Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва, моцная сям’я, праца з моладдзю: біскуп Юзаф Станеўскі ў якасці назіральніка прыняў удзел у пасяджэнні епіскапату Італіі
Іерархі
21.05.2015 18:03

Прывіць вернікам імкненне да пазнання Евангелля — менавіта гэта павінна стаць адным з галоўных прыярытэтаў у штодзённай працы Касцёла ў Беларусі, лічыць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх у якасці назіральніка прыняў удзел у пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якое завяршылася ў Ватыкане 21 мая.

Традыцыю запрашаць замежных гасцей італьянскі епіскапат мае даўно. Для беларускіх іерархаў удзел у такім высокім форуме — не толькі павага, але і ўнікальная магчымасць запазычыць нейкія моманты для працы ў мясцовай Канферэнцыі Біскупаў, а таксама ідэі для развіцця Касцёла ў Беларусі.

Магчыма, больш, чым ад каго, такіх ініцыятыў сёння чакаюць ад маладых іерархаў, якім увогуле прыйшлося за мінулы год шмат разважаць над сэнсам біскупскага служэння, выказаў думку біскуп Юзаф Станеўскі. «Важна, каб часам нехта першы зрабіў крок, каб даў напрамак іншаму чалавеку. Якім павінен быць біскуп? Раней крыху чыталі, ведалі з кананічнага права, іншых дакументаў. Але літара — ёсць літара, а жыццё — зусім іншае. Гэта калі чалавек адчувае вельмі вялікую адказнасць за тое, што гаворыць, як гаворыць і як паступае. І таму ёсць яшчэ шмат працы, шмат трэба разважаць, каб тое, чаго патрабуе ад нас Касцёл, было рэалізавана».

«Таму прашу ўсіх аб малітве за беларускі епіскапат, таксама за маладых біскупаў, каб у нашай краіне былі тыя, хто абвяшчае Евангелле і нясе радасць Евангелля беларускаму народу», — адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі.

Тэма абвяшчэння Евангелля з радасцю праходзіла чырвонай ніццю падчас пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Разважанні над першай адгартацыяй Папы Францішка «Evangelii gaudium», асэнсаваныя ў сэрцы Паўсюднага Касцёла, стануць добрым урокам і для прадстаўнікоў іншых краін, прысутных на форуме, якія прынясуць гэтыя думкі ў мясцовыя Касцёлы.

Тым, што адразу кінулася ў вочы беларускаму іерарху, які ўпершыню стаў пасланнікам на пасяджэнні, стаў колькасны склад італьянскага епіскапату — каля 200 іерархаў, але, па слoвах біскупа, нягледзячы на гэта, бачна добрая арганізацыя форума і ўвогуле Канферэнцыі: кожны адказвае за сваю частку працы. Важна, лічыць біскуп Станеўскі, каб не толькі іерархі асэнсавалі дакументы Апостальскай Сталіцы і Святога Айца, але і каб звычайныя вернікі змаглі атрымаць гэтую інфармацыю ў зразумелым выглядзе, напэўна, і праз медыя, і праз духавенства ў парафіях. І гэта рэцэпт набліжэння “іерархічнага” і “дактрынальнага” Касцёла да народа.

Гледзячы на пытанні, якія гучалі на форуме, беларускі іерарх вызначыў таксама і некалькі выклікаў, што сёння стаяць на першым плане ў працы Касцёла ў Беларусі: малітва, моцная сям’я, праца з моладдзю.

«Трэба нашых людзей, асабліва моладзь, навучыць маліцца, адкрываць слова Божае, каб яны маглі выбраць свой шлях, знайсці сваё месца ў жыцці, каб быць сапраўды Чалавекам, веруючым чалавекам. Вялікую ўвагу трэба надаць сям’і. Калі будуць моцныя сем’і, моцныя Богам, верай і любоўю адзін да аднаго, тады праз бацькоў будзе выхоўвацца будучыня нашага народа і Касцёла», — лічыць іерарх.

Увогуле, гэтым пытанням y Касцёле ў Беларусі і зараз надаецца вялікае значэнне. Але ўдзел у італьянскім форуме яшчэ раз падкрэсліў — гэты шлях сёння важны і правільны.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію