8 лістапада біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прыняў удзел у канферэнцыі «Сведка веры» ў Драгічыне над Бугам (Польшча), прысвечанай кардыналу Казіміру Свёнтку з нагоды 100-годдзя яго нараджэння. Пінскі ардынарый выступіў на канферэнцыі з рэфератам.
Рэферат біскупа быў прысвечаны сучаснаму стану Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, увага была звернута галоўным чынам на Пінскую дыяцэзію, служэнню якой прысвяціў жыццё кардынал Свёнтэк.
«Тут, у горадзе над Пінай, ён пачуў голас паклікання да духоўнага служэння, тут рыхтаваўся да святарства, — нагадаў біскуп Антоні Дзям’янка. — Як душпастыр служыў парафіям у Пінcку і наваколлі на працягу 36 гадоў, а як арцыбіскуп, кардынал, Апостальскі адміністратар служыў Касцёлу на Піншчыне чарговыя 20 гадоў».
Іерарх прывёў звесткі пра сучасны стан Пінскай дыяцэзіі, яе дасягненні.
Біскуп заўважыў, што прыклад кардынала Казіміра Свёнтка, 100-годдзе нараджэння якога адзначаецца сёлета, меў вялікі ўплыў на сучасны стыль душпастырскага служэння ў Пінскай дыяцэзіі.
Пінскі ардынарый узгадаў пра рысы кардынала Казіміра Свёнтка, якімі ён запомніўся Касцёлу ў Беларусі, пра добрыя справы, праз якія ён застаўся ў гісторыі.
«Кардынал Казімір Свёнтэк увёў Касцёл у Беларусі ў трэцяе тысячагоддзе і даў добры імпульс для далейшага развіцця ў розных накірунках, — падкрэсліў біскуп Антоні Дзям’янка. — Сучасны стан Касцёла на Піншчыне, які адраджаецца, многім удзячны кардыналу Свёнтку, сведку веры, рупліваму наступцу Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскага». (AG)
|