18 студзеня ў межах свайго візіту ў Санкт-Пецярбург Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле св. Станіслава.
Пробашч парафіі кс. Кшыштаф Пажарскі па благаслаўленні ардынарыя архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскупа Паоло Пеццы запрасіў беларускага іерарха адзначыць 25-годдзе біскупскага пасвячэння ў гэтай святыні.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас Імшы прызнаўся, што касцёл св. Станіслава, як і іншыя пецярбургскія каталіцкія святыні, вельмі яму дарагі, бо “ў свой час трэба было прыкласці нямала намаганняў, каб вярнуць яго каталіцкай супольнасці”.
Мітрапаліт дадаў, што Санкт-Пецярбург адыграў вельмі вялікую ролю ў яго жыцці: тут у 60-х гг. ХХ ст. ён вучыўся ў палітэхнічным інстытуце, тут у часы ганенняў на Касцёл святыня Маці Божай Лурдскай была “аазісам каталіцызму”.
“Пазней, працуючы ў Вільнюсе, калі ў Беларусі святароў станавілася ўсё менш, а ў Расіі было толькі два – адзін у Маскве, а другі ў Ленінградзе – і не бачна было ніякай перспектывы на лепшае, я адказаў на заклік Хрыста да святарства “так”, што, у сваю чаргу, прывяло мяне да паўнаты святарства, якую 25 гадоў таму я атрымаў у біскупскай сакры ад св. Яна Паўла ІІ, - адзначыў Мітрапаліт. – Менавіта дзякуючы гэтаму Божы Провід прывёў мяне другі раз у Расію і ў горад на Няве, каб стаць першым пасля доўгіх дзесяцігоддзяў біскупам, а затым Мітрапалітам, на гэтай выпаленай сонцам атэізму зямлі”.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў глыбока сімвалічным тое, што гэтая Імша адбываецца ў святыні св. Станіслава, пабудаванай на месцы былога дома першага каталіцкага Мітрапаліта Расійскай імперыі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, які там жа і пахаваны.
Таксама, па словах арцыпастыра, сімвалічна тое, што гэтая Імша праходзіць там, дзе восем гадоў служыў вікарыем кс. Антоні Малецкі, які ў разгар ганенняў на Касцёл, у 1926 г., быў прызначаны біскупам і Апостальскім адміністратарам Ленінграда і 80-годдзе смерці якога адзначаецца ў гэтым годзе. Поўны тэкст гаміліі на рускай мове>>>
“Разам з вамі сёння ў гэтым гістарычным храме св. Станіслава дзякую Богу за 25 гадоў біскупскага служэння, да якога мяне таксама рыхтаваў горад на Няве”, - сказаў Мітрапаліт.
“Цяпер я служу ў Беларусі, але хачу запэўніць, што заўсёды памятаю пра Расію і малюся аб ёй, асабліва аб горадзе на Няве”, - дадаў іерарх і пажадаў усім сабраным шчодрых Божых ласкаў і дароў Духа Святога.
Таксама арцыпастыр папрасіў маліцца за яго, каб ён з гонарам і годна далей выконваў ускладзеныя на яго плечы абавязкі біскупа, “як таго, хто глядзіць наперад, на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей”.
(AG)
|