Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2015 год
Іерархі
12.01.2015 12:22

Тэкст паслання на польскай мове>>>

Навяртанне – шлях да жыцця з Богам

Дарагія браты і сёстры!

1. 2015 год – гэта другі год у праграме падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме. Ён прысвечаны навяртанню і будзе праходзіць пад дэвізам “Марыя – прытулак грэшнікаў”.

Ведаючы аб пагрозах, якія нясе атэістычны рэжым, Марыя ў далёкім 1917 г. на другім канцы Еўропы, у Фаціме, заклікала да малітвы і навяртання. Гэты заклік застаецца актуальным і сёння. Святы апостал Павел заклікае да пастаяннай малітвы (пар. 1 Тэс 5, 17). Езус сваю публічную дзейнасць распачынае ад закліку да навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15).

2. Заклік Хрыста да навяртання не быў чымсьці новым у жыцці Выбранага народу. Прыкладам са Старога Запавету можа служыць прарок Ёна, якога Бог паслаў у горад Нініву, каб абвясціць яго жыхарам, што яны маюць сорак дзён на навяртанне, каб іх горад не быў знішчаны (пар. Ён 3, 2-5). У Евангеллі чытаем, як святы Ян Хрысціцель заклікаў людзей да навяртання і падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу (пар. Лк 3, 4).

Касцёл таксама часта заклікае да навяртання. Асабліва падчас Адвэнту і Вялікага посту мы чуем заклік да перамены нашых сэрцаў. Можа, мы ўжо прызвычаіліся да такіх заклікаў і не вельмі звяртаем на іх увагу. На жаль, сучасны чалавек, разлічваючы выключна на свае сілы, не адчувае патрэбы ў малітве і навяртанні. Аднак менавіта яны з’яўляюцца асноўнымі элементамі ва ўпарадкаванні жыцця чалавека згодна з Божай воляй. Святы апостал Павел выразна кажа, што час кароткі і хутка праходзіць (пар. 1 Кар 7, 29). Гэтымі словамі Апостал народаў заахвочвае нас да адпаведнага Божай волі выкарыстоўвання часу на хвалу Бога, для служэння бліжнім і для нашага збаўлення.

Усе мы грэшнікі, як гэта часта падкрэслівае Папа Францішак. Таму заклік да навяртання павінен быць чымсьці вельмі актуальным для нас, калі мы жадаем быць добрымі вучнямі Хрыста.

3. Евангелле распавядае, што пасля закліку да навяртання Хрыстус паклікаў сваіх апосталаў (пар. Мк 1, 16-20). А таму заклік Касцёла да навяртання з’яўляецца не чым іншым, як заклікам быць вучнямі Хрыста. Езус сёння таксама заклікае нас ісці за Ім, каб асвятліць жыццё сучаснага чалавека святлом Яго Евангелля і веры.

Мы добра ведаем, што вера ў Бога з’яўляецца лекамі ад духоўных хваробаў, якім асабліва падвержаны сучасны свет. Без веры ў Бога чалавек ідзе па жыцці ў цемры, у выніку чаго спатыкаецца і падае. Калі мы страцілі веру або калі яна слабая, то нам неабходна навярнуцца, каб сапраўды будаваць наша жыццё на веры, каб быць шчаслівымі. У душы не будзе вясёлкі, калі ў вачах не было слёз, – кажа прыказка. Святы Амброзій вучыць, што Касцёл мае ваду і слёзы: ваду хросту і слёзы навяртання (пар. ККЦ 1429).

4. Бог кліча нас да навяртання, бо палюбіў нас да канца і нават паслаў у гэты свет свайго Адзінароднага Сына, які сваёй смерцю нас збавіў.

На жаль, мы не заўсёды задумваемся аб тым, наколькі каштоўнымі ў вачах Бога з’яўляемся. У Хрысце мы былі выбраны Богам яшчэ перад стварэннем свету (пар. Эф 1, 3-14), а ў сакрамэнце хросту сталіся дзецьмі Божымі (пар. Гал 3, 26-27). А калі мы выбраныя самім Богам, то натуральна, што наша жыццё павінна быць згодна з Божым законам. На самой справе мы бачым нешта зусім іншае і нават адваротнае, не ведаем, кім з’яўляемся; не ведаем, што былі адкуплены крывёй Хрыста і з’яўляемся найбольш каштоўнымі ў вачах Бога.

Часам мы можам пачуць, што хочам жыць у абсалютнай свабодзе і чыніць усё, што нам падабаецца. Так кажучы, мы не прызнаём факту, што былі выбраны Богам і адкуплены крывёй Збаўцы.

У сакрамэнце хросту мы былі пазначаны пячаткай Святога Духа. Гэта азначае, што з таго моманту мы належым да Хрыста і таму пакліканы да захавання Божага закону і такім чынам да святасці. Аднак, на жаль, вельмі часта мы забываемся аб гэтым і жывём паводле сваіх, а не Божых планаў. Адсюль і бярэцца грэх. Гэта не што іншае, як сказаць “не” Божаму плану. Грэх здараецца тады, калі не Бог, але мы самі вырашаем, што для нас з’яўляецца дабром і што не.

