19 кастрычніка супольнасць парафіі Маці Божай Фацімскай у Цехануве (Польшча) адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Яна Паўла ІІ, апекуна парафіі. Гэты касцёл — першая ў Польшчы святыня, апекуном якой стаў Вялікі Папа. Урачыстасць узначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Імшу ўпрыгожыў спевам гродзенскі хор «Cantate Domino», які прыбыў у Цеханув па запрашэнні пробашча парафіі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што гэтая ўрачыстасць з’яўляецца падзякай св. Яну Паўлу ІІ за многія рэчы, якім ён вучыў народы. «Сёння мы дзякуем нашаму дарагому Святому Айцу за яго любоў да Панны Марыі, культ Божай міласэрнасці, Евангелле цярпення, за ўсіх святых і благаслаўлёных, за папскія пілігрымкі па ўсім свеце, за яго сведчанне святасці, — сказаў іерарх, — а асабліва дзякуем яму за таямніцы святла, якімі ён адарыў Касцёл на парозе 25-га года свайго Пантыфікату».
Гродзенскі ардынарый дадаў, што ў гэты дзень, калі ў Ватыкане афіцыйна завяршылася ІІІ Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў, прысвечаная сужэнству і сям’і, трэба падзякаваць св. Яну Паўлу ІІ за яго вялікі клопат аб сям’і. «У служэнні Божаму народу ён быў Папам сям’і. Калісьці ён сам сказаў, што хацеў бы, каб яго запомнілі як Папу сям’і», — заўважыў іерарх.
Кажучы пра сям’ю, у якой прыйшоў на свет Караль Вайтыла, біскуп адзначыў, што «сям’я, багатая цнотамі, узорная, здольна быць велізарным багаццем для кожнага асобнага чалавека, для супольнасці, Касцёла, грамадства і дзяржавы».
Кожная сям’я, па словах іерарха, павінна быць «асяродкам жыцця і любові, бо менавіта ў сям’і выхоўваюцца асноўныя цноты, якія ствараюць народ, такія, як узаемная павага, любоў да бліжняга, пашана да старэйшых, падтрымка жыцця і любоў да яго на кожным этапе яго развіцця».
«Усе, хто стварае сям’ю — бацька, маці, дзеці, — павінны штодзень вызнаваць за святым Пятром: „Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”, — толькі тады наша рэчаіснасць, наша зямля, народ будуць лепшымі, моцнымі Богам», — дадаў старшыня ККББ.
Усіх прысутных іерарх заахвоціў да адказнасці за сям’ю, да перадачы жыцця і веры ў сям’і.
Імша з удзелам шматлікіх парафіян і гасцей завяршылася Літаніяй да св. Яна Паўла ІІ і ўшанаваннем яго рэліквій.
Касцёл у Цехануве, прысвечаны Вялікаму Папу, быў створаны дзякуючы дапамозе парафіян і ахвярадаўцаў і ўзведзены ў 1997–2007 гг. стараннямі яго першага пробашча кс. каноніка Яна Юзвяка. Святыня створана таксама як вотум удзячнасці за дзве тысячы гадоў хрысціянства. 13 мая 2011 г. касцёл асвяціў біскуп Плоцкі Пётр Лібера. У святыні захоўваюцца рэліквіі св. Яна Паўла ІІ.
Кс. Юрый Марціновіч
|