Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Нядзелю малітваў аб пакліканнях 26 красавіка 2015 г.
Іерархі
23.04.2015 14:38

Тэкст на польскай мове>>>

Выйсці з сябе, каб пачуць голас клічучага Пана

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Мы перажываем велікодны перыяд, калі асаблівым чынам радуемся і дзякуем за самы каштоўны дар, які Бог даў нам, – за збаўленне, якое нам выслужыў Езус сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем.

Нядзельныя чытанні заахвочваюць нас бясконца дзякаваць і праслаўляць Бога за гэты дар. У іх мы таксама чуем словы, якія павучаюць нас аб тым, што духоўнае жыццё ў Хрысце – гэта незаслужаная намі Божая ласка, якую мы атрымалі задарма. Мы чуем таксама, што можна занядбаць гэтую ласку і нават страціць яе. У гэтых чытаннях мы таксама чуем павучанне, як пазбегнуць такога негатыўнага выніку.

У першым чытанні з Дзеяў Апосталаў апостал Пётр сярод натоўпу ў Ерузалеме аб’яўляе прысутным правадырам і старэйшынам габрэйскага народа, што кульгавы чалавек быў вылечаны іменем Езуса Хрыста, якога яны ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых. Ён, Хрыстус, камень, адкінуты будаўнікамі, і ў Ім збаўленне (пар. Дзеі 4, 10-12).

Гэтыя словы павінны прыгадаць нам аб тым, што Езус памёр таксама і за нашы грахі, і тое, што мы ў XXI стагоддзі таксама пажынаем з плёну Яго пасхальнай таямніцы.

2. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае Чацвёртую велікодную нядзелю, якая называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. Ёю мы распачынаем Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

У сучасных урбаністычных грамадствах мы не вельмі знаёмыя з тэхналогіямі авечкагадоўлі і схільныя яе ўпрыгожваць. Для многіх гэта рамантыка. На самой жа справе, асабліва ў часы Езуса Хрыста, гэта быў самотны, суровы і небяспечны занятак. Нездарма Езус выкарыстоўвае парабалу аб тым, што добры пастыр павінен быць гатовы аддаць сваё жыццё за авечак, бо кепскі пастух, для якога авечкі маюць толькі ўтылітарную каштоўнасць, пры небяспецы кідае іх і сам уцякае.

3. Выкарыстоўваючы гэтую парабалу, Езус мае на ўвазе цесную, асабістую сувязь, якая павінна існаваць паміж Ім і Яго паслядоўнікамі. Ён прапануе сваё жыццё для іх, і яны павінны адказваць Яму з поўным даверам, бо ведаюць і любяць Яго, як Ён любіць свайго нябеснага Айца.

Мы жывём у свеце, у якім імкненне да асабістай свабоды цэніцца вышэй за ўсё. Аднак тут узнікае праблема ў тым, што свабода аднаго чалавека можа лёгка парушыць правы іншага. У такіх выпадках трэба прызнаць, што асабістая свабода не можа быць абсалютнай. Калі вядомы амерыканскі спявак Фрэнк Сінатра спяваў песню аб сваім асабістым шляху, то, хаця ён цешыў ёю многіх слухачоў, аднак у той жа час многія думкі гэтай песні мелі сумніўны тэалагічны характар. Бо ідэалам не павінен быць мой асабісты шлях, але праўдзівы, згодны з Божай воляй, шлях.

4. Калі Езус кажа, што Ён Добры Пастыр, то гэта азначае, што Ён гарантуе камфорт і бяспеку для іншых. Прарок Езэкіэль так апісвае кепскіх пастыраў: “Гора пастырам Ізраэлевым, якія пасвілі самі сябе! Ці ж не статак павінны пасвіць пастыры? Вы елі тлушч і воўнаю апраналіся, укормленых авечак калолі, а статак не пасвілі” (Ез 34, 2-3). Такія эгаістычныя пастухі не клапоцяцца пра сваіх авечак, а толькі выкарыстоўваюць іх для задавальнення ўласных патрэб.

Калі мы хочам быць паслядоўнікамі Добрага Пастыра, то павінны мець такія ж адносіны з Богам, якія меў Езус. Гэта азначае, што мы павінны адкрыць сябе на рэальнасць Божай любові да нас, а потым рабіць усё, каб яна ажыццявілася ў жыцці іншых людзей. Гэта часта азначае, што нам неабходна ставіць інтарэсы і патрэбы іншых людзей перад нашымі ўласнымі. Іншымі словамі, мы свой шлях павінны зрабіць шляхам іншых. На першы погляд гэта можа выглядаць як рэцэпт для расчаравання і рабства, але такую выснову можа зрабіць толькі той, хто сам яго не спрабаваў. Добры Пастыр таксама шчаслівы пастыр!

