Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання Папы Францішка на Сусветны дзень міру (1 студзеня 2015 г.)
Іерархі
29.12.2014 08:42

Традыцыйна на Новы год, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру. З нагоды гэтага дня Папа звяртаецца да міжнароднай супольнасці са спецыяльным пасланнем. У гэтым годзе яно прысвечана феномену рабства ў сучасным свеце і называецца “Ужо не рабы, але браты” (пар. Флм 15-16).

Пасланне Папы складаецца з уступу і пяці раздзелаў, якія прысвечаны наступным тэмам: Божаму плану адносна чалавецтва, розным формам рабства ўчора і сёння, некаторым галоўным прычынам рабства, супольным намаганням па выкараненні рабства, і глабалізацыі братэрства ў барацьбе з рабствам.

Ва ўступе Пантыфік звяртаецца да ўсіх людзей, кіраўнікоў дзяржаў і лідараў розных рэлігій з пажаданнямі міру, якія суправаджаюцца малітвай аб міры (пар. ПДМ 2015, 1).

У першым разделе, прысвечанам Божаму плану адносна чалавека, Папа кажа аб тым, што тэма сёлетняга Паслання на Сусветны дзень міру ўзята з Паслання св. апостала Паўла да Філімона, у якім Апостал народаў нагадвае аб навяртанні Анісіма, які перад гэтым быў рабом таго ж Філімона. Стаўшы хрысціянінам, Анісім стаўся братам для іншых хрысціян.

Такім чынам, падкрэслівае Папа, навяртанне да Хрыста з’яўляецца новым нараджэннем, адраджаючым братэрства, як падмурку сацыяльнага жыцця. Усе людзі, як створаныя Богам па Яго вобразу і падабенству, незалежна ад іх паходжання і пасады маюць адзіную прыроду і аднолькавую годнасць, і таму паміж імі павінна панаваць братэрства.

На жаль, гэтае вынікаючае з прыроды чалавека братэрства парушае грэх. Гісторыя забойства Каінам свайго брата Абэля сведчыць аб непрыняцці паклікання быць братамі і сёстрамі і паказвае, якое цяжкае заданне стаіць перад чалавецтвам – жыць разам і клапаціцца адзін аб адным.

Пры гэтым Папа падкрэслівае, што немагчыма быць братамі толькі па Божаму загаду і без уключэння ў гэты працэс асабістай свабоды, гэта азначае без дабравольнага навяртання да Хрыста. Усё гэта нагадвае аб тым, што Добрая Навіна Езуса Хрыста, які ўсё чыніць новым, здольная вярнуць людзям братэрскія сувязі ў Хрысце (пар. ПДМ 2015, 2).

У другім разделе Папа Францішак звяртае ўвагу на розныя формы рабства, якія існуюць у наш час. Пантыфік падкрэслівае, што, нягледзячы на тое, што афіцыйна рабства забаронена, і на вельмі вялікія намаганні міжнароднай супольнасці назаўсёды скончыць з ім, яно, аднак, працягвае існаваць і ахоплівае не толькі дарослых мужчын і жанчын, але і малалетніх, сярод якіх нямала мігрантаў. Усе яны выкарыстоўваюцца як для цяжкай працы, так і вымушаны займацца прастытуцыяй, становячыся сексуальнымі рабамі. Пры гэтым Папа ўзгадвае таксама пра цяжкі лёс жанчын, якіх змушаюць выходзіць замуж без іх згоды, пра гандаль людзьмі для выкарыстання іх органаў, пра вярбоўку ў якасці жаўнераў, пра гандаль наркотыкамі, пра выкраданне людзей тэрарыстамі і трыманне іх у палоне і г.д. (пар. ПДМ 2015, 3)

У трэцяй частцы Паслання, нагадваючы аб сутнасных прычынах сучаснага рабства, Папа падкрэслівае, што галоўная прычына караніцца ў тым, што чалавек дапускае магчымасць выкарыстоўваць іншага чалавека ў якасці аб’екта сваіх зацікаўленасцяў, і такім чынам чалавечая асоба, створаная па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц 1, 27-28), становіцца таварам.

Акрамя гэтай галоўнай прычыны сучаснага рабства, існуюць і іншыя, такія, як беднасць, адсталасць, ізаляцыя, адсутнасць магчымасці адукацыі і працы, карупцыя, збройныя канфлікты, насілле, злачынства і тэрарызм (пар. ПДМ 2015, 4).

У чацвёртай частцы Паслання Пантыфік звяртае ўвагу на неабходнасць супольных намаганняў па выкараненні рабства. Пры гэтым Папа падкрэслівае, што, на вялікі жаль, рознародныя формы рабства, якія маюць месца ў сучасным свеце, адбываюцца ў атмасферы ўсеагульнай абыякавасці.

Гэта не што іншае, як выклік часу, і на яго неабходна як мага хутчэй і эфектыўней адказваць. Высілкі Касцёла, у тым ліку многіх манаскіх кангрэгацый, павінны падтрымлівацца міжнароднымі арганізацыямі. Нацыянальныя заканадаўствы пры гэтым павінны гарантаваць захаванне годнасці чалавека.

Вялікая адказнасць ляжыць на прадпрыемствах, якія павінны забяспечыць годныя ўмовы працы і належную зарплату. Пры гэтым сацыяльная адказнасць прадпрыемстваў павінна суправаджацца сацыяльнай адказнасцю спажыўца, бо набыццё нейкай рэчы з’яўляецца не толькі эканамічным, але і маральным актам (пар. ПДМ 2015, 5).

Тут Папа закранае адзін з найбольш неўралагічных пунктаў менталітэту сучаснага чалавека, а менавіта паступаючую ідэалогію шопінгу, па-за якім чалавек не бачыць сэнсу свайго існавання.

І, нарэшце, у пятай частцы Паслання Папа Францішак закранае праблему глабалізацыі братэрства, якое неабходна супрацьпаставіць рабству і пануючай у свеце абыякавасці адносна яго. Пантыфік звяртае ўвагу на тое, што Касцёл у справе абвяшчэння любові Хрыста ў складанай сацыяльнай рэчаіснасці сучаснасці займаецца дабрачыннасцю. У гэтай дзейнасці ён абапіраецца на праўду аб чалавеку. Яго першым заданнем ёсць паказваць людзям шлях навяртання, якое схіляе да змены погляду на іншага чалавека і прызнання ў ім брата і сястры, а таксама яго годнасці ў праўдзе і любові.

Таму Папа заклікае ўсіх людзей праяўляць братэрскія адносіны да тых, хто знаходзіцца ў сітуацыі сучаснага рабства. Пры гэтым Святы Айцец падкрэслівае, што рабства ўяўляе сабой з’яву агульнасусветнага маштабу, і таму ўсе салідарна павінны змагацца з ім. Перад гэтымі вельмі небяспечнымі выклікамі мы не можам заставацца абыякавымі. Салідарнасць усіх здаровых сіл і братэрства дапамогуць многім людзям, якія знаходзяцца ў рабстве, вярнуць надзею.

Сваё Пасланне Папа Францішак завяршае напамінам аб тым, што Бог спытаецца кожнага з нас: “Што ты зрабіў з тваім братам?” (пар. Быц 4, 10). Таму глабалізацыя абыякавасці, якая становіцца цяжарам у жыцці так многіх людзей, заклікае нас, каб мы сталі будаўнікамі глабалізацыі салідарнасці і братэрства, якія будуць здольнымі вярнуць абяздоленым надзею і ўчыніць, каб з адвагай нанова выйшлі ў шлях праз праблемы нашага часу і новыя перспектывы, якія яна нясе з сабой і якія Бог укладае ў нашыя рукі (пар. ПДМ 2015, 6).

P.S. Глыбокапаважаныя святары могуць выкарыстаць гэты каментарый 1 студзеня 2015 г. падчас гаміліі або парафіяльных аб’яў.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію