26 мая на базе Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХІ Міжнародных Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў на тэму «Праваслаўныя каштоўнасці ў сучаснай беларускай культуры», прымеркаваных да 1000-годдзя смерці св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра. У адкрыцці чытанняў прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У прывітальным слове Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу, што вялікі князь Уладзімір шануецца не толькі ў Праваслаўнай Царкве, але і ў Каталіцкім Касцёле. Арцыбіскуп дадаў, што «Бог падрыхтаваў князю Уладзіміру гістарычную місію хрышчэння Кіеўскай Русі, у выніку чаго народы Усходу далучыліся да Хрыста і атрымалі Евангелле».
Па словах Мітрапаліта, нядаўні юбілей 1025-годдзя хрышчэння Русі яшчэ раз «пацвердзіў непахіснасць вучэння Хрыста — адзінага Збаўцы свету».
Арцыпастыр адзначыў, што «сёння, у часы новых выпрабаванняў, якім падвержана хрысціянства», неабходна «разам вярнуцца да спадчыны святога Уладзіміра з мэтай абароны хрысціянскіх каранёў нашай зямлі і Еўропы, якая, на вялікі жаль, ад іх адмаўляецца». ![](/2/images/stories/2015-05-26-tk.jpg)
Арцыбіскуп падкрэсліў, што сёння перад хрысціянамі «з новай сілай стаіць шэкспіраўскае пытанне: «To be or not to be» – «Быць не быць» хрысціянству», і адказаць на гэтае пытанне можа дапамагчы культура. «Корань слова «культура» – «культ», што кажа аб тым, што культура павінна мець духоўнае вымярэнне», — сказаў Мітрапаліт.
Іерарх нагадаў, што «беларуская культура наскрозь пранікнута хрысціянствам, як заходнім, так і ўсходнім», і «гэта з’яўляецца нашым нацыянальным здабыткам», якім трэба «ганарыцца, яго аберагаць, развіваць і ні ў якім разе не дапусціць эрозіі элементаў традыцынай беларускай культуры і ў канчатковым выніку падмены іх амаральнымі».
Мітрапаліт выказаў надзею, што ХХІ Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні ўнясуць уклад у евангелізацыю культуры, стануць «новым крокам для новага ўспрыняцця агульных для нас хрысціянскіх каштоўнасцяў, іх прыняцця і сведчання ў штодзённым жыцці». ![](/2/images/stories/2015-05-26-tk2.jpg)
XXI Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні праходзяць у Мінску 21-27 мая. Як паведамляе афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, удзел у іх прымаюць прадстаўнікі навуковай і культурнай грамадскасці, кіраўнікі навукова-метадычных і адукацыйных устаноў, выкладчыкі, аспіранты і студэнты дзяржаўных і царкоўных устаноў адукацыі, прадстаўнікі духавенства.
Праблемнае поле чытанняў — духоўнае адраджэнне грамадства: праблемы і перспектывы; сацыяльная місія Царквы ў сучасным свеце; рэлігійныя каштоўнасці ў кантэксце свецкай адукацыі.
Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні — штогадовая міжнародная канферэнцыя, якая праводзіцца на базе Інстытута тэалогіі БДУ пры ўдзеле Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мятода і Кірыла. (AG) Фота Аляксандра Мізея, church.by
|