Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Адвэнт 2014 г.
Іерархі
26.11.2014 16:31

«Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму;
Усе людзі ўбачаць збаўленне Божае».
(з літургіі Адвэнту)


Браты і сёстры ў Езусе Хрысце, умілаваныя дыяцэзіяне і людзі добрай волі!

Новы літургічны год, які распачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту, уводзіць нас у таямніцу прыйсця ў гэты свет Езуса Хрыста, нашага Збаўцы. Адвэнт рыхтуе нас да святаў Божага Нараджэння, нагадвае аб перспектыве паўторнага прыйсця ў свет Божага Сына. Катэхізіс Касцёла вучыць, што аб’яўленне таямніцы Езуса Хрыста рыхтавалася з вялікай надзеяй, якая трывала многія стагоддзі (КККК, 102). Адвэнтавае перажыванне ажыццяўлення гэтай надзеі ў таямніцы Уцелаўлення і Нараджэння Божага Сына напаўняе нас, католікаў, і ўсіх хрысціянаў глыбокай удзячнасцю Пану Богу за Яго вялікую любоў да чалавека. У словах адвэнтавага спеву заклікаем прыйсце Пана: «Дайце, нябёсы, росы з вышыняў; хмары, спашліце Бога Месію».

Чаканне святаў Божага Нараджэння ў новым літургічным годзе, які сёння мы распачынаем, супадае з падрыхтоўкай Пінскага Касцёла да круглай даты дзевяностагоддзя паўстання Пінскай дыяцэзіі 28 кастрычніка 1925 г. Паўстанне дыяцэзіі было звязана з заканчэннем Першай сусветнай вайны і неабходнасцю арганізацыі касцёльных структур на Палессі з мэтай забеспячэння душпастырскай апекай пражываючых тут католікаў.

На апошняй, лістападаўскай, сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі для духоўнай карысці вернікаў былі разгледжаны і адобраны пэўныя ініцыятывы, якія, спадзяемся, будуць рэалізаваны ў надыходзячым годзе.

Сярод прапановаў — пашырэнне абстыненцкага руху. Было пастаноўлена заахвоціць вернікаў, каб перыяд Адвэнту, час радаснага чакання Божым народам Нараджэння Езуса Хрыста, суправаджаўся цвярозасцю, паўстрыманнем ад спажывання алкаголю. Мы перакананыя, што моцная вера — гэта цвярозая вера. Такім чынам мы зможам супрацьстаяць распаўсюджанаму ў многіх асяроддзях граху алкагалізму і п’янства. Наступствы гэтага граху незлічоныя і ўсім вядомыя: страта здароўя, аўтарытэту, працы, зніжэнне сацыяльнага статусу. Але найгоршае наступства нецвярозасці — гэта духоўнае і маральнае падзенне праз жыццё ў такім несвядомым стане, да якога непазбежна даходзіць нават самы моцны і малады арганізм спажыўцоў алкаголю.

Катэхізіс нас вучыць, што мы павінны разважліва клапаціцца аб духоўным і фізічным здароўі сваім і бліжніх. Цвярозасць дапамагае засцерагчыся ад праблем, звязаных з п’янствам, ужываннем наркотыкаў, нястрыманасцю ў ежы, піцці, ужыванні лекаў ці паленні тытуню (КККК, 474). Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ўхваліла ў межах падрыхтоўкі да сотай гадавіны аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме ў 1917 г. трохгадовую духоўную падрыхтоўку да гэтага юбілею. Надыходзячы год аб’яўлены ў Касцёле ў Беларусі Годам пакаяння. Няхай жа абстыненцыя, асабліва ў перыяд Адвэнту, будзе нашым адказам на заахвочванне біскупаў і фацімскі заклік Маці Божай.

Святарская Рада нашай дыяцэзіі падтрымала прапанову многіх душпастыраў, каб у межах святкавання дзевяностай гадавіны існавання Пінскай дыяцэзіі ўвесці адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. У дэканальных і вялікіх парафіях належыць зрабіць гэта абавязковай практыкай, а ў іншых святынях — у залежнасці ад акалічнасцяў. Пробашчы няхай паклапоцяцца, каб штодзённа, наколькі гэта магчыма, вернікі адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт на працягу паўгадзіны альбо адной гадзіны перад святой Імшой. Асаблівай інтэнцыяй да малітвы няхай будзе выпрошванне новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Заахвочваю таксама арганізаваць прынамсі аднаразовую сутачную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту па прыкладу малітоўнай групы «Ерыхон». Катэхізіс нагадвае нам, што Эўхарыстыя — гэта Ахвяра за ўсіх жывых і памерлых вернікаў як кампенсацыя за грахі ўсіх людзей дзеля атрымання ад Бога духоўных і зямных дабротаў.

