3 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у сустрэчы на тэму “Шляхі ўзаемаразумення паміж немцамі і беларусамі”. Сустрэча адбылася ў межах Мемарыяльнай паездкі ў Трасцянец “Памятаем дзеля агульнаеўрапейскай будучыні”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі над фашызмам.
Сустрэча “Шляхі ўзаемаразумення паміж немцамі і беларусамі” праходзіла ў мінскім праваслаўным храме Усіх Святых.
У сваім слове падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, між іншым, сказаў:
“У Трасцянцы загінула больш за 200 тысяч чалавек, у асноўным габрэяў, з якіх многія былі прывезены з Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Польшчы і іншых краін. Сярод загінуўшых у гэтым лагеры смерці былі таксама і людзі іншых нацыянальнасцяў і веравызнанняў, у тым ліку католікі і праваслаўныя. У Трасцянцы спачываюць парэшткі каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага, забітага нацыстамі ў вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 1942 г.
Напэўна, многія могуць спытацца: “Божа, дзе Ты тады быў? Чаму не затрымаў рукі, якая забівала нявінных?” На такое пытанне Бог нам адказвае: “Я быў на сваім месцы. Я даў табе, чалавек, свой закон, любіць бліжняга як самога сябе. Але дзе ты быў? Чаму ты супрацівіўся Майму закону?” У адказе на гэтае пытанне крыецца праблема Трасцянца, Хатыні, Курапатаў і многіх іншых месцаў масавых рэпрэсій”.
“Мы, прадстаўнікі Беларусі, трэцяя частка насельніцтва якой загінула падчас II Сусветнай вайны, і Германіі, сабраліся тут, каб, як еўрапейцы – жыхары таго ж самага кантынента, - памаліцца ў інтэнцыі загінуўшых, ачысціць памяць і падаць адзін аднаму рукі ў імя будучыні Еўропы”, - адзначыў іерарх, дадаўшы, што мемарыяльны комплекс Трасцянца “павінен стаць месцам паяднання і мастом для далейшага развіцця адносін паміж Беларуссю і Германіяй з мэтай будавання новай Еўропы на духоўных каштоўнасцях, любові да бліжняга і ўзаемаразумення”.
“А гэтага так нам не хапае. Не трэба далёка хадзіць. Наш паўднёвы сусед Украіна, з яе больш чым тысячагадовай гісторыяй хрысціянства і гісторыяй мірнага суіснавання людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, сёння стала месцам узброенага супрацьстаяння”, - заўважыў арцыпастыр.
Мітрапаліт нагадаў, што Мінск стаўся пляцоўкай па мірным вырашэнні ўкраінскага канфлікту: “дзякуючы гэтаму спыніліся маштабныя вайсковыя дзеянні, аднак для поўнага вырашэння канфлікту яшчэ патрэбны новыя намаганні як міжнародных арганізацый, так і канфліктуючых бакоў”.
“Сёння мы таксама сабраліся ў Мінску, каб успомніць Трасцянецкую і іншыя падобныя трагедыі. Сёння з Мінска плыве новае пасланне народам Еўропы і ўсяго свету: ніколі больш вайны, ніколі забойства людзей, ніколі насілля. Замест гэтага няхай будзе мір, узаемная любоў і пашана адзін да аднаго”, - падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў надзею, што гэтае мерапрыемства “зверне яшчэ большую ўвагу міжнароднай супольнасці на неабходнасць будавання мастоў паміж людзьмі розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў, сацыяльных і палітычных поглядаў”, “надасць новы імпульс развіццю адносін паміж Беларуссю і Германіяй”, “каб нас злучала не толькі прыналежнасць да еўрапейскіх народаў, але перад усім заўсёды актуальныя духоўныя каштоўнасці”.
Мемарыяльная паездка ў Трасцянец “Памятаем дзеля агульнаеўрапейскай будучыні”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі над фашызмам, праходзіць з 1 па 5 мая. У яе межах экскурсійная праграма для замежных і беларускіх удзельнікаў на 2 мая ўключыла паездку ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, наведванне моладзевага цэнтра ў Жодзіне, паездку ў Бабруйск, экскурсію па гістарычных месцах Мінска, сустрэчы са сведкамі ваенных падзей, наведванне сацыяльнага цэнтра ў прыходзе “Усіх смуткуючых радасць”. Праграма мерапрыемства на 3 мая ўключыла экскурсію ў Трасцянец і сустрэчу “Шляхі ўзаемаразумення паміж немцамі і беларусамі”.
4 мая запланаваны сустрэчы на тэмы “Трасцянец у агульнаеўрапейскай памяці”, “Успаміны пра Трасцянец людзей з розных еўрапейскіх краін”, “Перспектывы агульнаеўрапейскай культуры памяці: вопыт германска-польска-беларускага ўзаемаразумення”, “Супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятыў і дзяржавы ў сферы сацыяльнай працы са сведкамі ваенных падзей”. 5 мая плануецца прыняцце сумеснай заявы “Трасцянец у еўрапейскай памяці”.
Удзельнікі мерапрыемства – тыя людзі, чые родныя загінулі ў Трасцянцы, прадстаўнікі Цэркваў, грамадскіх ініцыятыў, навукоўцы з Германіі і Беларусі, прадстаўнікі Аўстрыі, Чэхіі, Ізраіля, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. (AG)
|