Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
5 мая споўнілася 70 гадоў біскупу Казіміру Велікасельцу
Іерархі
05.05.2015 10:01

5 мая святкуе сваё 70-годдзе дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Зараз біскуп жыве і служыць у Гомелі. Яго пакліканне нарадзілася ў сям’і, можа, з малітваў бабулі, можа, з той ночы, калі бацька вёз яго да Першай Камуніі ў Кобрын за 60 км, можа, з разважанняў і малітваў, якія слухалі віленскія вулачкі, можа, нарадзілася і адраджаецца ў словах удзячных людзей, якім ён працягвае адкрываць Бога, адсланяючы атэістычную фіранку, якую забыліся зняць дагэтуль яшчэ з савецкіх часоў...

Пакліканне, пачаткі якога з сям’і: бабуля і тата

«Фундаментам усяго была бабуля — татава мама, якая з’яўлялася тэрцыяркаю (належала да Трэцяга ордэну св. Францішка). У яе было чацвёра сыноў, калі памёр яе муж. Старэйшаму сыну было 18 гадоў, а малодшаму — 7. Усё сваё жыццё пасля смерці мужа яна прысвяціла Богу і дзецям.

Яна была вельмі набожнай жанчынай. Час быў вельмі складаны. 1914 год — пачатак Першай сусветнай якраз.

Самым малодшым сынам аказаўся мой тата, і я адпаведна быў яе самым малодшым унукам», — распавядае біскуп Казімір Велікаселец.

«У адной праграме неяк прагучала, што чалавек можа накопліваць дабро і зло, якія могуць перадавацца па спадчыне, — прыгадвае біскуп. — Быць можа, бабуліны малітвы, складаная праца, годнае выхаванне чатырох сыноў сталі фундаментам майго паклікання».

Але таксама было важна і тое, што ў бацькоўскім доме вялікая ўвага надавалася рэлігійнаму жыццю і выхаванню.

Як прыгадвае біскуп, тата сам падрыхтаваў яго да першай споведзі і Камуніі, і, як толькі з’явіліся святары, якіх не было да 1954 года, адразу павез хлопчыка ў бліжэйшы касцёл у Кобрын.

Трэба было ехаць 60 кіламетраў, таму, каб паспець у касцёл на восем раніцы, яны разам з татам выехалі ў дзве гадзіны ночы.

Таксама біскуп прыгадаў, што ў бацькоўскім доме вялікае месца надзялялася малітве, асабліва «Гадзінкам», спеў якіх нібыта дагэтуль гучыць: «Пачынайце вусны нашы...»

У сям’і слухалі радыё «Вольная Еўропа», дзе можна было пачуць святую Імшу, якую транслявалі эмігранты з Парыжа і Лондана. Спачатку слухаць хадзілі да суседзяў, а потым радыёлу набыў сам Казімір і ўжо слухалі дома.

«Я так прызвычаіўся да Імшы, што ўжо не хацеў слухаць яе па радыё, я хацеў быць там, адкуль яна транслюецца», — кажа біскуп.

Яшчэ да таго, як пайсці ў армію, будучы іерарх вывучыў на памяць Літанію да Маці Божай Ларэтанскай, якой маліўся двойчы на дзень: раніцай і ўвечары. У нядзелю, як сказала маці, калі Казімір адыходзіў на службу, «хоць на пальцах маліся на ружанцы», то ён і маліўся так замест Імшы.

Як шлях павёў на Вільню

Калі Казімір служыў у войску, то разам з ім служыў хлопец з Вільні — Ежы. Казімір падзяліўся з ім сваімі думкамі, што хацеў бы быць там, дзе б можна было маліцца. І Ежы прапанаваў сябру ехаць з ім у Вільню, дзе на той час было найбольш адчыненых касцёлаў ва ўсім СССР — ажно дзевяць.