5. Пастырскі год, які распачынаецца, павінен стаць часам лячэння ад духоўнай хваробы граху. Езус лячыў розныя хваробы, але таксама і дараваў грахі. Ён не асуджаў грэшнікаў. Ён з любоўю прымаў іх, прабачаў грахі, заклікаў больш не грашыць і наследаваць Яго. Прыгадаем сабе гісторыю з жанчынай, якую злавілі на чужаложстве. Езус не асудзіў яе, толькі сказаў: “Ідзі і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 11).

Характэрным з’яўляецца і іншы евангельскі эпізод - візіт Езуса ў дом фарысея, калі туды прыйшла жанчына з кепскай рэпутацыяй. Яна абліла сваімі слязьмі ногі Езуса і выцерла іх валасамі. Фарысеі, якія прысутнічалі на абедзе з Езусам, думалі, што Ён не ведае, кім з’яўляецца гэтая жанчына, бо каб ведаў, то не дазволіў бы ёй дакранацца да сябе. Аднак Езус, ведаючы іх думкі, адказаў, што ёй даруюцца грахі, бо яна вельмі палюбіла (пар. Лк 7, 36-50).

Калі Езус праходзіў праз Ерыхон, то быў запрошаны ў дом кіраўніка мытнікаў Закхея, які лічыўся вялікім грэшнікам. Нам цяжка сабе ўявіць, як Езус мог увайсці ў яго дом. Жыхары Ерыхона былі згоршаны гэтым, але Езус ім адказаў, што Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсці і выратаваць тое, што загінула (пар. Лк 19, 1-10).

Нават калі Езус выбіраў сабе вучняў, то не заўсёды выбіраў з тых, якія мелі найлепшую рэпутацыю. Адзін з іх быў мытнік па імені Левій. Езус паглядзеў на яго і сказаў: “Ідзі за Мною” (Мк 2, 14). Больш за тое, Езус наведаў яго дом. У выніку Левій стаў апосталам Мацвеем і аўтарам першага Евангелля.

Таму не трэба здзіўляцца, што Езуса называлі прыяцелем мытнікаў і грэшнікаў (пар. Лк 7, 34).

Усё гэта нагадвае пра тое, што міласэрнасць Езуса бязмежная і Ён прабачае кожны грэх, калі мы аб гэтым просім. Ён лечыць раны нашай душы, а лекар патрэбны хворым, а не здаровым (пар. Мц 9, 12). Ён ва ўсім падобны да нас, акрамя граху (пар. Гбр 4, 15), добра разумее нашы цяжкасці, выпрабаванні і спакусы. Таму Ён не асуджае нас, але прабачае грахі і заклікае больш не грашыць.

6. Наша навяртанне адбываецца найперш у сакрамэнце пакаяння, падчас споведзі. Многія ў наш час задаюць пытанне: “А чаму я павінен спавядацца святару? Ці не магу проста самому Богу?” Калі мы захварэем, то да каго ідзём? Да ўрача, і аперацыю нам робіць хірург. Часам Бог цудоўным чынам можа вылечыць хворага без умяшальніцтва ўрача. Але звычайна Бог дзейнічае праз яго.

Падобна і з прабачэннем грахоў. Бог дзейнічае праз святара, які ад Езуса атрымаў сакрамэнтальную моц даравання грахоў, таксама як і моц цэлебраваць іншыя сакрамэнты. Хрыстус сказаў апосталам: “Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 23).

Пасля хірургічнай аперацыі людзі часта задаюцца пытаннем: “Ці хірург зрабіў усё добра, ці выдаліў усю пухліну?” Яны задаюцца такім пытаннем, бо ведаюць, што калі не ўся пухліна выдалена, то ізноў могуць быць праблемы са здароўем.

Падобна і з вызнаннем нашых грахоў. Калі мы не вызнаём усіх сваіх грахоў, то не будзем аздароўлены з духоўнай хваробы.

7. Якім чынам адпускаюцца нашы грахі? Праз ахвяру Езуса Хрыста на дрэве крыжа, якая з’яўляецца ахвярай нашага збаўлення. У сакрамэнце пакаяння, які яшчэ называецца сакрамэнтам паяднання з Богам і Касцёлам, Кроў Хрыста сплывае з дрэва крыжа і нас ачышчае.

Прыгожа аб навяртанні кажа прарок Ісая: “Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць як снег; калі будуць барвовыя, як пурпур, стануць як воўна” (Іс 1, 18).

