«Opus Dei» (Справа Божая) — персанальная прэлатура Каталіцкага Касцёла, якая дзейнічае ў 80 краінах і налічвае больш за 90 тысяч членаў. Калі казаць пра найбольш геаграфічна блізкія да Беларусі краіны, арганізацыя дзейнічае ў Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі, Казахстане, існуе і шукае рэалізацыі ідэя стварэння цэнтру «Opus Dei» ва Украіне. У Беларусі пакуль можна толькі набыць кнігі, напісаныя святым Хосэмарыяй Эскрыва — заснавальнікам арганізацыі.
У гэтым годзе ў выдавецтве «Pro Christo» выйшаў пераклад на беларускую мову зборніка яго гамілій «Хрыстус праходзіць побач». Раз на год у Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі персанальнай прэлатуры для ўдзелу ў Імшы памяці св. Хосэмарыі Эскрыва.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч добра знаёмы з дзейнасцю «Opus Dei». Калі іерарх пачынаў служыць у Расіі, «Opus Dei» таксама пачаў там працу — у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Шмат увагі арганізацыя надае працы з моладдзю і інтэлігенцыяй, і гэтае служэнне прыносіць шматлікія плады.
«Мне вельмі хацелася б, каб “Opus Dei” быў у Беларусі, чакаю, што, можа, у будучыні кіраўніцтва прэлатуры прыме такое рашэнне і яны тут будуць, бо іх прысутнасць узбагаціла б наш Касцёл як інтэлектуальна, так і духоўна, асабліва ў працы з інтэлігенцыяй і моладдзю, а таксама ў дабрачыннасці. Яны маглі б нам дапамагчы ў фармацыі новых святароў, каталіцкай інтэлігенцыі. Маючы добры досвед працы з імі, я звяртаюся да іх і малюся, каб яны маглі быць у нашай краіне, і дапамагаць далей у адраджэнні і станаўленні Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне», — адзначыў Мітрапаліт у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
«Opus Dei» была створана ў 1928 г. каталіцкім святаром Хосэмарыяй Эскрыва, які ў 2002 г. быў кананізаваны, — аўтарам кніг «Сябры Божыя», «Шлях», «Кузня», «Баразна», «Крыжовы шлях», «Хрыстус праходзіць побач».
Мэта «Opus Dei» — дапамагаць вернікам знайсці святасць у штодзённым жыцці, займаючыся звычайнымі зямнымі справамі: у працы, сям’і, паўсядзённых занятках, прафесійнай дзейнасці. «Бог заклікае вас служыць Яму ў звычайных, штодзённых справах, як бы з іх, знутры. Ён чакае ад нас гэтага ўвесь час, усюды — у лабараторыі, аперацыйнай, казарме, на кафедры, на заводзе, у майстэрні, у полі, дома... Ці мы навучымся знаходзіць Бога ў штодзённым жыцці, ці наогул Яго не знойдзем», — вучыў св. Хосэмарыя Эскрыва.
Паводле яго, асвячаць сваю працу — значыць імкнуцца да дасканаласці ў ёй: па чалавечых мерках даводзіць пачатае да дасканаласці значыць быць прафесійна кампетэнтным, і ўмець працаваць, імкнучыся да дасканаласці ў хрысціянскім сэнсе — з любові да Божай волі і дзеля служэння бліжняму; а хрысціяніну, працаўніку ў свеце, трэба пазбягаць «спакусы падвойнага жыцця, па адзін бок — жыццё ўнутранае, сувязь з Богам, па іншы, зусім асобна — прафесійная, сацыяльная, сямейная дзейнасць, дзе тоўпяцца і кішаць дробныя зямныя справы». «Не, дзеці мае! Мы так жыць не можам! Мы — хрысціяне, а не шызафрэнікі. Жыццё — адно, яго мы і павінны асвяціць, напоўніць Богам і цела, і дух», — пісаў заснавальнік «Opus Dei».
Духоўная падрыхтоўка, якую ажыццяўляе прэлатура, дапаўняе працу лакальных Касцёлаў. Далучэнне да арганізацыі не змяняе жыццёвы статус вернікаў. З больш чым 90 тысяч членаў 98% складаюць свецкія людзі, большасць якіх жывуць у сужэнстве, а каля 2 тысяч — духавенства.
Разам з касцёльнымі ўстановамі, створанымі арганізацыяй ці ёй даверанымі, як, напрыклад, Папскі ўніверсітэт Святога Крыжа ў Рыме, верныя прэлатуры і памочнікі разам з іншымі людзьмі ствараюць выхаваўчыя, дабрачынныя і культурныя цэнтры, каб даць людзям адукацыю і дапамагчы ў жыцці. Гэта школы, бальніцы, універсітэты, цэнтры для прафесійнай падрыхтоўкі. Праекты членаў «Opus Dei» адказваюць надзённым патрэбам краін або грамадства, у якім яны жывуць. Адны з самых вядомых устаноў — Наварскі ўніверсітэт, бізнес-школа ў Барселоне, ВНУ ў Перу, Калумбіі, на Філіпінах, каледж у Кеніі, цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі ў прыгарадзе Рыма, культурны і спартыўны цэнтр у Чыкага, цэнтр развіцця жанчын з індзейскіх плямёнаў каля Мехіка. (AG)
|