Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дзякуй Табе, Пане, за Тваё Нараджэнне, бо сёння і мы зноў нараджаемся»: Апостальскі Нунцый узначаліў Імшу ва ўрачыстасць Нараджэння Пана
Іерархі
25.12.2014 16:11

25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу.

У Эўхарыстыі прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Сёння нараджаецца для нас Збаўца, Хрыстус, наш Пан, - з гэтымі словамі звярнуўся Апостальскі Нунцый у гаміліі да ўдзельнікаў Імшы. - Як дзіўна павінны былі гучаць гэтыя словы для габрэяў, якія іх чулі. Вядома, Бог ізраэльскага народа не быў нейкім філасофскім прынцыпам: гэта быў Бог любячы, патрабавальны, раўнівы, нават ваяўнічы дзеля свайго народа. Народ Ізраэля ўжо прызвычаіўся чуць, што ягоны Бог ішоў разам з ім, а не быў проста нейкім вялікім усеаглядным вокам, што пазірала з вышыняў на нашую такую далёкую чалавечую гісторыю.

Але тое, што Збаўца нараджаецца «сёння», мае ўжо містычнае значэнне. Збаўца нараджаецца? Ці можа Бог нарадзіцца як немаўля сярод людзей? Ці не з’яўляецца блюзнерствам думаць, што Бог нараджаецца, што Ён прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас? Так, габрэі чакаюць Месію да сённяшняга дня: невядома, калі Ён прыйдзе і які выгляд будзе мець. Ён будзе мець асаблівую сувязь з Богам і збавіць свой народ.

Але мы сёння абвяшчаем, што Месія прыйшоў, што Ён — гэта Дзіцятка, якое збавіла свет, якое нарадзілася гэтаксама, як і мы, як адзін з нас, таму што Ён сапраўды адзін з нас.

У чытаннях гэтай Імшы няма апісання нараджэння Езуса, але ёсць гімн святога Яна Багаслова, які кажа нам: гэты Сын, які быў у Айца, у адвечнай еднасці любові, ад пачатку свету, з таго часу, калі мы былі створаныя, гэты Сын стаўся чалавекам.

Заўважце добра: не стаў прысутным сярод людзей, але стаўся чалавекам, жывым целам, чаканнем, расчараваннем, адчаем, смерцю.

І мы сталі «Ягонымі», жывым целам, як і Ён, сынамі Божымі ў Ім. «Але свае Яго не прынялі».

Было лёгка верыць у Бога, які ўсё ведае, які ўсім кіруе, у Бога далёкага, недасяжнага. Але калі Бог прыйшоў да сваіх, стаўся адным з нас, тады мы Яго не прынялі, не пажадалі Яго. Мы Яму сказалі: «Дзякуй, Пане, за тое, што Ты нас любіш, але заставайся далей ад нас. Мы хочам быць усяго толькі беднымі людзьмі, нам не патрэбныя адносіны з небам. У нас ёсць свае планы, грошы, якія трэба зарабляць, сям’я, якую неабходна ўтрымліваць. Не заблытвай нас, не стварай нам праблем. Вядзі нас, але здалёк.

Мы будзем Табе маліцца, мы прынясем Табе ахвяры, каб Цябе ўлагодзіць, пастараемся Цябе не абражаць, каб Ты нам не помсціў. Але заставайся там, дзе Ты ёсць, не збівай нас з тропу».

А Бог сёння заблытвае нас: называе нас «сваімі», дае нам уладу стаць Ягонымі сынамі: няўжо мы — сыны Бога? Бог мае сыноў? Слугі, так, але не сыны. Ён — Пан, гаспадар, але не адзін з нас. Як такое магчыма?

Вось, браты і сёстры, дзівосная праўда Божага Нараджэння: яна цалкам змяняе нашае ўяўленне Бога: каб шукаць Яго, нам не трэба глядзець па-за сябе, па-за нашыя праблемы, нашыя надзеі, нашую гісторыю. Ён — ва ўсім гэтым, не таму, што зменшыўся да памераў нашай гісторыі, але таму, што пажадаў увайсці ў нашую штодзённасць: у нашыя сем’і, месцы вучобы, працы, адпачынку; Ён пяшчотна бярэ нас на рукі і кажа нам: «Ты не мог ісці за мною як Бог, гэта было занадта цяжка для цябе. Таму Я стаўся чалавекам, як і ты. Цяпер ты не можаш удаваць, як быццам Мяне не бачыш, не можаш сказаць, што ты занадта дурны, каб магчы зразумець Бога. Я кожны дзень знаходжуся на тваім шляху, у тваім сэрцы».

І мы скажам: «Але як убачыць Цябе, Пане? Мы не ў стане Цябе бачыць!» А Ён нам адкажа: «Навучыся глядзець у глыб сябе самога. Я — у тваім сэрцы, у людзях, якіх ты сустракаеш, у дабрыні, якая цябе вабіць, у справядлівасці, здзяйснення якой ты жадаеш, у прыгажосці, якую табе хочацца сузіраць.

Я так блізка да цябе, што ты нават не можаш у гэта паверыць. І я праходжу побач, а ты Мяне не бачыш. Ты шукаеш Мяне на нябёсах, а Я на зямлі. Ты шукаеш Мяне ў кнігах, а Я ў жывым целе, у сэрцы, у вачах.

Навучыся глядзець на Мяне, бо Я — Бог, які стаўся чалавекам.

Ты ўжо больш не маеш сабе апраўдання, не маеш алібі. Ты не можаш сказаць: „Божа, Ты занадта вялікі для мяне“.

Не, Я з табою, Я люблю цябе, Я памёр за цябе. Таму больш няма расчаравання, таму, калі ты плачаш, Я вытру твае слёзы, калі змагаешся за дабро, Я дам табе мужнасць і розум, калі спадзяешся, Я спланую для цябе будучыню, каб ты не знеахвоціўся, каб не страціў даверу, каб ты не казаў: „Але ж мой народ заўжды білі, прыніжалі, падманвалі“.

Не, ты Мой народ, і ты таксама, беларускі народзе, Мая любоў, Мая радасць. У табе Я сябе ўпадабаў. Я гатовы памерці за цябе яшчэ раз, каб цябе абараніць, каб даць табе надзею, каб сказаць табе, што ў гэтым кароткім урыўку часу, якім з’яўляецца чалавечая гісторыя, ты не самотны. Давай жа, наперад, будзь мужным! Спадзявайся ды йдзі, бо для Бога няма нічога немагчымага.

Я ўваскрос, каб узяць і цябе з сабою: таксама і ты, сыне ці дачка гэтай зямлі, уваскрэснеш са Мною. Я ўзыходжу на неба, і бяру цябе з сабою. Але прашу цябе, не кажы Мне: „Не, дзякуй. Гэта аж занадта доба, каб магло быць праўдай. Пакінь нас з нашым смуткам і нашым страхам“.

Калі ты скажаш так, то абарвеш крылы анёлу, якога Я паслаў да цябе, каб прывесці цябе да Мяне, на вышыню. Але калі ты паверыш, што гэта магчыма, твая зямля, твае азёры, твае лясы, твае гарады будуць адлюстраваннем Майго хараства і неяк увечары Я прыйду, каб прайсціся з табою, бо Мая радасць — гэта быць з вамі, аж пакуль мы не пачнем глядзець адзін аднаму проста ў вочы: вы — у Мае, а Я — у вашы, і не заплачам ад радасці, і не спасцігнем сэнс жыцця, цярпення, і вы не зразумееце, як моцна Я вас узлюбіў.

І тады, азіраючыся на вашае зямное жыццё, вы ўбачыце, што яно, нягледзячы ні на што, было прыгожым, як вясёлка».

Дзякуй Табе, Пане, за Тваё Нараджэнне! Дзякуй, бо сёння і мы таксама зноў нараджаемся".

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію