«Адвэнт — пачатак новай дарогі»: біскуп Юзаф Станеўскі ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе |
Іерархі |
03.12.2014 12:41 |
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў першую нядзелю Адвэнту наведаў парафію Божай Міласэрнасці (Маладзёжны) ў Лідзе. У гаміліі падчас святой Імшы іерарх заахвоціў вернікаў да малітоўнага чування перад прыйсцем Пана. «Адвэнт з’яўляецца пачаткам новай дарогі, часам чакання прыйсця Хрыста. Гэтае чаканне павінна быць актыўным, мы павінны вырушыць у дарогу і ісці за Хрыстом», — сказаў іерарх. Прыгадваючы асобу св. апостала Андрэя, якога ў літургічным календары Каталіцкі Касцёл узгадваў 30 лістапада, біскуп зазначыў, што «кожны чалавек можа зачэрпнуць з багацця асобы гэтага святога»: «Святы Андрэй, апостал, пачуўшы ў свой час пра Хрыста, пайшоў за Ім і прывёў да Яго і свайго брата Пятра. Мы таксама павінны не толькі самі ісці за Хрыстом, але і ўзяць за руку нашага брата і ісці разам у накірунку збаўлення». «Нашым братам з’яўляецца кожны чалавек, якога сустракаем на жыццёвай дарозе», — падкрэсліў іерарх. Біскуп адзначыў, што новы літургічны год, які распачынаецца Адвэнтам, павінен мець і «грамадскае вымярэнне»: рыхтуючыся самому, дапамагаць і іншым у гэтай падрыхтоўцы. Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў вернікаў лідскай парафіі да актыўнага перажывання Адвэнту і прыняцця пастаноў на гэты перыяд. Кс. Юрый Марціновіч, (IL) |