Казімір Велікаселец паехаў у Літву, жыў там у інтэрнаце для будаўнікоў у дастаткова складаных умовах, наведваў касцёлы, дзе Імшы былі на дзвюх мовах: на літоўскай і польскай. Казімір вывучыў польскую мову і ўжо разумеў, што казалі святары з амбоны. Пасля кожнай Імшы ён ішоў дадому і разважаў пра тыя словы, якія пачуў на Імшы. У той час не было літаратуры, таму адзінай крыніцай было пачутае Божае Слова, гаміліі і ўласныя разважанні.

Праз некаторы час Казімір стаў міністрантам у касцёле Святога Духа. На той час пробашчам там працаваў кс. Павел Бекеш, які і накіраваў яго ў духоўную семінарыю ў Рыгу, дзе падрыхтоўвалі святароў для працы ва ўсім саюзе.

Пасля прэзбітэрскага пасвячэння на працягу сямі гадоў ксёндз Казімір Велікаселец працаваў у Ішкалдзі, потым у Баранавічах, Брэсце, Пінску.

Біскуп Казімір Велікаселец знаходзіўся ў Пінску якраз тады, калі кардынал Казімір Свёнтэк ужо месяц як не прыходзіў у сябе. Гэты месяц вялася падрыхтоўка таго месца, дзе зараз спачывае цела кардынала — крыпта ў катэдры.

Шмат працы біскупа Казіміра Велікасельца было прыкладзена да таго, каб арганізaваць годнае развітанне з кардыналам.

Пасля пінскага перыяду распачаўся гомельскі, бо зараз біскуп жыве і нясе паслугу ў гэтай частцы Беларусі.

Хто чуў гаміліі біскупа Казіміра Велікасельца, прыгадвае адразу, што яны адметныя цытатамі з навуковых і мастацкіх кніг. Гэтая любоў да слова, да кнігі не проста захапленне — гэта адзін са спосабаў сказаць, што вялікія і аўтарытэтныя людзі знаходзілі месца для Бога таксама. Гэта аргументы, гэта факты, якіх так патрабуе сучасны чалавек.

Біскуп Казімір Велікаселец яшчэ ў часы панавання матэрыялістычнага атэізму паставіў сабе за мэту знаходзіць кнігі і тыя працы, дзе б навукоўцы гаварылі пра Бога, і паказваць гэта іншым.

Аўтарытэт нумар адзін — Біблія, а таксама розум і інтуіцыя


Біскуп часта цытуе Эйнштэйна, Ньютана, Мендзелеева і інш., у сцверджаннях якіх ён паказвае іх погляд на Першапрычыну ўсяго існага, якая сцвярджае Божы першапачатак.

Кніга «Жыццё з Богам»

«У кнізе «Жыццё з Богам», дзе я сабраў меркаванні і думкі розных аўтараў, я хацеў паказаць, як чалавек без прадузятасці, цвяроза і спакойна прыходзіць да Бога. Гэтую кнігу я прызначыў для інтэлігенцыі, можа быць, майго пакалення, якая фармавалася ў гады атэізму.

Таксама будзе перавыдадзена кніга «Усе думаюць адно і тое, што Бог існуе». Я думаю, што для гэтага свету, які так накіраваны на матэрыяльнае, гэта адпаведная літаратура», — кажа біскуп.

«Дзякуй, святар!» — словы, якія не забываюцца

Таксама біскуп прыгадаў, як аднойчы, калі ён працаваў у Баранавічах, да яго прыехаў мужчына з Кіева, якому ён распавёў пра асновы рэлігіі, прывёў аргументы існавання Бога, пазнаёміў з запаведзямі. А пасля таго, як яго ахрысціў і абвянчаў, пачуў наступныя словы: «Дзякуй, святар! Цяпер у святле рэлігіі я яшчэ лепш усведамляю свае дакладныя навукі, якія выкладаю ў Акадэміі». «Гэта былі такія прыгожыя словы, якія я ніколі не забудуся», — адзначыў біскуп.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію