Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў варшаўскі Цэнтр фармацыі місіянераў |
Іерархі |
20.04.2015 12:40 |
Правядзенне місіянерскай дзейнасці патрабуе, каб той, хто працуе для Евангелля, атрымаў перад гэтым веды, неабходныя для выканання сваёй дзейнасці, таму ідэяй заснавання цэнтра была дапамога ў адпаведнай падрыхтоўцы будучых місіянераў да працы ў місійных краінах. Гэтая падрыхтоўка згодна з задумай павінна ахопліваць як духоўную, так і інтэлектуальную сферы.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў капліцы цэнтра. У гаміліі арцыпастыр распавёў пра душпастырскую працу ў Беларусі. Звяртаючыся да будучых місіянераў, Мітрапаліт адзначыў, што яны павінны быць сёння сведкамі Хрыста, несці Яго людзям, якія не ведаюць Бога, а гэта можна зрабіць толькі тады, калі яны самі будуць напоўнены Богам і здолеюць знайсці паразуменне з прадстаўнікамі іншых культур і моваў. Іерарх дадаў, што чалавек, якога Бог адарыў гэтым пакліканнем, абавязаны найперш клапаціцца аб сваёй святасці. У гэтым імкненні да дасканалага жыцця, па словах Мітрапаліта, падчас падрыхтоўкі да місіянерскай працы асаблівы акцэнт кладзецца на духоўную фармацыю. Будучыя місіянеры старанна вывучаюць мовы, якія ўжываюцца ў місійных краінах, - англійскую, французскую і іспанскую, пры неабходнасці праводзяцца таксама курсы партугальскай і рускай моваў. Акрамя таго, будучыя місіянеры наведваюць місіялагічныя заняткі, тэматыка якіх ахоплівае тэалогію місіянерства, гісторыю місіянерства, методыку місіянерства, рэлігіязнаўства, місіянерскую адаптацыю, этналогію рэлігіі, сацыялогію рэлігіі, фенаменалогію рэлігіі, місіянерскую антрапалогію, міжрэлігійны дыялог, інкультурацыю. Тэарэтычныя веды ўзбагачаюцца сустрэчамі з місіянерамі, якія наведваюць цэнтр.
Выразам клопату аб практычным уменні і ведах, якія датычаць здароўя будучых місіянераў, з’яўляюцца лекцыі па трапічнай медыцыне. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў будучым місіянерам, каб яны як найлепш падрыхтаваліся да свайго служэння, бо, як адзначыў, “Касцёлу патрэбны сёння добрыя місіянеры, якія занясуць Хрыста ўсюды, дзе Яго яшчэ не ведаюць”. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |