17 студзеня ў межах візіту ў Санкт-Пецярбург Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў касцёле св. Кацярыны Александрыйскай.
Звяртаючыся да сабраных на Эўхарыстыі, арцыпастыр узгадаў, што гэтая святыня ў свой час называлася Маці ўсіх каталіцкіх касцёлаў Расійскай імперыі.
“Для мяне гэта вельмі важна, бо з горадам на Няве цесна звязана як маё жыццё, так і біскупскае служэнне, - прызнаўся іерарх. – Тут я правёў гады майго юнацтва, будучы студэнтам Ленінградскага палітэхнічнага інстытута. Сюды часта прыязджаў, калі служыў біскупам у Расіі. Менавіта тады мае сувязі з Санкт-Пецярбургам умацаваліся яшчэ больш, бо я быў ужо не студэнтам, а разам з іншымі біскупамі адказваў за адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Расіі. Сёння я дзякую Богу за тое, што мне было дадзена быць удзельнікам гэтага працэсу, адным з сімвалаў якога з’яўляецца адраджэнне з попелу гэтага храма св. Кацярыны”.
Мітрапаліт нагадаў таксама, што Ленінград адыграў вельмі вялікую ролю ў яго чалавечай фармацыі, калі, вымушаны з-за рэлігійных перакананняў пакінуць вучобу на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута, ён паехаў вучыцца ў Ленінградскі палітэхнічны інстытут.
Першы крок сённяшняга іерарха ў гэтую навучальную ўстанову, па яго словах, мог стаць апошнім, бо ва ўнутранай кішэні пінжака разам з дакументамі ў яго быў таксама медальён Багародзіцы, і ён выпадкова аказаўся сярод дакументаў, якія цяперашні Мітрапаліт падаваў у прыёмную камісію. Але жанчына, якая іх узяла, аддала медальён яму са словамі: “Вазьміце і нікому не паказвайце”.
“За ўвесь час вучобы ў інстытуце мяне ніхто не папракнуў у тым, што я быў веруючым, хаця многія аб гэтым ведалі”, - дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт нагадаў, што 16 з паловай гадоў яго біскупскага служэння прысвечаны служэнню ў Расіі і ў тым ліку ў горадзе на Няве. “Бог дазволіў мне разам з братамі ў біскупстве і святарстве, з кансэкраванымі асобамі і вернікамі быць удзельнікам прадказанага Марыяй у Фаціме навяртання Расіі. Гэты працэс не лёгкі, але ён ужо прынёс свае плёны і будзе прыносіць у будучыні, аб чым штодзённа малюся, бо ў Расіі пакінуў частку свайго сэрца”, - сказаў іерарх. Поўны тэкст гаміліі на рускай мове>>>
Яшчэ раз падзякаваўшы расійскім католікам за запрашэнне, Мітрапаліт заклікаў іх “заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню”. Арцыпастыр пажадаў Божага благаслаўлення сённяшняму кіраўніку архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскупу Паоло Пеццы, святарам і законным асобам, усім вернікам і асабліва католікам Санкт-Пецярбурга.
Таксама іерарх папрасіў аб малітве, каб ён “заўсёды быў чуваючым вартаўніком” Божага Народу, даверанага яго пастырскай апецы, і “нястомна ўмацоўваў яго веру, надзею і любоў”.
“Няхай Касцёл, як у Расіі, так і ў Беларусі, умацоўваецца і будзе тым месцам, дзе мы знойдзем Хрыста, каб Ён быў нашым правадніком па заблытаных лабірынтах нашага жыцця і нашай надзеяй”, - пажадаў Мітрапаліт. (AG)
|