Благаслаўлёны Папа Павел VI, узнесены да хвалы алтара 19 кастрычніка бягучага года, у энцыкліцы «Mysterium fidei» навучаў, што Хрыстус, прысутны ў Эўхарыстыі, «сапраўды з’яўляецца “Эмануэлем” – Богам з намі – не толькі ў час складання ахвяры і цэлебрацыі сакрамэнту, але таксама пасля складання ахвяры і яе здзяйснення, калі Эўхарыстыя захоўваецца ў касцёлах і капліцах. Ён днём і ноччу сярод нас, знаходзіцца паміж намі поўны ласкі і праўды (пар. Ян 1, 14); фарміруе нашыя звычаі, падтрымлівае цноты, суцяшае засмучаных, умацоўвае слабых і пабуджае ўсіх, хто да Яго набліжаецца, каб Яго наследвалі, каб па Яго прыкладу вучыліся быць ціхімі і пакорнымі сэрцам, не шукалі ўласнай карысці, але Божай. Таму калі хтосьці адносіцца да Эўхарыстыі з асаблівай пабожнасцю і стараецца адказаць любячаму нас Хрысту ахвотнай і велікадушнай любоўю, той дазнае і да глыбіні разумее, не без вялікай радасці і пажытку для душы, наколькі каштоўнае жыццё з Хрыстом у Богу (пар. Кал 5, 5) і наколькі каштоўная размова з Хрыстом, і што няма нічога ў свеце мілейшага і больш дзейснага ў памкненнях шляхамі святасці».

Такім чынам мы будзем выпрошваць ласкі для сябе, нашых сем’яў і родных, сяброў і блізкіх, а таксама для жыхароў усёй Пінскай дыяцэзіі. Напэўна, не ва ўсіх парафіях будзе магчымая адарацыя з удзелам вернікаў, таму заахвочваю святароў да асабістай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам ад імя давераных яму вернікаў. Заклікаю Божае благаслаўленне для кожнага, хто падтрымае такія ініцыятывы на хвалу Божую і для сваёй духоўнай карысці.

Таксама вельмі прашу ў нядзелі і святы прысвяціць хоць некалькі хвілін супольнай малітве ўголас у касцёле перад святой Імшой. Прапаноўваю чытаць штодзённыя малітвы хрысціяніна: Ойча наш, Вітай, Марыя, Хвала Айцу, Веру ў Бога, дзесяць Божых запаведзяў, пяць касцёльных запаведзяў. Катэхізіс звяртае нашую ўвагу на тое, што малітва і рахунак сумлення адыгрывае велізарную ролю ў фарміраванні нашага сумлення, каб яно было правільным і праўдзівым (КККК, 374).

Па волі Святога Айца Францішка ад першай нядзелі Адвэнту 2014 г. да 2 лютага 2016 г. ва ўсім Касцёле будзе адзначацца Год кансэкраванага жыцця. Ён будзе перажывацца пад заклікам: «Евангелле, прароцтва, надзея — кансэкраванае жыццё ў Касцёле сёння». Папа Францішак дапамагае нам нанова адкрыць каштоўнасць поўнага прысвячэння сябе Богу, сведкамі чаго з’яўляюцца кансэкраваныя асобы. Няхай Год кансэкраванага жыцця будзе таксама нагодай да малітвы за тых, хто рэалізуе сваё пакліканне ў манаскіх супольнасцях, у свецкіх інстытутах ці ў індывідуальных формах жыцця, прысвечанага Пану.

Умілаваныя! Няхай наш нябесны заступнік, апякун дыяцэзіі св. Андрэй Баболя, Апостал Палесся, званы «душахватам», выпрошвае нам святасць жыцця, руплівасць у здабыванні цнотаў агульначалавечых і хрысціянскіх. Няхай нам спадарожнічае заступніцтва святых, благаслаўлёных і Слугаў Божых, якія ў розныя часы прабывалі на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі. Сярод іх:

— святы Казімір, каралевіч, труна якога некаторы час знаходзілася ў касцёле ў Ружанах;
— святы Рафал Каліноўскі, айцец ордэна кармэлітаў босых, які маладым спецыялістам працаваў у Брэсце і пасля адбыцця высылкі ў Сібіры адведаў радню ў сучасным Капыльскім і Нясвіжскім раёнах у Грозаве і Студзёнках;
— благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч, святар, выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі, які працаваў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, расстраляны гітлераўцамі ў 1942 г.;
— Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскай дыяцэзіі, які спачывае ў крыпце пінскай катэдры;  
— Слуга Божы Аляксандр Зянкевіч, святар, выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі, рэктар навагрудскага фарнага касцёла і капелан сясцёр назарэтанак, сярод якіх былі 11 мучаніц Другой сусветнай вайны,

а таксама шматлікія іншыя, вядомыя толькі Богу. Праз іх заступніцтва просім добрага Бога аб патрэбных ласках, каб перыяд адвэнтавага чування яшчэ больш наблізіў нас да Пана. На час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і святкавання дзевяностагоддзя існавання Пінскай дыяцэзіі з сэрца вас благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі  

Пінск, 21 лістапада 2014 г.

Шаноўныя душпастыры няхай абвесцяць гэты ліст вернікам у першую нядзелю Адвэнту, 30 лістапада 2014 г., на кожнай святой Імшы, а таксама размесцяць яго на дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Адвэнту.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію