Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святочнае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Божае Нараджэнне 2014 года
Іерархі
23.12.2014 10:06

«Умілаваныя, будзем радавацца: сёння нарадзіўся нам Збаўца.
Бо няма месца на смутак тады, калі нараджаецца жыццё,
якое, знішчыўшы страх перад смерццю,
прынесла нам радасць абяцанага вечнага жыцця».
(Св. Леў Вялікі, Папа)

Дарагія дыяцэзіяне і людзі добрай волі!

З сэрцам, перапоўненым радасцю, адзначаем Божае Нараджэнне. Святкуем у лучнасці амаль з усім чалавецтвам, хоць і не ўсе да канца асэнсоўваюць важнасць гэтай падзеі. Мы маем ключ да разумення не толькі таямніцы Божага Нараджэння, але і гісторыі чалавецтва.

Калі ўвогуле «чалавека нельга зразумець без Хрыста», аб чым неаднаразова нагадваў св. Ян Павел ІІ, то на Божае Нараджэнне гэтая праўда набірае асаблівае значэнне. Яна становіцца даставернай у розных жыццёвых сітуацыях, бо ўзвышаецца па-над чалавечай прыродай і натуральным разуменнем сусвету. У такія моманты асабліва бачна тое, што без Бога і Яго рэальнай прысутнасці ў гісторыі чалавецтва ўсё іншае губляе сэнс.

І нават тыя, хто намагаўся разглядаць свет без рэлігіі, павінны былі прызнаць сваё паражэнне. Бо некаторыя з іх лічылі, што ўсплеск энтузіязму веры хутка затухае. І што лаіцызацыйныя працэсы ў свеце ўжо нельга стрымаць. А рэлігія ў сучасным грамадстве павінна захавацца як элемент фальклору. Аднак вера аказалася надзвычай жывучай і пераможнай. Сведчаннем гэтага з’яўляецца масавае святкаванне Нараджэння Божага Сына.

Святы Божага Нараджэння больш, чым іншыя, ставяць перад чалавекам пытанні аб прысутнасці Бога ў нашым жыцці, аб сэнсе жыцця чалавека, аб чалавечай тоеснасці і годнасці. Такія пытанні паўстаюць больш на гэтыя святы, чым на Вялікдзень, хоць па тэалагічнай важнасці Пасха з’яўляецца ўрачыстасцю больш высокага рангу. Магчыма, такому настрою спрыяе яскравае культурнае і эмацыянальнае афармленне, якое спадарожнічае Божаму Нараджэнню — з каляднымі спевамі, аплаткай і аздобленай ёлкай.

Нашы хрысціянскія абрады маюць штосьці такое ў сабе, што прываблівае таксама няверуючых у Хрыста асобаў. Але без Езуса гэтыя практыкі і святкаванні нельга зразумець. Можна толькі часткова наследаваць тое, што ў гэтыя дні робяць хрысціяне. Але толькі мы — веруючыя ў Хрыста — разумеем сапраўдны сэнс ламання аплаткай на памяць аб Тым, Хто застаўся з намі пад постаццю белага хлеба. Мы разумеем тэалагічную глыбіню і сапраўдную прычыну спеваў калядак для Таго, Хто, будучы Божым Сынам, стаў нашым Братам і нарадзіўся ў Бэтлееме з Дзевы Марыі. Гэта мы маем рэальную прычыну, каб на святы ставіць ёлку, якая з’яўляецца чымсьці больш важным, чым святочная дэкарацыя, бо нагадвае нам аб вечным жыцці, да якога заклікае нас Хрыстус. Вось чаму больш за іншых мы маем прычыну, каб радасна правесці святы Божага Нараджэння. Бо гэтыя святы такія прыгожыя, як наша вера і Евангелле Божага Сына. Ён стаў чалавекам, каб мы прынялі Яго Добрую Вестку і сталі ўдзельнікамі Адкуплення. Таму ўзнімем галовы і ўзрадуемся, бо з намі Нараджэнне Божага Сына святкуе амаль усё чалавецтва, хоць некаторыя не ўсведамляюць да канца значэння гэтай радасці і святаў. Узрадуемся, бо добры Бог даверыў нам ключ да разумення не толькі Божага Нараджэння, але і ўсёй гісторыі чалавецтва. Бо Уцелаўленне Хрыста ператварае гісторыю чалавецтва ў прыгожую гісторыю Збаўлення.

Таму няхай усведамленне вялікіх пладоў Божага Нараджэння дапаможа ўсім  радасна перажываць не толькі святочныя дні, але і надыходзячыя пасля іх будні. Няхай святло Божага Сына асвятляе нашае штодзённае жыццё, працу і адпачынак, напаўняючы іх радасцю хрысціянскай веры, надзеі і любові.

З пастырскім благаслаўленнем

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 17 снежня 2014 г.


Паважаныя душпастыры няхай абвесцяць вернікам гэтае віншаванне ва ўрачыстасць Божага Нараджэння ў час кожнай святой Імшы, а таксама размесцяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яў на ўвесь адпаведны літургічны перыяд.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію