Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел ва ўрачыстасцях 100-гадовага юбілею Шанштацкага руху ў Рыме |
Іерархі |
25.10.2014 21:41 |
У гэтым годзе Шанштацкі рух адзначае 100-годдзе заснавання. У многіх краінах свету, дзе дзейнічае рух, праходзяць юбілейныя ўрачыстасці. На цэнтральныя і адначасова міжнародныя ўрачыстасці, якія адбываюцца з 24 па 27 кастрычніка ў Рыме, быў запрошаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які звязаны з гэтым рухам больш за 25 гадоў. Шанштацкі рух быў заснаваны ў 1914 г. нямецкім святаром Ёзафам Кэнтэнiхам. Галоўнай ідэяй руху з’яўляецца запавет любові з Марыяй як тройчы дзівоснай — Маці Бога, Маці Збаўцы і Маці адкупленага чалавецтва. Уступаючы ў запавет любові з Марыяй, чалавек дае абавязак жыць паводле Яе прыкладу, асабліва ў тым, што датычыць выканання Божай волі. Пасля Пантыфіка прывіталі члены Шанштацкага руху марыйнага шляху, якія спыталіся ў яго, як у шанавальніка Панны Марыі, як у гэтым свеце жыць з Маці Божай. У адказ Папа нагадаў пра візіт Марыі да Захарыі і Альжбеты і пра радасць, якую Яна выказала ў гімне «Magnificat». Па словах Папы, таксама і сучасны чалавек павінен жыць радасцю прысутнасці ў ім Бога. Святы Айцец дадаў, што мы не з’яўляемся сіротамі, бо Марыя — наша духоўная Маці, якая вядзе да гэтай радасці, і хрысціянін не павінен губляць надзею, бо Марыя — яго Маці. Шанштацкая моладзь, вітаючы Пантыфіка, выказала заклапочанасць станам духоўнага жыцця сучасных маладых людзей і пыталася ў яго, як у сённяшнім свеце зацікавіць моладзь Богам і перадаваць веру. Святы Айцец нагадаў аб неабходнасці хрысціянскага сведчання, дзякуючы якому іх аднагодкі могуць пазнаць Бога і якое, па словах Папы, павінна стаць місіяй моладзі — калі гэта будзе, то Касцёл сапраўды будзе дынамічным, здолее ісці да чалавека і несці яму збаўленне. Прадстаўнікі розных узроставых груп, вітаючы Святога Айца, пыталіся, як не згубіць надзею ў сённяшнія цяжкія часы. Папа адзначыў, што неабходны давер Богу і прабыванне з Ім. Прадстаўнікі розных шанштацкіх груп цікавіліся, як у наш час служыць Касцёлу. Па словах Пантыфіка, неабходна развіццё адзінства людзей, культура залогу з Богам і Марыяй і імкненне да салідарнасці ўсіх членаў Касцёла. Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл заўсёды абнаўляецца і робіць гэта таксама дзякуючы Шанштацкаму руху, каб, чытаючы знакі часу, весці людзей да абнаўлення іх сэрцаў. Напрыканцы Шанштацкі рух падарыў Пантыфіку місіянерскі крыж, якім ён благаславіў удзельнікаў сустрэчы. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, падыйшоўшы да Папы, сказаў яму, што ў Беларусі таксама існуюць тры шанштацкія супольнасці. Пантыфік з задавальненнем сустрэў такую інфармацыю і адзначыў, што гэта вельмі добра.
У той жа дзень беларускі Мітрапаліт узначаліў святую Імшу для ўдзельнікаў юбілейных урачыстасцяў з краін Центральнай і Усходняй Еўропы ў рымскай базыліцы Святой Марыі на Траспанціне. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што 1914 год у чалавечай свядомасці найчасцей асацыюецца з пачаткам Першай сусветнай вайны, якая прынесла так шмат бедаў чалавецтву. «Ідэолагі вайны хацелі вайсковай сілай змяніць сусветны парадак. Мы ведаем, што з гэтага выйшла. Аднак менавіта ў той самы год а. Ёзаф Кентэніх прапанаваў свету іншы план яго змены, — дадаў арцыпастыр. — Ён сказаў, што новым часам патрэбны новы, выхаваны на прынцыпах Евангелля чалавек. Гэтым самым а. Ёзаф Кэнтэніх у пэўным сэнсе папярэдзіў Другі Ватыканскі Сабор аб неабходнасці чытаць знакі часу і своечасова на іх адказваць, бо інакш цягнік жыцця адыйдзе і ў ім застануцца людзі без касцёльнай апекі». (DN), (AG) |
Фотарэпартаж |