Езус у сваіх аб’яўленнях святой Фаўстыне Кавальскай кажа аб сакрамэнце пакаяння так: “Пішы, гавары пра Маю міласэрнасць. Скажы душам, дзе яны павінны шукаць суцяшэння – у судзе міласэрнасці (г.зн. у сакрамэнце пакаяння); там найвялікшыя цуды, якія пастаянна паўтараюцца. Каб заслужыць гэты цуд, не трэба здзяйсняць ні далёкай пілігрымкі, ні якіхсьці знешніх абрадаў – дастакова з вераю прыступіць да падножжа Майго намесніка і сказаць Яму пра сваю бяду, і цуд Божай міласэрнасці з’явіцца ва ўсёй паўнаце. Нават калі душа, як труп, загнівае і ў людскім разуменні ўваскрашэнне ўжо немагчымае, і ўсё ўжо страчана – для Бога гэта не так; цуд Божай міласэрнасці ўваскрашае такую душу ва ўсёй паўнаце. Бедныя тыя, хто не карыстаецца гэтым цудам Божай міласэрнасці; дарэмна будзеце клікаць – будзе ўжо запозна” (Дз 1448).

На споведзі святар таксама прызначае нам пакуту, якая не з’яўляецца патрабаваннем Бога, паколькі Ён не мае патрэбы ў нашай пакуце. Мы ж самі яе патрабуем. Калі дзіця зробіць нешта дрэннае, то бацькі яго караюць, каб яно вучылася, што так нельга паступаць. Мы патрабуем пакуты для нашага дабра. Калі мы церпім ад пачуцця віны, то пакута з’яўляецца найлепшым спосабам вылечыць нашу віну.

8. Адна гісторыя распавядае аб тым, як аднойчы вечарам у зале, дзе былі дзеці, сярод якіх знаходзіўся сляпы хлопчык, згасла святло і ўсе дзеці пачалі плакаць і крычаць. Сляпы хлопчык спытаўся, што сталася, чаму такі шум. Яго сябар сказаў, што знікла святло і яны знаходзяцца ў цемры. Тады сляпы хлопчык сказаў: “Не бойся, вазьмі мяне за руку і я выведу цябе”.

Тады ўсе дзеці атрымалі вельмі важны ўрок. Хлопчык, хаця і быў сляпым, аднак не быў інвалідам; ён проста бачыў іншым спосабам. Як шмат сярод нас духоўных інвалідаў, і толькі навяртанне можа нас вылечыць і зноў учыніць духоўна здаровымі.

9. Вельмі часта мы пытаемся ў саміх сябе: чаму мы не выходзім з касцёла лепшымі, чым увайшлі? Чаму не адчуваем перамены? Чаму малітва не дадае нам нічога? Чаму мы толькі трацім час? Мы проста трацім веру і пачынаем думаць, што вакол усё кепска.

Прычына крыецца ў тым, што часта нашы рэлігійныя практыкі далёкія ад іх глыбокага зместу, яны толькі аддаюць даніну традыцыі без патрэбнага ўсім нам духоўнага навяртання. Нездарма псальміст усклікае: “Вызвалі мяне ад крыві, Божа, мой Збаўца, няхай славіць язык мой Тваю справядлівасць” (Пс 50, 16). Нам неабходна навяртанне ад усяго, што не згоднае з Божай воляй. Навяртанне – гэта ўмова аднавіць нашы адносіны з Богам і бліжнімі. Поспех у малітве і радасць жыцця магчымы толькі тады, калі мы навернемся да Бога.

Вялікі філосаф Эмануіл Кант казаў, што калі адзін чалавек, гледзячы ў лужу, бачыць у ёй бруд, то другі – зоркі, якія адлюстроўваюцца ў ёй (https://docs.google.com/document/d/1HMpLdLpK5lvekjQabBVNryaXYxF7zKz5Gf_wvA6kf-Y/preview?pli=1).

Мы ўсе створаны Богам, каб, як Марыя, быць зоркамі на Яго небасхіле. У сакрамэнце пакаяння Езус перамяняе нас і з нашай забруджанай душы чыніць чыстую і ззяючую святлом Божай ласкі. Няхай жа Год навяртання, які распачынаецца, стане часам вяртання да Бога і духоўнага ачышчэння, каб мы ізноў набылі годнасць Яго дзяцей, сталі зоркамі, якія свецяць жыццём Божай ласкі, і каб супакой Хрыста панаваў у нашых сэрцах, а праз нас у свеце.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – прытулку грэшнікаў, ад усяго сэрца благаслаўляю на гэты шлях: у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 31 снежня 2014 г.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Катехизис Католической Церкви. Культурный центр “Духовная Библиотека” 2001 (ККЦ).
2. Св. сястра Фаўстына Кавальска ZMBM. Дзённік. Божая Міласэрнасць у маёй душы. Мінск “ПРО ХРЫСТО” 2014 (Дз).
3. https://docs.google.com/document/d/1HMpLdLpK5lvekjQabBVNryaXYxF7zKz5Gf_wvA6kf-Y/preview?pli=1.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 18 студзеня 2015 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію