«Гартаем прэсу»: у інтэрв'ю 1995 года — першы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Аўгустыно Маркетто |
Іерархі |
20.01.2015 21:44 |
«Нунцый — вока, вуха і рука Святога Айца ў канкрэтнай краіне». 20 гадоў таму часопіс «Ave Maria» апублікаваў інтэрв'ю з першым Апостальскім Нунцыем у гісторыі суверэннай Беларусі — арцыбіскупам Аўгустыно Маркетто. У цэнтры ўвагі — узаемаадносіны з дзяржавай, субардынацыя з мясцовымі біскупамі і апісанне працоўнага дня нунцыя. 18 мая 1994 года ў Беларусь з дыпламатычнай місіяй быў накіраваны арцыбіскуп Аўгустыно Маркетто, які стаў першым у гісторыі суверэннай Беларусі Апостальскім Нунцыем. Для 54-гадовага іерарха, які дагэтуль дыпламатычную службу нёс пераважна ў краінах Афрыкі, Беларусь стала адной з першых еўрапейскіх краін, куды яго прызначылі ў якасці папскага пасланніка. Вернемся ж на 20 гадоў назад і зазірнем у інтэрв'ю іерарха. — Ваша Эксцэленцыя, вельмі многіх цікавіць: хто ж такі нунцый? — З першых стагоддзяў жыцця Хрысціянскага Касцёла ў Папы заўсёды былі свае прадстаўнікі. У самых аддаленых рэгіёнах Заходняга Патрыярхата іх называлі апостальскімі вікарыямі, а ў цэнтры — у імператараў і каралёў — такіх прадстаўнікоў называлі апакрызарыямі. І сёння са згоды Каталіцкага Касцёла і па волі Святога Айца гэта традыцыя працягваецца: існуе афіцыйнае і пастаяннае прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы перад дзяржаўнай і касцёльнай уладамі. Цяпер гэтых прадстаўнікоў называюць нунцыямі або пранунцыямі. Розніца паміж назвамі чыста гістарычная. — У чым заключаецца місія нунцыя перад Касцёлам краіны, у якой ён з’яўляецца прадстаўніком Апостальскай Сталіцы? — Другі Ватыканскі Сабор прадставіў Касцёл як таямніцу супольнасці і як бы вярнуў яго да вытокаў, да характэрных асаблівасцяў жыцця Касцёла ў першым тысячагоддзі. Галоўная задача Папы як бачнай асновы гэтае супольнасці, якою з’яўляецца Касцёл, — дапамагаць здзяйсненню адзінства ў веры, любові, сакрамэнтах і асноўных канонах Касцёла. Гэту задачу ён выконвае таксама і праз сваіх прадстаўнікоў.
На фота: кардынал Казімір Свёнтэк і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Аўгустыно Маркетто ў мінскай архікатэдры, 1994 год Для ажыццяўлення і ўмацавання гэтае супольнасці нунцый прадстаўляе Папу, улічваючы асаблівасці мясцовага Касцёла ў адзінстве ўсяго Касцёла. Пэўна ж, нунцый павінен азнаёміцца з мясцовым Касцёлам, імкнучыся пастаянна слухаць, разумець і любіць. Знаёмства з жыццём мясцовых Касцёлаў (што датычыць майго асабістага вопыту ў Замбіі, Малавіі, на Кубе, Алжыры, Тунісе, Марока, Лівіі, Партугаліі, Зімбабвэ, Мазамбіку, на Мадагаскары і Танзаніі), — дазваляе нунцыю глыбей пазнаць і палюбіць Паўсюдны Касцёл ва ўсім яго харастве, шматграннасці і адзінстве. Кажучы вобразна, ён — вока, вуха і рука Святога Айца ў канкрэтнай краіне. Нунцый таксама не толькі язык Папы, словы якога ён павінен данесці, але і яго сэрца. Праз нунцыя Святы Пасад і Паўсюдны Касцёл праяўляюць сваю салідарнасць з мясцовым Касцёлам. Асабліва гэта важна ў складаных сітуацыях: у выпадку ганенняў, крызісу адзінства або веры, дыскрымінацыі. Ён павінен таксама спрыяць актывізацыі мясцовага Касцёла, паважаючы місію і службу біскупа — пераемніка апосталаў, і пастыраў гэтага Касцёла. — У адносінах да дзяржавы нунцый праяўляе тыя ўвагу і клопат, якія адлюстроўваюць адносіны Святога Айца да гэтай краіны. Улічваючы аддзяленне Касцёла ад дзяржавы і іх розныя мэты, нунцый імкнецца знайсці агульныя кропкі судакранання да найбольш поўнага паспяховага супрацоўніцтва, каб тым самым паслужыць на карысць грамадства. Гэта вельмі важна, бо ў адной і той жа краіне людзі могуць належаць да Касцёла і да дзяржавы. Таму нунцый сваёю місіяй павінен спрыяць дыялогу паміж імі для больш поўнага ўзаемапаразумення і паспяховага супрацоўніцтва. Прытым, неабходна