20 кастрычніка — 25-годдзе біскупскай сакры Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча |
Іерархі
|
20.10.2014 08:50 |
20 кастрычніка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 25-годдзе біскупскай сакры. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі 25 ліпеня 1989 г., а 20 кастрычніка ў базыліцы св. Пятра ў Рыме ўдзяліў яму біскупскае пасвячэнне.
Падчас біскупскага служэння ў Беларусі сённяшні Мітрапаліт заснаваў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, выданню «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі.
13 красавіка 1991 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістравана Апостальская Адміністратура для католікаў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структураў. Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 г. прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Поўначы еўрапейскай часткі Расіі.
Калі 11 лютага 2002 г. Ян Павел ІІ надаў Апостальскім Адміністратурам для католікаў лацінскага абраду ў Расіі годнасць дыяцэзій, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве.
У лютым 1999 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў абраны старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі.
21 верасня 2007 г. Папа Бэнэдыкт XVI менаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.
Паколькі Мітрапаліт прымаў удзел у сёлетняй ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў у Ватыкане, святкаванне 25-годдзя яго біскупскага пасвячэння пройдзе 28 кастрычніка, у свята святых Сымона і Юды, апосталаў, калі арцыпастыр адзначае імяніны. Імша ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі пачнецца ў 18.30.
Мітрапаліт сардэчна запрашае на Імшу, а таксама просіць аб малітве ў яго інтэнцыі. (AG)
|