«Трагедыя свету ў тым, што ён страціў пачуццё граху»: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на сустрэчы духавенства архідыяцэзіі |
Іерархі |
15.01.2015 14:21 |
Пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла 15 студзеня ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. Святую Імшу для ўдзельнікаў сустрэчы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да чытанняў гэтага дня, у гаміліі іерарх зазначыў, што цуд, здзейснены Езусам, калі хворы на невылечную праказу аздаравіўся, актуальны і ў наш час.
«З гэтага чытання можна зрабіць дзве асноўныя высновы. Першая — слухаць Божае слова такім чынам, каб не закрывацца перад ім і прымаць яго, каб яно перамяняла нас і ўдасканальвала. Гэта патрэбна нам, святарам і кансэкраваным асобам. Патрэбна і нашым вернікам, да якіх мы пасланыя. Касцёл усё мацней падкрэслівае неабходнасць новай евангелізацыі, як першаснага яго задання ў наш час.
Другая выснова грунтуецца на словах Езуса: ідзі і пакажыся святару. Гэта вельмі важна ў пастырскі Год навяртання. Хто можа адпусціць грахі? Толькі Бог. Але Ён дзейнічае праз святара, які ад Яго імя і імя Касцёла адпускае грахі. Трагедыя сучаснага свету ў тым, што ён страціў пачуццё граху. Менавіта грэх з’яўляецца страшнай духоўнай праказай. Наша задача як святароў — растлумачыць вернікам, што кожны з нас грэшны і патрабуе навяртання, якое адбываецца ў сакрамэнце пакаяння», — дадаў Мітрапаліт. Іерарх заклікаў святароў і кансэкраваных асобаў прыкласці ў новым годзе максімум высілкаў для такога абвяшчэння Божага слова, каб яно сапраўды было ўспрынята слухачамі і змяняла іх сэрцы. Таксама арцыпастыр заклікаў святароў да правядзення пакутных набажэнстваў і ахвярнай паслугі ў канфесіянале, каб лячыць людзей ад хваробы духоўнай праказы. (DN), (IL) |
Фотарэпартаж |