ўлічваць рэальныя асаблівасці мясцовага Касцёла. Глыбока рэлігійная місія нунцыя адкрыта да шчырага супрацоўніцтва з дзяржаваю для міру і дабра. Не ва ўсіх людзей аднолькавыя ўяўленні пра свет. У Святога Пасаду, безумоўна, сваё бачанне свету. У энцыкліцы Папы Яна XXIII «Pacem in terris» («Мір на зямлі») мне імпануе думка, што асноваю свету з’яўляюцца ісціна, справядлівасць, любоў да бліжняга і свабода — і можна да гэтага дадаць: гарманічнае развіццё чалавека ў сукупнасці духоўнага і матэрыяльнага. Папа Ян Павел ІІ бачыць у недастатковым развіцці чалавека пагрозу для свету. Трэба падкрэсліць, што сёння Святы Пасад асаблівую ўвагу надае правам чалавека. І, калі больш канкрэтна, — свабодзе сумлення, свабодзе рэлігій і свабодзе культа. Гэта не выпадкова, паколькі з’яўляецца сутнасцю Святога Пасаду. — Якія адносіны паміж нунцыем і біскупамі краіны, у якой ён працуе? — Як вядома, Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліваў неабходную сувязь паміж першынством Папы, якога прадстаўляе нунцый, і саборнасцю біскупаў. Такім чынам, паміж біскупамі і нунцыем неабходна не толькі пастаяннае супрацоўніцтва, але і ўзаемапавага, клопат і згода. Недастаткова сустрэцца з біскупамі толькі тады, калі трэба вырашыць нейкую праблему або аб чымсьці яго праінфармаваць, — кантакт паміж нунцыем і біскупамі павінен быць пастаянным. — Ці падпарадкоўваецца біскуп нунцыю? — Не. Існуе, як ужо адзначалася, пастаянны кантакт, скаардынаваныя адносіны на розных узроўнях. Па асноўных палажэннях Касцёльнага Права, паколькі нунцый прадстаўляе Пятра і яго функцыі, біскупы, натуральна, павінны быць у згодзе. Аднак гэта не азначае, што нунцый з’яўляецца біскупам дыяцэзіі, або што ён можа замяніць біскупа мясцовага Касцёла. Таму што нават прадстаўнік Папы павінен паважаць правы мясцовага біскупа, як пераемніка апосталаў. У сувязі з гэтым хачу зазначыць, што самаю цяжкаю задачаю нунцыя па існуючых законах Каталіцкага Касцёла з’яўляецца яго адказнасць у выпадку прызначэння біскупа. Гэта павінна адбывацца з улікам і разуменнем існуючай рэальнасці, а таксама пры ўважлівым вывучэнні сітуацыі і кандыдатур. У гэтым пытанні павінна праявіцца мудрасць Касцёла. Вынік такога аналізу — даклад нунцыя Апостальскай Сталіцы. Канчатковае ж рашэнне па гэтым пытанні прымае Папа. — Працоўны дзень нунцыя падобны да працоўнага дня кожнага біскупа: малітва, літургія, удзяленне сакрамэнтаў, дзелавыя сустрэчы, чытанне прэсы і духоўнай літаратуры, візіты. Гэта штодзённае жыццё напоўнена духоўнасцю, як і жыццё кожнага біскупа — прадстаўніка Езуса Хрыста. Паколькі нунцый з’яўляецца прадстаўніком таксама біскупа Рыма, г.зн. Папы, ён павінен імкнуцца выказваць не сваю думку, а перш за ўсё быць рэхам Евангелля і вучэння Папы. Павінен прадстаўляць светапогляд Папы і яго пастырскі прыярытэт, яго абарону правоў чалавека, праяўляць яго пастырскі клопат. У выніку нунцый — не толькі чыноўнік, нават калі ён шмат часу праводзіць у офісе. Уся яго дзейнасць прасякнута пастырскім духам, які дазваляе яму за дакументамі і паперамі бачыць канкрэтных людзей — хрысціян, веруючых; краіну, з яе лёсам і гісторыяй, з яе праблемамі, якія трэба дапамагчы вырашыць, і з яе добрымі памкненнямі, якія трэба пазнаць і дапамагчы іх развіць. — Што б Вы хацелі пажадаць Касцёлу ў Беларусі? — Як я ўжо гаварыў на інгрэсе Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка ў чатырох катэдрах (мінскай, магілёўскай, гродзенскай, пінскай), вялікая задача, якая стаіць перад намі, — ажыццяўленне пастановаў Другога Ватыканскага Сабору. І гэта менавіта тая праграма, якую Папа Ян Павел ІІ прадставіў Паўсюднаму Касцёлу з нагоды юбілею 2000 года і пачатку трэцяга тысячагоддзя. Хачу нагадаць пра тры асноўныя задачы, якія вынікаюць з пастановаў Другога Ватыканскага Сабору:
«Ave Maria», № 4, 1995 год |