Паведамленне старшыні ККББ вернікам Касцёла ў Беларусі з нагоды 25-годдзя біскупскай сакры Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча |
Іерархі
|
21.10.2014 13:05 |
Умілаваныя ў Хрысце, браты святары, асобы кансэкраванага жыцця, семінарысты і свецкія вернікі Касцёла ў Беларусі!
У гэтым годзе адзначаецца вельмі важная дата для нашага лакальнага Касцёла. 25 гадоў таму Святы Айцец Ян Павел ІІ менаваў кс. Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. 20 кастрычніка 1989 г. ён атрымаў біскупскае пасвячэнне ў базыліцы св. Пятра ў Рыме, якую ўдзяліў яму Папа Ян Павел ІІ. Сваім біскупскім дэвізам іерарх абраў словы «Quis ut Deus» (Хто ж як Бог).
Наш шаноўны юбіляр распачаў справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, якую потым з поспехам працягнуў яго наступнік кардынал Казімір Свёнтэк, сотую гадавіну нараджэння якога мы адзначаем у гэтым месяцы.
З нагоды 25-годдзя біскупскага пасвячэння нашага Мітрапаліта прагнем дзякаваць Богу за ласкі, якімі Ён адарыў наш Касцёл у Беларусі праз служэнне шаноўнага юбіляра. Мы хочам выказаць удзячнасць таксама самому юбіляру і праз заступніцтва Маці Божай, святых і благаслаўлёных апекуноў нашых дыяцэзій і нашай зямлі прасіць для яго Божага благаслаўлення.
Асаблівым выразам удзячнасці за гады святарскага жыцця і пастырскага служэння будзе Эўхарыстыя, якую шаноўны юбіляр будзе цэлебраваць у архікатэдральным касцёле ў Мінску ў свята св. Юды Тадэвуша, свайго апекуна, у аўторак 28 кастрычніка ў 18.30. Сардэчна запрашаем духавенства і свецкіх вернікаў да ўдзелу ў гэтай радаснай падзяцы.
Няхай малітва ўдзячнасці ўзносіцца да Бога таксама ва ўсіх парафіяльных супольнасцях нашай краіны, каб Бог захаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў здароўі на самыя доўгія гады.
Прыміце гэтае запрашэнне да супольнай малітвы і падзякі, а ўсім, хто моліцца за шаноўнага юбіляра, складаю шчырае «Бог адудзячыць» і з сэрца благаслаўляю!
+ Аляксандр Кашкевіч Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Распараджэнне:
Просьба да святароў перадаць змест гэтага паведамлення вернікам падчас парафіяльных аб’яваў у нядзелю 26 кастрычніка 2014 г. і заахвоціць да малітвы ў інтэнцыі шаноўнага юбіляра.
|