5. У сённяшнім Евангеллі Хрыстус, нагадваючы аб авечках, якія ведаюць свайго пастыра, кажа таксама і аб тых, якія Яго не ведаюць і якіх трэба прывесці ў Яго двор, каб яны слухалі Яго голас і каб быў адзін статак і адзін пастыр (пар. Ян 10, 11-18). Гэтыя словы звернуты да язычнікаў, да тых людзей, якія не былі габрэямі, бо ў Хрысце ўсе пакліканы да збаўлення.

Клопат аб іншых дапамагае стварыць у нас пачуццё пазнання Езуса так, як Ён ведае нас. Калі гэта адбудзецца, то інстынктыўна мы распазнаем голас нашага Добрага Пастыра і з задавальненнем пойдзем за Ім у будучыню.

Клапаціцца пра тых, якія пазналі Хрыста і якія яшчэ Яго не пазналі, Касцёл даверыў перад усім святарам, якія дзейнічаюць ад імя Езуса і Яго моцай. Мы цешымся, што павялічваецца колькасць святароў у нашай краіне.

Аднак, як паказвае практыка, колькасць пакліканняў да святарства з кожным годам памяншаецца. Тут, напэўна, ёсць шмат прычын. Гэта найперш секулярны дух, які ўсё больш пануе ў свеце, калі людзі жывуць так, як быццам Бога няма. Гэта таксама і негатыўны вобраз святара, які нярэдка ствараюць сучасныя медыя. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе адыгрывае і негатыўнае стаўленне некаторых бацькоў да святарскага паклікання сына.

Усе хочуць мець святара, аднак трэба памятаць аб тым, што святары не прыходзяць з космасу і што кандыдаты ў святарства нараджаюцца і выхоўваюцца ў нашых сем’ях. Таму ўсім нам неабходна вельмі сур’ёзна падысці да праблемы паклікання і перад усім маліцца, каб маладыя людзі, якіх Хрыстус кліча да святарства ці кансэкраванага жыцця, пачулі Яго голас і адказалі на яго словамі прарока Ісаі: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8).

6. У сваім Пасланні на чарговы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях Папа Францішак падкрэсліў, што пакліканне можа ўзнікнуць толькі ў досведзе місіі, тады, калі мы зможам выйсці з саміх сябе і адказаць на пакліканне, якое Бог нам дае. Папа прыгадвае гісторыю збаўлення, якая заўсёды ўключала ў сябе выхад з няволі да свабоды, з рабства старога чалавека да новага жыцця ў Хрысце.

У цэнтры кожнага хрысціянскага паклікання павінен стаяць вопыт веры, які заклікае адмовіцца ад сябе, ад камфорту і бескампраміснасці ўласнага “я”, каб засяродзіць сваё жыццё на Езусе Хрысце. Падобна Абрагаму, неабходна пакінуць сваю зямлю і пайсці туды, куды кліча Бог, ведаючы, што Ён пакажа дарогу да новай зямлі.

Гэтага выхаду не трэба разумець як адмовы ад самога сябе. Наадварот, той, хто ідзе за Хрыстом і ахвяруе сябе Богу, знойдзе жыццё ва ўсёй поўні. Працэс выхаду ўкаранёны ў любові, бо пакліканне перад усім з’яўляецца выклікам любові, якая прыцягвае і адначасова дазваляе выйсці з сябе, а таксама стаць дарам іншым.

У сувязі з гэтым Святы Айцец Францішак звяртаецца да маладога пакалення, якое часта перажывае нявызначанасць і асцярогі ў абліччы будучыні, з заклікам не баяцца выходзіць з уласных абмежаванняў і даць Богу магчымасць здзівіць сваім пакліканнем (пар. Messaggio).

7. Заўтра, 27 красавіка, Касцёл адзначае першую гадавіну кананізацыі Папы Яна Паўла II, які так шмат учыніў як для адраджэння Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне, так і для фармацыі святароў. У сваёй спадчыне ён пакінуў нам цэлую скарбніцу вучэння аб святарстве і яго значэнні для Касцёла і евангелізацыі. Для святога Яна Паўла II святарства было дарам і таямніцай. Нам неабходна маліцца, каб як мага больш юнакоў паўтарыла словы гэтага Вялікага Пантыфіка, каб у нашай краіне было дастаткова святароў, якія будуць абвяшчаць вечна жывую праўду Евангелля, асвячаць людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і, служачы ім у любові, будаваць хрысціянскія супольнасці.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці святароў, – на шлях малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, +і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 красавіка 2015 г.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Messaggio del Santo Padre Francesco per la 52ª Giornata mondiale di preghiera per le vocazioni (Messaggio).

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у Чацвёртую велікодную нядзелю, 26 красавіка 2015 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію