Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў офіс камунікацый Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса
Іерархі
27.11.2014 17:09

Беларускі іерарх у якасці старшыні Рады па СМІ пры ККББ быў запрошаны для абмену вопытам у офіс камунікацый пры сядзібе Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса (КБАУ) у Лондане. Сустрэча прайшла 26 лістапада ў межах візіту арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Вялікабрытанію.

Арцыпастыр распавёў аб дзейнасці каталіцкіх СМІ ў Беларусі і асабліва пра сайт ККББ cаtholic.by. Паводле слоў Мітрапаліта, супрацоўнікі офіса з вялікім інтарэсам прынялі гэту інфармацыю, падкрэсліўшы, што ў некаторых аспектах catholic.by пераўзыходзіць афіцыйны сайт КБАУ.

Як адзначае іерарх, партал catholic.by можа пераняць шмат пазітыўнага ў сваіх калег. «Сярод такіх новаўвядзенняў была б дарэчы база фотаздымкаў касцёльных падзей на сайце, дасяжная для выдавецтваў, а таксама інтэрв’ю ў фармаце мр3, — сказаў арцыбіскуп. — Палепшыла б працу партала і наяўнасць спецыяльнага карэспандэнта ў кожнай з дыяцэзій Беларусі. Цэнтральны офіс у Мінску разам з рэгіянальнымі карэспандэнтамі распрацоўваў бы стратэгію працы на канкрэтны перыяд у залежнасці ад пастырскай праграмы ККББ».

Беларускі арцыпастыр дадаў, што ў КБАУ былі прыемна ўражаныя працай catholic.by і тым, што акрамя інфармацыйнага характару матэрыялы на сайце носяць і фармацыйны характар.

«Была адзначана аператыўнасць падачы інфармацыі, а асабліва іх уразіла інфармацыя аб чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе сярод святароў. Супрацоўнікі офіса камунікацый КБАУ высока ацанілі фотарэпартаж з гэтай падзеі, кажучы, што на catholic.by працуе прафесійны фатограф і што інфармацыя са здымкамі ўспрымаецца лепш».

Паводле арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, у офісе КБАУ з цікавасцю прынялі сам факт гульні ў футбол беларускіх святароў, кажучы, што англійская святары ахвотней гуляюць у гольф.

Англія і Уэльс налічвае 22 дыяцэзіі і каля 2300 парафій. Агульная колькасць біскупаў без уліку біскупаў на пенсіі — 32. У офісе КБАУ працуе 5 чалавек. У кожнай дыяцэзіі працуе па адным супрацоўніку, якія два-тры разы на год сустракаюцца для выпрацоўкі стратэгіі і каардынацыі працы.

Як удакладніў беларускі іерарх, для яго было цікавым даведацца, што КБАУ не мае друкаваных газет і часопісаў, усю інфармацыю падаючы на сваім афіцыйным сайце.

Арцыбіскуп таксама адзначыў, што ў краіне існуюць каталіцкія выданні, якія распаўсюджваюцца ў межах дыяцэзій і друкуюцца ў прыватных выдавецтвах з дазволу біскупа, які і з'яўляецца адначасова галоўным рэдактарам такіх СМІ.

«Існуюць у краіне і прыватныя “каталіцкія выданні”, матэрыялы якіх не заўсёды адлюстроўваюць афіцыйнае вучэнне Касцёла. Касцёл мог бы праз суд забараніць ім выкарыстоўваць назву “каталіцкі”, але наяўнасць такіх СМІ ілюструе паказчык свабоды прэсы і Касцёлу цяжка супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію