Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія дыяцэзіяне!
«Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10–11). Гэтымі словамі анёл Пана абвясціў пастухам з Бэтлеема радасную навіну аб Нараджэнні Езуса Хрыста. Прыход Божага Сына ў гэты свет абуджае ў сэрцах радасць, бо з’яўляецца выражэннем спрадвечнай, бясконцай і загадкавай любові Бога да чалавека.
У святы Божага Нараджэння мы нанова перажываем таямніцу гэтай Божай любові. Яна надае сэнс нашаму жыццю, напаўняе нас даверам і супакоем; дзякуючы ёй мы адчуваем сябе шчаслівымі і спакойнымі, як любімыя дзеці нашага Айца, які ёсць у небе. Мы прагнем дзяліцца гэтай радасцю з сям’ёй і блізкімі, з братамі ў хрысціянскай веры і з усімі людзьмі добрай волі.
У гэты святочны час шлю вам, дарагія браты і сёстры, свае найлепшыя пажаданні. Няхай радасць святаў Божага Нараджэння загосціць у вашых сэрцах, сем’ях і ў цэлым грамадстве. Няхай Езус Хрыстус, Божы Сын, які прыходзіць у гэты свет з дарам збаўлення, узмацняе вас у веры, надзеі і любові. Няхай Ён шчодра адорвае вас здароўем і ўсімі патрэбнымі ласкамі.
Жадаю вам радасных, спакойных, поўных надзеі і аптымізму святаў Божага Нараджэння, а таксама шчаслівага, багатага на Божае благаслаўленне Новага 2015 года!
З пастырскім благаслаўленнем
Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі
Гродна, 16 снежня 2014 г.
Прашу паважаных святароў прачытаць гэтыя пажаданні ва ўрачыстасць Божага Нараджэння (25 снежня 2014 г.), а таксама ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі (1 студзеня 2015 г.).
|