальных дыяцэзій, прыналежных да Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
Сярэбраны юбілей з’яўляецца добрай нагодай, каб лепш пазнаць жыццё і служэнне юбіляра Касцёлу. Яго Эксцэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся ў парафіі ў Адэльску каля Гродна ў пабожнай каталіцкай сям’і. Хоць час дзяцінства і маладосці выпаў на гады атэізму, з ранніх гадоў жыцця ён адзначаўся верай, спалучанай з практыкай актыўнага жыцця ў Касцёле. Рэгулярна прымаў удзел ў святой Імшы — ці то падчас навучання ў школе ў Гродне, ці то ў час вучобы ў Палітэхнічным інстытуце ў Ленінградзе.
Кіруючыся пакліканнем да святарства, ён пакінуў прэстыжную на свой час працу інжынера-канструктара ў Вільні, паступіў у Духоўную семінарыю ў Каўнасе, пасля заканчэння якой атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, а навуковую працу ўвянчаў ступенню доктара кананічнага права. Як душпастыр працаваў у касцёлах Вільні, Друскенікаў, Гродна.
Ён стаў першым біскупам у Беларусі пасля дзесяцігоддзяў ночы атэізму. Арганізаваў духоўную семінарыю ў Гродне. Затым, як біскуп у Расійскай Федэрацыі, арганізаваў семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, тэалагічны каледж у Маскве, арганізаваў альбо ўзнавіў у еўрапейскай частцы Расіі больш за 100 парафій. А цяпер рупліва служыць нам у Беларусі ўжо восьмы год.
У важны дзень для юбіляра, калі ён адзначае свята свайго нябеснага апекуна — святога Юды Тадэвуша — прашу дыяцэзіян аб асаблівай малітве за нашага Мітрапаліта ў парафіях Пінскай дыяцэзіі. Па розных прычынах многія з вернікаў нашай дыяцэзіі выехалі на пражыванне, працу ці вучобу ў Мінск. Таму прашу асабліва іх прыйсці на святую Імшу ў мінскую архікатэдру на ўрачыстую цэлебрацыю, якая запланавана на 28 кастрычніка а 18.30. Бацькі, родныя і знаёмыя няхай патэлефануюць сваім родным і блізкім у Мінск, нагадаюць ім пра юбілей Мітрапаліта і заахвоцяць да ўдзелу ў набажэнстве падзякі за 25-годдзе яго біскупскага служэння.
Вернікі і іншыя жыхары Беларусі і замежжа атрымалі праз служэнне арцыбіскупа многія дабрадзействы. Як духоўны кіраўнік сталічнай архідыяцэзіі, як айцец амаль усіх Сінодаў, якія праходзілі ў апошнія часы ў Рыме, як член Папскай рады «Iustitia et pax» («Справядлівасць і мір»), а ў мінулым таксама і іншых ведамстваў Апостальскай Сталіцы, ён нястомна клапоціцца, каб данесці Хрыстовае Евангелле сучаснаму чалавеку самымі рознымі і найбольш сучаснымі метадамі. Жадаем дарагому юбіляру многіх гадоў жыцця, надалей трываць у руплівай працы на ніве Касцёла ў Беларусі і свеце, несучы адказнае біскупскае служэнне на хвалу Бога і збаўленне чалавецтва.
У малітоўнай лучнасці з усімі вернікамі
+ Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі
Пінск, 8 кастрычніка 2014 г.
Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае паведамленне на кожнай святой Імшы ў нядзелю 26 кастрычніка 2014 г.
|