Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ, прыняў удзел у канферэнцыі прадстаўнікоў епіскапатаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы на тэму сітуацыі сям’і ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў сувязі з падрыхтоўкай да восеньскага Сінода Біскупаў, прысвечанага сям’і. Канферэнцыя праходзіла 11-12 мая ў Братыславе (Славакія).
У межах канферэнцыі беларускі іерарх выступіў з дакладам на тэму «Сітуацыя сям’і ў Беларусі».
У дакладзе біскуп, між іншым, распавёў пра дзейнасць беларускай дзяржавы на карысць сям’і ў апошнія гады, якую падтрымлівае Касцёл. Іерарх нагадаў, што дзяржава выкарыстоўвае розныя метады павышэння паказальніку нараджальнасці (у тым ліку фінансавая дапамога пры нараджэнні дзіцяці, дадатковая матэрыяльная падтрымка пры нараджэнні другога і чарговага дзіцяці, уведзеная ў 2015 г., сям’я атрымлівае статус шматдзетнай пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, калі пры гэтым мае іншых дзяцей ва ўзросце менш за 18 гадоў, і інш.).
Біскуп дадаў, што дзяржава ў Беларусі актыўна падтрымлівае шматдзетныя сем’і (у тым ліку выдзяляецца фінансавая дапамога на будаванне дома, рамонт ці набыццё памяшкання, дзеці з вялікіх сем’яў маюць права на бясплатнае харчаванне ў школах, бясплатныя падручнікі і іншую дапамогу).
Іерарх адзначыў таксама, што «Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква ў Беларусі прапанавалі дзяржаве сваю дапамогу ва ўмацаванні духоўнага і маральнага фундаменту сям’і, у адраджэнні сямейных каштоўнасцяў, абароне мацярынства і найслабейшых».
Біскуп Антоні Дзям’янка азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі таксама з дзейнасцю Каталіцкага Касцёла на карысць сям’і ў Беларусі. Іерарх распавёў, што ў 1999 годзе Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі стварыла арганізацыйную структуру «Душпастырства сем’яў» на чале з Радай па справах сям’і.
Біскуп прадставіў ініцыятывы Рады па справах сям’і пры ККББ, сярод якіх штогадовая агульнанацыянальная пілігрымка сем’яў у беларускія санктуарыі, заняткі і рэкалекцыі для сямейных дарадчыкаў, «Школа сямейнага жыцця» ў Гродне і Мінску, акцыі абароны жыцця ў публічных месцах, пашырэнне прасямейных рухаў, арганізацыя навуковых канферэнцый, прысвечаных сям’і, удзел у Сусветных сустрэчах сем’яў, якім папярэднічае духоўная падрыхтоўка, адукацыйна-выхаваўчая праца ў школах, падрыхтоўка нарачоных да сужэнства.
Іерарх нагадаў, што на карысць сем’яў, якія знаходзяцца ў патрэбе, асабліва шматдзетных, дзейнічае дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» у кожнай дыяцэзіі. Аказваецца фінансавая дапамога найбяднейшым сем’ям.
Таксама біскуп адзначыў, што ў Беларусі існуюць два каталіцкія выдавецтвы — «Pro Christo» ў Мінску і Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі ў Гродне — якія між іншым публікуюць кнігі і брашуры на сямейную тэматыку. (AG)
|